Скандалы
Улад Швядовіч, фота Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Мужчына задушыў былую жонку, якая выпівала, і патапіў труп

30 верасня 2016 года ў Вілейскім вадасховішчы знайшлі спартыўную сумку. У ёй быў труп мінчанкі Людмілы Ціханковай. 13 лютага 2017 года ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачаўся працэс па справе. На лаве падсудных — былы муж забітай.

Прызнаў віну

Абвінавачаны Андрэй Ціханкоў — невысокі 48-гадовы мужчына. Ён сядзіць у клетцы, счапіўшы рукі, і глядзіць перад сабой. На пытанні суддзі адказвае спакойна.

Пад вартай Ціханкоў знаходзіцца з 10 снежня 2016 года. Яго абвінавачваюць у забойстве сваёй былой жонкі Людмілы.

У Андрэя і Людмілы Ціханковых ёсць дарослая дачка Анастасія. Яна праходзіць пацярпелай. Дзяўчына папрасіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме.

«Не хачу, каб хтосьці чытаў пра гэта і пасля паказваў пальцам. Тое, што здарылася, — наша асабістая трагедыя», — патлумачыла яна.

Праўда, суддзя Анатоль Барысёнак хадайніцтва не задаволіў.

Другі пацярпелы па справе Аляксей Папкоў — брат забітай Людмілы. Ён заявіў хадайніцтва аб маральнай шкодзе. Мужчына патрабуе спагнаць з абвінавачанага 100 тысяч беларускіх рублёў.

«Я хачу для Ціханкова максімальнага пакарання. Ён забіў майго апошняга роднага чалавека. Нас раней чацвёра было, а сёння нікога не засталося», — сказаў «Нашай Ніве» Папкоў.

Па яго словах, Людмілу яшчэ не аб’явілі зніклай без звестак. Але Ціханкоў апошні час перад затрыманнем збіраў дакументы для гэтага.

Падтрымаць Ціханкова прыйшлі двое былых калег.

«Мы, па вялікім рахунку, і самі не ведаем, чаму прыйшлі. Напэўна, падтрымаць, так», — сказалі мужчыны.

Па іх словах, раней яны не здагадваліся, што іх калега здольны на падобны ўчынак.

Адвакат Ціханкова папрасіў выклікаць у суд сем сведкаў. Па яго словах, яны распавядуць пра адносіны паміж Ціханковымі і дапамогуць высветліць, што прывяло да трагедыі.

Па версіі следства, Андрэй Ціханкоў пасварыўся з жонкай 6 мая 2013 года ў сваім гаражы. Ён ударыў жанчыну некалькі разоў, пасля чаго задушыў вяроўкай.

Затым ён паклаў цела ў сумку, вывез у Чэрвенскі раён і закапаў у лесе. Але праз месяц Ціханкоў вярнуўся і выкінуў сумку ў вадасховішча.

Сваю віну Андрэй Ціханкоў прызнаў цалкам. Пасля ён распавёў пра сваё жыццё з жонкай.

Выпівала і біла дачку

Ціханкоў — былы вайсковец. З Людмілай яны пазнаёміліся ў 1994 годзе ў Шклове, куды Андрэй прыехаў падчас адпачынку. Праз год яны пабраліся шлюбам.

«У нашым сумесным жыцці былі тры вялікія этапы. Першы — добры. Людміла была добрай гаспадыняй, даглядала хату. Другі этап — калі яна працавала ў вайсковай пракуратуры і пачала ўжываць алкаголь. Вайсковае асяроддзе, шмат нагодаў… Плюс яна вучылася ў інстытуце, там то святы адзначалі, то канец сесіі, — распавёў Ціханкоў. — Трэці этап надышоў ужо праз 12 гадоў шлюбу. Людміла пачала весці сябе неадэкватна. Калі выпівала, была агрэсіўнай, сварылася і з блізкімі, і з незнаёмымі. Аднойчы нават хацела ўдарыць мяне нажом».

Таксама жанчына біла малую дачку, пачаў расказваць Ціханкоў і заплакаў.

Па словах мужчыны, Людміла спрабавала лячыцца, хадзіла і на гіпноз, і на іглаўколванне. Але яе хапала толькі на некалькі сеансаў, пасля чаго жанчына адмаўлялася працягваць лячэнне.

Ціханкоў кажа, што пра праблемы Людмілы з алкаголем ведалі ўсе: і сябры, і сваякі. У тым ліку, і яе брат Папкоў, які сёння праходзіць пацярпелым па справе.

«Я калі чуў па тэлефоне, што яна п’яная, то хадзіў вакол дома, пакуль яна не пойдзе спаць, — узгадаў Ціханкоў. — Забіраў п’яную з міліцыі… Ды ўвогуле, шмат чаго было дрэннага».

Ён кажа, спадзяваўся, што можа калі-небудзь усё наладзіцца. Не атрымалася.

Вясной 2012 года Ціханкоў з’ехаў, з Людмілай яны развяліся. У сакавіку 2013 года Андрэй ажаніўся зноў. Дачка пра гэта ведала, але ад Людмілы навіну пра новы шлюб хавалі.

Пры гэтым мужчына працягваў дапамагаць былой сям’і. Але, па яго словах, грошы, якія ён даваў, Людміла прапівала з сужыцелем. Таму, кажа Ціханкоў, дачка доўгі час жыла з ім і яго новай жонкай.

Ён некалькі разоў дапамагаў былой жонцы з працай. Але яна нідзе доўга не затрымлівалася. Пасля ён вырашыў уладкаваць Людмілу ў сваю фірму, але яна доўгі час не магла не тое, што прыйсці на сумоўе, а нават даслаць рэзюмэ.

«Я ўбачыў кроў, вочы яе шалёныя»

Па словах Ціханкова, 6 мая ён прыехаў у гараж за прыкормам — мужчына заўзяты рыбак. Людміла ведала, што ён там будзе і зайшла да яго. Была нападпітку.

«Абвінавачвала мяне, што грошай не даю… Пасля пачала расказваць пра свае праблемы, а потым паклікала мяне назад, маўляў, вяртайся».

Тады Ціханкоў сказаў, што ён ужо ажаніўся і ніколі не вернецца. Расказаў, што кахае новую жонку і спрабуе завесці з ёй дзіця. Людміла ўспыхнула — яна не ведала пра шлюб. Людміла пачала абражаць новую жонку Андрэя, пагражаць, што заб’е яе.

«Я цярпеў. Але калі Людміла сказала, што дачакаецца, пакуль мая жонка зацяжарыць… Я ўдарыў», — сказаў Ціханкоў.

Людміла закрычала, паспрабавала ўдарыць яго ў адказ металічнай балванкай, якая трапілася пад руку. Ён паспрабаваў перахапіць, балванка зачапіла твар самой Людмілы.

«Я ўбачыў кроў, вочы яе шалёныя… І спужаўся, што яна можа недзе падсцерагчы, дакрануцца хаця б да маёй жонкі… А тая — святая жанчына, якую я кахаю. А яна, Людміла, ўжо чужая мне… І яна не вылезе ўжо з гэтага балота, — праз слёзы расказаў Ціханкоў. — І маральныя заслоны, ці што там, упалі. Розум адключыўся. Адзін удар я нанёс, яшчэ…».

Людміла ўпала. Ціханкоў схапіў вяроўку, абматаў вакол шыі сваёй былой жонкі і пачаў цягнуць.

«Калі яна пачала казаць пра дзіця, пагражаць дзіцяці, якое яшчэ і не нарадзілася тады… Мужчына не выбачае такое», — блытана патлумачыў Ціханкоў.

Пасля ён не ведаў, што рабіць. Перажываў, думаў, як пра гэта сказаць сваёй жонцы? Дачцэ? Сваякам?

«Яна мне снілася»

Ціханкоў вырашыў, што выклікаць міліцыю ўжо позна. Паклаў цела ў вялікую сумку, туды ж тую балванку, занёс у машыну.

Выехаў на Магілёўскую трасу, з’ехаў у нейкі лясны масіў. Убачыў дрэва з ямай пад каранямі, паклаў туды сумку, закідаў лісцем, зямлёй. Паехаў дамоў.

На наступны дзень Ціханкоў вярнуўся ў гараж. Там заставалася сумка Людмілы, якую ён выкінуў у бліжэйшы смеццевы бак. Дакументы і тэлефон паклаў у пакет, укінуў туды камень і выкінуў у Свіслач.

«Было цяжка. Яна мне снілася… — узгадаў мужчына. — Тады я забраў сумку… Прыехаў на Вілейку, мы раней там адпачывалі… Людміла любіла тыя мясціны, я падумаў: ну, хоць так…».

Сумку ён кінуў у ваду. Спачатку яна не танула, Ціханкоў узяў нож і, па яго словах, некалькі гадзін пратыкаў тканіну, каб сумка запоўнілася вадой і нарэшце пайшла на дно.

«Мне было вельмі цяжка… Я пачаў хадзіць у царкву, спадзяваўся, што Бог дасць сілы, — сказаў Ціханкоў. — Я вельмі шкадую пра тое, што зрабіў і раскайваюся».

Нікому пра выпадак ён так і не расказаў.

У 2015 годзе ў Андрэя Ціханкова і яго другой жонкі нарадзіўся сын Ян.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)