Общество
Анастасія Зелянкова

“Мы гаворым пра тое, што нас аб’ядноўвае. І гэта не толькі сінія пашпарты”

Кампанія “Будзьма беларусамі!” сабрала пад сваім сцягам выбітных мастакоў, пісьменнікаў, музыкантаў, грамадскіх і культурных дзеячаў. Як навучыць беларусаў быць беларусамі, не апранаючы лапці, чаму не магчыма аб’яднаццца вакол поп-культуры і хто павінен ствараць пазітыўны імідж Беларусі за мяжой, расказала “Салідарнасці” старшыня Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

— Чаму менавіта “Бацькаўшчына” выступіла ініцыятарам такой кампаніі?

-- Цягам дзейнасці нашай арганізацыі, а “Бацькаўшчына” існуе ўжо каля 18 гадоў, мы сутыкнуліся з такой праблемай, што нашы суайчыннікі, якія выязджаюць жыць за мяжу, губляюцца для Беларусі. Не такая вялікая колькасць з іх далучаецца да асяродку беларускай дыяспары. Звычайна за мяжой яны нацыянальна не ідэнтыфікаваныя, яны не носьбіты беларускай культуры. Калі і збіраюцца разам, то па нейкіх прафесійных прыкметах ці інтарэсах, святкуюць савецкія святы кшталту 8 сакавіка, 23 лютага і 7 лістапада. Але ні валоданне мовай, ні агульныя культурныя каштоўнасці іх не аб’ядноўваюць.

За апошнія гады выехала шмат выпускнікоў нашых навучальных устаноў — яны фактычна страчаныя для Беларусі. А гэта вялікі патэнцыял беларускай нацыі, гэта тыя людзі, якія маглі б ствараць пазітыўны імідж Беларусі за мяжой, быць нашым брэндам.

Па-другое, сёння Беларусь нібы дзеліцца на дзве краіны. Адна – рускамоўная, якая жыве нейкімі сваімі каштоўнасцямі, другая – беларускамоўная, у якой развіваецца мова, культура, ствараюцца сучасныя творы мастацтва, літаратуры. І вось гэтая рускамоўная Беларусь фактычна нічога не ведае пра беларускамоўную.

Больш за тое, сёння беларуская мова з’яўляецца нават элементам палітычнага падзелу. Мы лічым гэта няправільным і хацелі б вывесці беларускую мову з палітычнай сферы.

Мэта кампаніі – гэта культурная кансалідацыя беларусаў, гэта іх ідэнтыфікацыя менавіта на глебе ведання гісторыі, ведання культуры. Фактычна праз гэта прайшлі ўжо ўсе постсавецкія краіны. А вось беларусы чамусьці апынуліся ў канцы. На сённяшні дзень такі падмурак для кансалідацыі не створаны. Ім не выступіла ні рэлігія, ні іншыя грамадскія праекты.

— Няўжо ў межах адной кампаніі можна навучыць беларусаў быць беларусамі?

— Гэтая кампанія доўгатэрміновая, і мы не чакаем, што ўсё будзе лёгка і проста. Але, тым не менш, агульнымі намаганнямі можна дасягнуць шмат чаго. Мы ўжо аб’ядналіся са многімі арганізацыямі, якія працуюць у сферы культуры – гэта і Таварыства беларускай мовы, і Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Кампанія стартавала ў кастрычніку (хаця ідэя яе ўзнікла яшчэ ў канцы 2007 года), і нам вельмі прыемна, што за гэты час да нас далучылася яшчэ вельмі багата грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія таксама хочуць працаваць у гэтай сферы і прыходзяць са сваімі прапановамі і ідэямі.

— Што робіцца ў межах гэтай кампаніі?

-- Лозунг нашай кампаніі -- “Будзьма беларусамі”! Гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі”. Падкрэслю, што кампанія не палітычная, а культурная.

Мы імкнемся паказаць, што беларуская культура з’яўляецца сучаснай. Бо яшчэ ў савецкія часы існаваў міф, які і сёння па нейкай старой звычцы падтрымліваецца дзяржаўнымі сродкамі інфармацыі, міф, што наша культура – гэта выключна фальклор.

Элементы нацыянальнай беларускай культуры ў многіх падсвядома асацыююцца з мінулым, з чымсьці адсталым. Таму людзі кажуць: так, ёсць гісторыя, мы яе паважаем, але мы жывем сённяшнім, мы хочам ісці наперад, нам цікава тое, што модна, і мы не апранем сёння лапці ды саламяныя капелюшы.

Фактычна з ведання беларусаў выпадае вялікі пласт культуры. А мы хочам паказаць, што сёння ў Беларусі ёсць і сучасная культура. Што на беларускай мове размаўляе беларуская інтэлегенцыя, на гэтай мове ствараецца вельмі многа сучасных кніг, твораў еўрапейскага ўзроўню, ствараюцца прадметы мастацтва.

Таму мы праз правядзенне выстаў, творчых сустрэч з нашымі пісьменнікамі, канцэрты беларускіх гуртоў хочам данесці ідэі кампаніі да людзей. У межах кампаніі адбыўся ўжо шэраг канцэртаў з удзелам Зміцера Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, прайшлі сустрэчы з Нілам Гілевічам, Эдуардам Акуліным, Леанідам Дранько-Майсюком, Генадзем Бураўкіным.

— Але ж мастакі, музыкі і пісьменнікі рабілі тое самае і па-за межамі кампаніі…

— У прынцыпе, кожны з нас, працаваў у сваім накірунку на карысць беларускай культуры. Але галоўнае, што сёння мы аб’ядналіся ўсе разам. Паказалі ўзор кансалідацыі. Зараз кожны працуе не на нейкая сваёй дзялянцы, а на агульную мэту. Мы маем агульны брэнд, агульны слоган, мы ідзем пад адным сцягам.

— Улады не ствараюць перашкодаў вашай ініцыятыве?

— За ўвесь час, што ідзе кампанія, мы не сутыкаліся з негатыўным стаўленнем уладаў – ні мясцовых, ні на вышэйшым узроўні. Часам прадстаўнікі дзяржаўных органаў прысутнічалі на нейкіх сустрэчах, але нараканняў ці забаронаў дагэтуль не было. Таму можна казаць, што перашкодаў няма. Праўда, спрыяння таксама няма.

Цікава, што наша кампанія павінна была пачацца ўвесну адначасова з дзяржаўнай кампаніяй “Мы – беларусы”. Аднак па прычыне адсутнасці фінансавых і адміністрацыйных рэсурсаў мы вымушаны былі перанесці яе на пазнейшы час – якраз, калі скончылася дзяржаўная.

Але я не хачу ніякім разам звязваць гэтыя кампаніі. Мы пайшлі значна далей. Мне цяжка ўявіць, як аб’яднаць беларусаў на глебе любові да поп-музыкі, таму што далёка не ўсе беларусы цікавяцца беларускай поп-культурай — а рэклама кампаніі “Мы – беларусы” ішла менавіта праз гэта.

Мы ж ставім больш глыбокія мэты. Мы кажам пра тое, што нас аб’ядноўвае. І гэта не толькі нашыя сінія пашпарты. Гэта нашая мова, культура, гісторыя. Мы павінны гэтым ганарыцца і на гэтым будаваць будучае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)