«Можа на запіс кандыдатаў такія чэргі, што апаратура ламаецца» (дапоўнена)
Кандыдату ў дэпутаты па 104 выбарчай акрузе Мінска, актывістцы грамадскай кампаніі «Гавары праўду!» Таццяне Караткевіч адмянілі запіс дэбатаў з апанентам спачатку на тэлебачанні, а потым і на радые.
– Раніцай мне патэлефанавалі з другога нацыянальнага каналу беларускага тэлебачання і паведамілі, што запіс майго выступлення, як і тэледэбаты з супернікам па 104 выбарчай акрузе, старшыней Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Міхаілам Савановічам адмяняюць з-за прычыны зламанай апаратуры, – паведамiла «Салідарнасці» Таццяна Караткевіч. – Літаральна праз гадзіну мне перазванілі і распавялі, што запісаць мяне яны здолеюць, але тэледэбаты пакуль што пераносяцца на невядомы тэрмін.

4 верасня павінны былі адбыцца мае дэбаты і на радыё. Хвіліну таму патэлефанавалі з маёй выбарчай акругі і сказалі, што там дэбаты таксама адмяняюцца. Не патлумачыўшы падставу адмены.
Актывістка «Гавары праўду!» з гумарам успрымае сітуацыю з адменай.
– Можа ў іх на тэлебачанні і радыё сапраўды такія чэргі на запіс прамоў кандыдатаў, што апаратура не вытрымлівае і ламаецца, – жартаўліва мяркуе Таццяна Караткевіч. – Прынамсі, на радыё мяне запісалі, але ж у самы апошні момант, літаральна за хвіліну да запісу, калі я настроілася на адпаведны лад, да мяне падбег юрыст і пачаў папярэджваць аб адказнасці пры парушэнні выбарчага кодэксу. Нібыта не было іншага моманту для размовы.
Кіраўнік перадвыбарчага штабу грамадскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў бачыць у пераносе запісу палітычныя матывы.
– Цудоўная апаратура ў тэлевізіёншчыкаў, калі на запіс кандыдата яна працуе, а на тэледебаты – не, – адзначыў суразмоўца. – Грамадства настолькі не давярае ўладзе, што нават калі адмена запісу сапраўды выклікана зламанай апаратурай, мы не верым гэтаму і бачым за адменай палітычныя рашэнні ўлады.
На думку кіраўніка штабу, перанос тэледэбатаў на больш позні тэрмін – нават на руку iх кандыдату:
– Галоўнае, каб гэтыя дэбаты адбыліся: чым бліжэй да дня выбараў, тым лепей. Лiчу, што ў суперніка Таццяны ёсць падставы баяцца дэбатаў, нават у запісы. Я сам хадзіў па кватэрах падчас збору подпісаў, бачыў, што людзі ўжо не вераць расказам афіцыйнай прапаганды, што ў краіне ўсё цудоўна і далей будзе толькі лепей.
Дапоўнім, што таксама БТ адмяніла запіс дэбатаў лідэра АГП Анатоля Лябедзькі і былога старшынi Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча.
Намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў так пракаментаваў interfax.by гэтую сітуацыю:
"Адмыслова пад тэледэбаты было распрацавана праграмнае забеспячэнне. У працэсе падрыхтоўкі да наступных запіса ў , мы выявілі шэраг момантаў, якія неабходна адладзіць, каб не ўзнікала пытанняў ні ў кандыдатаў, ні ў нас. Таму прынялі рашэнне правесці дадатковыя рэгламентныя работы — не больш за тое" .
Марк аў сказаў, што працы на тэлеканале "Беларусь 2" зоймуць не больш двух дзён. "Нам прыйшлося перанесці некалькі запісаў, усе астатнія пойдуць у планавым парадку", — заявіў прадстаўнік кіраўніцтва тэлекампаніі.
Ён таксама ўдакладніў, што рэгламентныя работы не адаб'юцца на графіцы трансляцыі тэледэбатаў, яны выйдуць у эфір у адпаведнасці з планам. "Для гэтага ў нас ёсць і час, і тэхнічныя магчымасці. А ўжо калі і як іх запісваць - мы вырашаем самастойна. Гэта ўнутраныя тэхнічныя пытанні, мы іх ўзгоднім з кандыдатамі, каб усе былі задаволеныя".
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное