Профсоюзы
Анастасія Зелянкова

Мова крымiналу

У Жодзіне ў ноч на 26 кастрычніка невядомыя злачынцы выбілі шкло ў кватэры Святланы і Аляксея Лапіцкіх, якія нядаўна адстаялі права свайго сына Янкі на адукацыю па-беларуску. Гэта ўжо трэці за апошні тыдзень напад на жыллё Лапіцкіх.

18 кастрычніка вокны кватэры былі закіданыя яйкамі з чырвонай фарбай, а ў панядзелак 24-га — абстраляныя з пнеўматычнай зброі. На гэты ж раз у аконную шыбу аднаго з пакояў былі кінутыя ёмістасці з чорнай фарбай, у выніку чаго разбілася шкло. Па факце злачынства ўзбуджана крымінальная справа (арт. 339 ч.1 — хуліганства). Па словах Аляксея Лапіцкага, следства разглядае некалькі версій — ад непаладак з суседзямі да расправы па палітычных матывах. — Аднак я ўпэўнены, што ўсё гэта звязана з нашай перамогай у канфлікце з Жодзінскім гарвыканкамам. Тое, што мы дамагліся навучання Янкі па-беларуску, некаму з афіцыйных асоб вельмі не падабаецца, — кажа Аляксей Лапіцкі. — Магчыма, нас, ды і не толькі, проста імкнуцца запужаць. Злачынцы пакуль не знойдзеныя. Паводле аператыўнікаў, вядзецца следства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)