Общество
Юрась Ускоў, «Наша Нiва»

Мову вяртаюць у метро пасля зваротаў грамадзян

Зараз ролік пра ўзаемную ветлівасць перазапісваюць па-беларуску.

Інфармацыя пра тое, што ў метро русіфікавалі аб’яву, якая заклікала саступаць месца цяжарным і людзям сталага веку, выклікала ў інтэрнэце гарачае абмеркаванне. Абураныя звужэннем сферы ўжытку мовы інтэрнэт-карыстальнікі прапанавалі збіраць подпісы за вяртанне беларускамоўнай сацыяльнай рэкламы.

Людзі скіроўвалі і індывідуальныя пісьмовыя звароты да кіраўніцтва Мінскага метрапалітэна.

— Мы атрымалі некалькі зваротаў ад грамадзян, — распавёў НН начальнік электрадэпо «Маскоўскае» Андрэй Міхайлоўскі. — Кіраўніцтва разгледзела іх, і было вырашана гэтыя звароты задаволіць. Таму зараз ролік перазапісваюць жаночым голасам, але па-беларуску. У метро вы зможаце яго пачуць праз тыдзень ці два — пакуль ролік будзе гатовы, і пакуль мы распаўсюдзім фанаграму. Мы заўжды прыслухоўваемся да меркаванняў грамадзян».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)