Общество
Аліна Таранік

«Мой тата міліцыянт. Што ён робіць на працы?»

Нядаўна ў сеціве з’явіліся крэатыўныя размалёўкі «Мой тата міліцыянт. Што ён робіць на працы?». Папярова-пластылінавы сшытак відавочна тлумачыць, як «па-джэнтэльменску» паводзяць сябе міліцыянты з жанчынамі, якія актыўна змагаюцца за дэмакратыю ў Беларусі.

Гэткім чынам грамадзянская кампанія «Наш дом» звяртае ўвагу, што кабетам дастаецца ад «праваахоўных» ворганаў не меней, чым мужчынам.

– Сама ідэя нарадзілася, калі мы заўважылі, што жанчыны (журналісткі, праваабаронцы, палітыкі) больш падвяргаюцца рэпрэсіям падчас арыштаў і затрыманняў, паколькі апроч збіцця ёсць яшчэ і пастанныя пагрозы сэксуальнага характару. Кажу гэта як чалавек, які сутыкнуўся з такім стаўленнем мужчын-міліцыянтаў на ўласным досведзе, – патлумачыла «Салідарнасці» Вольга Карач, адна з ініцыятарак кампаніі.

Дарэчы, пад кожным малюнкам размалёўкі месціцца вытрымка з інтэрв'ю адной са збітых ці напужаных міліцыянтамі жанчын.

«Усплёск гвалту назіраўся падчас прэзідэнцкіх выбараў (у пачатку 2006, у канцы 2010). Самыя распаўсюджаныя тыпы гвалту – неабгрунтаваныя затрыманні, арышты са збіццём, штрафы, палітычна матываваныя звальненні з працы, школы ды ўніверсітэта», – паведамляецца ў апісанні кампаніі.

Сапраўды з кабетамі беларускія сілавікі абыходзяцца не надта ласкава. Да прыкладу, затрыманую 19 снежня Вольгу Карач міліцыянт тры разы ўдарыў па твары, акрамя таго пагражаў згвалтаваць. Маі Абромчык, якая таксама знаходзілася на плошчы ў той дзень, раструшчылі костку голені, а пасля збіцця патрабавалі, каб яна самастойна паднялася. У РАУСе Кастрычніцкага раёну збівалі затрыманую Крысціну Шацікаву.

Праект з размалёўкамі праходзіць у межах кампаніі «Асцярожна, міліцыя!», якую актывісты «Нашага дома» распачалі напрыканцы ліпеня. Мэта кампаніі – распаўсюд размалёвак, перадусім, дзецям міліцыянтаў. Актывісты плануюць даслаць папяровы варыянт па пошце тысячам міліцыянтаў, якія ёсць у іх базе, раздаваць яго каля дзіцячых садкоў для дзяцей бацькоў, што працуюць у праваахоўных ворганах, ды, уласна, распаўсюджваць у саміх РАУС. Таксама атрымаць размалёўку змогуць усе жадаючыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)