Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

Музэй Васіля Быкава ў Бычках дагэтуль афіцыйна ня здадзены

Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. Бальшыня беларускіх музэйных устаноў абмежавана ў дзяржаўным фінансаваньні. Гэта датычыць і аднаго з самых маладых музэяў Беларусі — музэя Васіля Быкава. У Бычках, роднай вёсцы пісьменьніка на Ўшаччыне, збудаваны на месцы напаўразбуранай хаты Быкавых музэй трапіў у шэраг даўгабудаў.

Захавальніца музэю Антаніна Быкава, жонка старэйшага брата Васіля Ўладзіміравіча, расказвае, што й праз два гады пасьля афіцыйнага адкрыцьця сам будынак так і не давялі да ладу.

(Быкава: ) “У гэты музэй нічога не даюць, абсалютна. Ён нават яшчэ й ня здадзены. Не, ён адкрыты, і людзі прыяжджаюць, але афіцыйна ня здадзены”.

(Карэспандэнт: ) “А што там яшчэ не гатова?”

(Быкава: ) “Уцяпленьня на гарышчы няма (вось ужо дзьве зімы прайшлі), вокнаў здвоеных так і не паставілі. І яшчэ па дробязях: громаадвод патрэбен ды г.д. Дзякуй богу, што хоць сырасьці няма. Каб было гэтак, што калі прапаліў у хаце, а калі й не, то была б сырасьць. А раз ня паліцца зусім, — дык і нічога! Летам, як цёпла, дык дзьверы расчыняю — так праветрываецца”.

Ёсьць у Беларусі й яшчэ адзін музэй, прысьвечаны народнаму пісьменьніку Васілю Быкаву. Створаны ён на грамадзкіх асновах у Горадні намаганьнямі пэнсіянэра, вэтэрана вайны Мікалая Мельнікава.

(Мельнікаў: ) “Што тычыцца выкананьня, то мы больш-менш дасягнулі мэты. Цяпер зьвярнуліся зь лістом у гарсавет, каб яны надалі музэю дзяржаўны статус і ўзялі на сябе фінансаваньне. Але пакуль там заяўляюць, што зьбіраюць матэрыялы. Створана адмысловая камісія, якая падлічвае ўсё, што ў нас ёсьць, каб абмеркаваць пытаньне аб стварэньні музэю на сэсіі гарсавету. Калісьці яны нам абяцалі, што ў рамках праграмы “Спадчына” будзе разгледжана пытаньне аб стварэньні музэю. Але пакуль што абяцанка-цацанка, а дурню радасьць”.

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, ушаноўваць памяць выбітнага беларускага пісьменьніка ў Менску пакуль не плянуецца.

Прадстаўніца ведамства Ларыса Каткова ўдакладніла, што пасьля завяршэньня рамонту ў музэі Гісторыі беларускай літаратуры ў абноўленай экспазыцыі Васілю Быкаву “будзе нададзена значная ўвага”. Аднак жонка Васіля Ўладзімеравіча, Ірына Міхайлаўна, схільная лічыць, што больш плёну будзе ад канцэнтрацыі высілкаў на гарадзенскім варыянце музэю Быкава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)