Общество
Рыгор Буян

“Можа стацца, што беларусы стануць запісвацца ў палякі”

За апошнія 10-15 гадоў каля 400 тысяч расійскіх беларусаў адмовіліся беларусамі звацца. У прамым сэнсе: у 1980-х гадах у Расіі жылі 1200 тысяч беларусаў, колькасць якіх, паводле апошняга перапісу насельніцтва, паменшылася да 814 700 чалавек.

Такая трывожная тэндэнцыя агучаная ў Маскве на трэцім з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. З нашых дзяржаўных чыноўнікаў на форуме прысутнічалі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук і намеснік міністра культуры Валерый Гедройц. З боку грамадскасці ў Маскву ездзілі кіраўнікі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – старшыня Рады Алена Макоўская, намесніца старшыні Рады Ніна Шыдлоўская і сябра Управы Сяргей Чыслаў.

Куды зніклі амаль паўмільёна расійскіх беларусаў за апошнія гады? Разабрацца з гэтым пытаннем мы паспрабавалі разам са старшынёй Рады “Бацькаўшчыны” Аленай Макоўскай.

-- Гэта – тэндэнцыя. Такая сітуацыя характэрная не толькі для асяродка беларусаў Расіі, праблема стаіць перад усёй беларускай дыяспарай. Статыстыка недвухсэнсоўна сведчыць: ў Літве, і ў Латвіі, і ў Польшчы памяншаецца беларуская нацыянальная меншасць. І справа не толькі ў тым, што беларусы масава пакідаюць гэтыя краіны, такіх тэндэнцыяў няма – проста яны асімілююцца, раствараюцца ў карэнным насельніцтве.

У кожнай краіне памяншэнне беоларусаў адбываецца па розных прычынах, але галоўная праблема для ўсіх, адсутнасць сістэмнай работы Беларусі са сваёй дыяспарай. Нават на трэцім з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі, найперш, рабілі акцэнт на двухбаковыя стасункі паміж Беларуссю і Расіяй, на развіццё эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. Некаторыя выступоўцы падымалі на з’ездзе пытанне пра “саюзную дзяржаву”, аднак фактычна ніхто не ставіў пытанне пра праблемы самой беларускай дыяспары, і як яны павінны вырашацца на дзяржаўным узроўні ў Беларусі.

Намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук, напрыклад, выказваў заклапочанасць неаб’ектыўнам асвятленнем падзей у Беларусі з боку расійскага тэлебачання, у сувязі з чым сетка беларускага сатэлітнага вяшчання на Расію будзе пашырацца. Вельмі маляўніча спадар Слабадчук гаварыў пра любоў да Радзімы. Але намеснікам міністра не было сказана ні слова, ці будзе ажыццяўляцца падтрымка беларускіх СМІ ў Расіі, ці будзе Міністэрства інфармацыі спрыяць заснаванню беларускіх выданняў у замежжы, якім чынам будзе забяспечвацца падпіска беларускай нацыянальнай меншасці Расіі на беларускія газеты і часопісы, і ці будуць заключацца пагадненні аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем Расіі з улікам патрэб беларускай дыяспары.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў сваім выступленні толькі згадаў самы важны пры рабоце з дыяспарай дакумент, які цягам шасці гадоў знаходзіцца на стадыі разгляду і абмеркавання – праект закона “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”. Аднак суседнія краіны ўжо даўно супрацоўнічаюць са сваімі дыяспарамі на аснове дзеючых законаў і праграм.

Крыху больш за месяц таму Польскі Сейм прыняў закон “Аб карце паляка”, што дазволіць ўзмацніць супрацоўніцтва і актывізаваць дзейнасць польскай дыяспары. Больш за тое, закон вызначае пэўныя льготы для польскай дыяспары пры паступленні навучальныя ўстановы, працаўладкаванні на тэрыторыі Польшчы, прадугледжвае атрыманне бясплатных віз.

Існуюць апасенні, што частка беларускага насельніцтва, якая жыве ў памежных раёнах, будзе актыўна запісвацца ў палякі, таму што гэта будзе эканамічна выгадна, дый у дадатак адкрые выхад у Еўропу. Чаму ў такой сітуацыі бяздзейнічаюць беларускія ўлады ў адносінах ад сваёй дыяспары – незразумела.

Раз мы гаворым пра Расію, то варта адзначыць, што патэнцыял беларускай дыяспары менавіта там вельмі вялікі. Аднак адсутнасць сістэмнай падтрымкі зводзіць на нішто многія пачынанні. Мы размаўлялі з кіраўніком ФНКА “Беларусы Расіі” Францішкам Каўрыгам пра магчымасці адкрыць беларускую школу ў Маскве. Ён сказаў, што некалькі год таму аўтаномія рабіла падобную спробу, але пацярпела фіяска, бо ў Маскве, дзе жывуць дзесяткі тысяч беларусаў, не змаглі набраць дастатковую колькасць вучняў.

А праблема ў прынцыпе можа вырашыцца шляхам правядзення нармальнай інфармацыйнай, рэкламнай кампаніі, якасным наборам кадраў для школы і выдзяленнем квоты для паступлення выпускнікоў гэтай школы ў беларускія ВНУ. Але для таго патрэбна аб’яднаць намаганні дзяржавы і беларускай дыяспары.

-- А ў якой стадыі цяпер знаходзіцца законапраект “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”? Ці ёсць нейкая канкрэтыка?

-- Размовы пра прыняцце законапраекта вядуцца з 2001 года, але і сёння, напрыканцы 2007 года, пэўнасці ніякай няма, і сказаць, калі праект можа быць прыняты, немагчыма.

-- Якія крокі варта было б прыняць афіцыйнаму Мінску, каб выправіць сітуацыю? Ці мае кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” ўласны рэпэпт лячэння хваробы?

-- Найперш дзяржава павінна перастаць дзяліць дыяспару на “сваіх” і “чужых”. Многія чыноўнікі ў кулуарах адкрыта прызнаюцца, што пасіўнасць беларускай дзяржавы ў гэтай сферы тлумачыцца тым, што частка беларускай дыяспары не садзейнічае станаўленню пазітыўнага іміджу Беларусі ў свеце – маецца на ўвазе, не падзяляе палітычныя погляды кіраўніка дзяржавы. Той факт, што падобнае дзяленне паслабляе беларускую дыяспару і Беларусь у цэлым, нікога не хвалюе. А трэба, каб беларускія пасольствы, як тое прынята ва ўсім свеце, працавалі з беларускімі дыяспарамі без усялякіх палітычных перавагаў.

Другі крок – падвядзенне эканамічнай асновы пад супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, стварэнне адпаведнай сацыяльнай базы. Гаворка ідзе не пра эканамічныя адносіны паміж краінамі, а пра канкрэтныя льготы беларусам замежжа. У гэтым выпадку дыяспара не застанецца ў даўгу.

Дзяржава павінна прадэманстраваць гатоўнасць адкрыта супрацоўнічаць з беларускім замежжам – і падвесці пад гэта эканамічны базіс. Глядзіце: беларусы Літвы (мы там нядаўна былі) фактычна ўжо плоцяць тыя самыя 60 еўра за візіт у Беларусь, якіх мы так баімся пасля ўваходжання Літвы ў шэнгенскую зону: 25 еўра каштуе мнагаразавая віза ў Беларусь на паўгода, яны плоцяць за медыцынскую страхоўку, па прыездзе – плацяць за рэгістрацыю.

Вядомыя выпадкі, калі беларусы Літвы пратэрмінавалі страхоўку транспартнага сродку на 10 хвілін, прыкладам, з-за той жа чаргі на мяжы, і ў іх канфіскоўвалі машыны. Такія адносіны з боку беларускіх уладаў не могуць прымусіць беларусаў ганарыцца тым, што яны – беларусы…

На з’ездзе ФНКА “Беларусы Расіі”на нашае пытанне, ці адчуваюць беларусы гэтай краіны хоць якую падтрымку з боку Беларусі, практычна ўсе кіраўнікі адказалі адмоўна. Такія тэндэнцыі назіраюцца як у Расіі,так і ў другіх краінах, і ставяць саму беларускую прысутнасць пад пагрозу…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)