Комментарии
Андрэй Дынько, «Наша Ніва»

Мубарак сыходзіць у няславе, без шанцаў для сына

Паводзіны сілавікоў мяняюцца, як толькі дыктатар пачынае залежаць ад іх. Але змены ўлады не было б без вуліцы.

10 лютага, у дзень калі кар’ера Хосні Мубарака, прыйшла да фінала, прычым бясслаўнага, «Советская Белоруссія» у чарговай рэдакцыйнай калонцы, прысвечанай падзеям у Егіпце, нагадала, што беларускі спецназ 19 снежня разагнаў рэвалюцыю за 7,5 хвілін. Гэтую слаўную лічбу лукашэнкаўскія СМІ паўтараюць не першы раз.

У рэальнасці беларускаму спецназу спатрэбілася на «ачыстку» Плошчы паўтары гадзіны, бо на Плошчы было ўсяго 30 тысяч чалавек, і з іх толькі 3 тысячы былі гатовы да негвалтоўнага супрацьстаяння, сабатавання дзеянняў сілавікоў. Імаверна, каб на Плошчы было 60 тысяч чалавек і з іх 10 тыс. было гатова да стаяць да канца, сітуацыя магла б развівацца іначай.

Егіпецкаму спецназу таксама было не прывыкаць да разгону апазіцыйных акцый. Але і егіпецкай апазіцыі было не прывыкаць да арганізацыі іх. І тыя, і другія мелі вопыт.

У аўторак 25 студзеня ў Егіпце адбылася энэргічная акцыя пратэсту, але яна не выходзіла за рамкі звыклага для гэтай краіны сцэнару. Сутычкі, разгон — плюс улады паспрабавалі прэвентыўна расправіцца з актывістамі егіпецкага інтэрнэта.

Апазіцыя прызначыла чарговы мітынг не на наступны, працоўны дзень, а праз 3 дні — на выхадны дзень 28 студзеня. Яна ведала, што пры кантролі ўладаў над СМІ аднаго дня мала, каб распаўсюдзіць інфармацыю і падрыхтавацца.

Улады зноў зрабілі стаўку на тых, на каго рабілі стаўку заўжды — егіпецкіх Яўсеевых і Паўлічэнак. Яны перакрылі інтэрнэт і мабільную сувязь, вывелі на вуліцы паліцыю. Аднак у той дзень аказалася, што крытычная маса пераадоленая. Спецназ не здолеў стрымаць народу, а калі стала ясна, што людзі такі прарываюцца на цэнтральную плошчу Тахрыр — сцэны на вуліцах нагадвалі менскія падзеі 25 сакавіка 2006 года, але народу было нашмат больш, — Мубарак зрабіў фатальную памылку. Ён дазволіў адкрыць па людзях агонь.

Людской масы гэта не спыніла — людзей было столькі, што яны захоплівалі ў паліцыянтаў зброю і мірная дэманстрацыя ператварылася ў хаос. Пасля перастрэлак вуліца стала некантраляванай, а нянавісць да фальшывага рэжыму — бясконцай.

Дэманстранты спалілі зненавіднае ЦК кіроўнай партыі, і толькі вывад войска на вуліцы спыніў штурм наступных будынкаў улады.

Аднак войска было войска і ва ўласны народ не страляла, бо не на тое яго вучылі, а дэманстранты таксама аказаліся мудрымі і кідалі ў БТРы не камяні, а словы братання.

Крытычная маса была пяройдзена і ў тым сэнсе, што падзеі 28 студзеня разгарнуліся не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах разлеглай краіны.

Егіпецкая апазіцыя і надалей чаргавала тактыку малых і вялікіх акцый. Гэта давала іх удзельнікам магчымасць займацца сваімі жыццёвымі справамі.

Рухавіком егіпецкай апазіцыі выступілі грамадскія арганізацыі, што абапіраліся на падтрымку ЗША. У гэтым сэнсе пракляцці «Советской Белоруссіі» трапляюць па адрасе.

Яны вылучылі вельмі памяркоўную праграму, каб далучыць да пратэстаў мусульман і хрысціян, рэлігійнае брацтва «Браты-мусульмане» і прафесійныя суполкі суддзяў, адвакатаў, медыкаў.

Лідар апазіцыі Махамед эль-Барадэі не пабаяўся вярнуцца ў краіну, дзе яго маглі чакаць рэпрэсіі.

17 дзён пратэстаў спатрэбіліся, каб сыход гаранта егіпецкай канстытуцыі стаў непазбежнасцю. Ён адчайна чапляўся за ўладу, думаў, што вулічная актыўнасць схлыне, а ён застанецца.

Долю Мубарака перакрэсліла сама сістэма псеўдадэмакратыі з псеўдавыбарамі, якую ён стварыў. Ягонае жаданне перадаць уладу сыну выклікала маўклівае непрыманне егіпецкага грамадства і палітычнай эліты — гэтаксама як у Беларусі і генералы, і настаўніцы з аднолькава маўклівым асуджэннем назіраюць кар’еру Міколкі.

Мубарак пераседзеў у сваім крэсле.

Пры дэмакратыі прэзідэнт сыходзіць у рамках сістэмы. Пры дыктатуры наступны дыктатар найчасцей выдаляе папярэдніка і ягоную сям’ю. Проста стабільнасць сістэмы таго патрабуе.

Напэўна, калі б Мубарак сышоў раней, падрыхтаваўшы запасныя аэрадромы, яму было б лягчэй кантраляваць сітуацыю. А зараз у новай сістэме ягоная сям’я страціць уплывы стопрацэнтова, а сам ён будзе вагацца між эміграцыяй і рызыкамі новага існавання.

Хоць Мубарак быў верным саюзнікам ЗША і Ізраіля, але замежныя партнёры зацікаўлены ў захаванні адносінаў, а не фігураў. Нешта падобнае праглядаецца ў цяперашняй палітыцы Масквы ў Беларусі.

Падзеі ў Егіпце запіша сабе на замежнапалітычны рахунак прэзідэнт Абама. Ён без ужывання сілы рэалізуе на Блізкім Усходзе задачы, якія прэзідэнт Буш спрабаваў дасягнуць вайной. У чацвер Абама сказаў, звяртаючыся да студэнтаў: «Што абсалютна ясна — гэта тое, што мы назіраем гістарычны паварот. Народ Егіпта патрабуе перамен. Гэта людзі розных узростаў і сацыяльных груп — але найперш маладыя людзі — новае пакаленне, ваша пакаленне, якое хоча, каб іх галасы былі пачуты — а мы хочам, каб гэтая моладзь ведала: ЗША будуць падтрымліваць арганізаваны пераход да дэмакратыі».

Змена ўлады ў Егіпце сапраўды адбылася арганізаваным шляхам, і хоць ужыццё сілы Мубаракам прывяло да некалькі дзясяткаў ахвяраў, аднак гэта няшмат, улічваючы памер краіны, тэмперамент і гвалтоўныя палітычныя традыцыі (папярэдні прэзідэнт загінуў у тэракце, значная частка насельніцтва застаецца непісьменнай).

Амерыканцы працавалі з егіпецкімі сілавікамі, свецкай чынавенскай элітай і рознымі сіламі апазіцыі, каб стрымаць усіх іх ад ужыцця сілы і каб не дапусціць радыкалізацыі апазіцыі.

Паводзіны сілавікоў мяняюцца, як толькі дыктатар пачынае залежаць ад іх.

Дыктатар ці псеўдадэмакратычна абраны прэзідэнт — розніца тут невялікая.

«Арганізаванай» змены ўлады ў Егіпце не адбылося б без вулічных пратэстаў. Яе не адбылося б і без гатоўнасці дэманстрантаў шукаць кропкі судакранання з сілавікамі, гатоўнасці апазіцыі прыняць сілавікоў як частку будучага раскладу сілаў.

Фактычна, карыстаючыся вулічным ціскам, сілавікі вырашалі, хто стане кіраваць краінай. Мубарак і прызначаны ім афіцыйны пераемнік Сулейман былі толькі кансультантамі пры гэтым, нароўні з апазіцыяй.

Егіпет — 80-мільённая махіна, частка рэгіёна з вельмі далікатным балансам сілы.

Самы знакаміты егіпецкі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат Нагіб Махфуз у сваім рамане-прыпавесці «Паданні нашай вуліцы» апісаў Егіпет у вобразе вуліцы на краі пустыні, падзеленай на кварталы-кланы, дзе пануюць сіла і грошы. Героі ўзнімаюць паўстанні, прыходзяць да ўлады, але толькі на іх асабістым этасе трымаецца справядлівасць, і пасля іх смерці ўсё вяртаецца на рэйкі дыктатуры. Карацей, гэта не «Каласы пад сярпом тваім», гэта прыпавесць з нееўрапейскім пачаткам і канцом.

І тым не менш, падзенне яшчэ аднаго псеўдадэмакратычна абранага прэзідэнта вымушае турбавацца ягоных калег-дыктатараў і натхняе ўсіх прыхільнікаў свабоды. Французскі філосаф Андрэ Глюксман з гэтай нагоды працытаваў другога філосафа: «Што б там ні адбылося, давайце вітаць перамены „з сімпатыяй, якае мяжуе з энтузіязмам“, як казаў Кант аб Французскай рэвалюцыі».

На апошніх прэзідэнцкіх выбарах Мубарак напісаў сабе 88% галасоў, а суперніку-лібералу — 7. Тыя самыя працэнты атрымлівалі на сваіх «выбарах» прэзідэнты Бакіеў і бэн Алі.

У выніку цяпер увечары плошча Тахрыр у Каіры спявае егіпецкі дзяржаўны гімн, і яго чуваць за кіламетр. Некалі і беларуская Плошча здольна заспяваць: «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)