Моднічаў, сябраваў з сынам Крапівы: цікавыя факты з жыцця Жарэса Алфёрава

Акадэмік Жарэс Іванавіч Алфёраў, выбітны фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі памёр сёння апоўначы на 89 годзе жыцця.

«Наша ніва» успомніла пару фактаў з жыцця нашага суайчынніка.

Нарадзіўся ў Віцебску да вайны

Алфёраў нарадзіўся ў 1930-м у змяшанай сям'і: маці была габрэйкай, бацька — беларусам. Ад немцаў яны вымушаныя былі ўцякаць у Свярдлоўскую вобласць. Пасля вайны вярнуліся, але не ўсе — старэйшы брат Жарэса загінуў на фронце.

Жыў на Старажоўцы і сябраваў з сынам Крапівы

Сын Кандрата Крапівы Ігар у школьныя гады сябраваў з будучым нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым, сваім суседам. Дом, у якім пасялілася пасля вайны сям’я Алфёравых, знаходзіўся на рагу Мопраўскай (цяпер Камуністычная) і няіснай ужо Маладзечанскай вуліц, за сучаснай Старажоўскай. Цяпер там Дом Масквы и гатэль «Беларусь».

Жарэс Алфёраў успамінаў, як пазіраваў Ігару для экзаменацыйнай работы ў Акадэмію мастацтваў: «Працаваў над партрэтам два тыдні, за гэты час я, голы па пояс, прачытаў усяго Шэкспіра (у іх дома быў поўны збор твораў). Напэўна, мой аголены торс камісію не ўразіў — Ігара не прынялі (праз год ён паступіў ужо на архітэктурны факультэт)».

Цікава, што на Старажоўцы жыла — і жыве — Святлана Алексіевіч — іншы нобелеўскі лаўрэат.

Модна апранаўся

У рамане Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» малады Жарэс Алфёраў апісваецца так: «быў стылягам, насіў порткі-дудачкі ды стракатую кашулю з малпамі».

На дарогу да Нобеля яго вывелі ў мінскай школе

Жывучы на Старажоўцы, Алфёраў хадзіў вучыцца ў 42-ю школу, цяпер — гімназію на Камсамольскай вуліцы.

Фізіку выкладаў Якаў Барысавіч Мельцэрзон.

Якаў Мельцэрзон

Гэтага чалавека Алфёраў часта згадваў у інтэрв'ю, падкрэсліваючы, што менавіта ён захапіў школьніка фізікай, а з ростам ведаў — і электронікай.

«Я таксама вучыўся ў Мельцэрзона і добра памятаю ўсмешлівае шкадаванне ў вачах за акулярамі з тоўстым шклом, з якім ён выводзіў мне выратавальны «траебан», як мы тады называлі адзнаку «здавальняюча». На вучняў, што атрымлівалі ў яго «выдатна», я глядзеў не тое што з зайздрасцю, а як на іншапланетных істот, якім падуладны неабсяжныя таямніцы», — пісаў ва ўспамінах Сяргей Ваганаў, які скончыў тую ж школу, і вучыўся ў таго ж настаўніка фізікі.

Пачаў вучыцца ў Беларусі, але зрабіў кар'еру ў савецкай Расіі

Пасля школы Алфёраў паступіў у БНТУ (Палітэх), але адвучыўся толькі год і за бацькамі паехаў у тагачасны Ленінград, дзе скончыў электра-тэхнічны інстытут.

Алфёраў у 1959 годзе

Пасля ён трапіў у аўтарытэтную лабараторыю фізіка-тэхнічнага інстытута АН СССР і пайшоў далей: абараніў кадыдацкую, доктарскую. Узначаліў інстытут, заваяваў шэраг прэмій.

У сваім даследаванні паўправаднікоў зайшоў так далёка, што зрабіў рэвалюцыю ў гэтай сферы і стаў акадэмікам і нобелеўскім лаўрэатам.

Першыя палітычныя амбіцыі пахаваў распад СССР

Паралельна з навуковай дзейнасцю Алфёраў спрабаваў сябе і ў грамадска-палітычнай. Ён стаў народным дэпутатам СССР у 1989 годзе, але тут разваліўся Савецкі Саюз…

Да канца жыцця Алфёраў заставаўся зацятым камуністам, быў сябрам КПРФ.

Прафесійны фізік вельмі туманна ўяўляў сабе заканамернасці ў іншай сферы — эканоміцы.

«Тое, што Савецкі Саюз разваліўся, яшчэ не кажа пра перавагі рынкавай эканомікі над планавай», — думаў Алфёраў.

СССР ён лічыў з'явай, якая «стрымлівала сусветны капіталізм».

Быў у базе «Міратворца»

Алфёраў трапіў у вядомы «спіс Міратворца» — украінскага сайта, які занатоўвае звесткі пра сепаратыстаў і «агентаў Крамля». Яму ставілі ў віну наведванне акупаванага Крыма і апраўданне агрэсіі Расіі ва Украіне.

Хваліў Лукашэнку за «стаўленне да дасягненняў савецкага часу»

«Пасля 1991 года ў Беларусі пайшла такая ж рабаўніцкія прыватызацыя, як у Расіі, рускую мову выгналі са школ, а ўся дзяржаўная сімволіка — сцяг, герб і г.д. — капіявалі так званую Беларускую Народную Рэспубліку, якая была абвешчана ў час акупацыі Беларусі немцамі ў 1918 годзе. І дзень яе абвяшчэння абвясцілі дзяржаўным святам — Днём незалежнасці», — сказаў неяк Алфёраў.

Гэта не адпавядала рэчаіснасці, бо 25 сакавіка, калі была абвешчана незалежнасць БНР, ніколі не лічыўся ў Беларусі Днём незалежнасці, у 90-я Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня.

«А Лукашэнка вярнуў савецкую сімволіку, зрабіў рускую мову другой дзяржаўнай, і Дзень незалежнасці вырашана было адзначаць у дзень вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у 1944 годзе. Лукашэнка так і сказаў: Беларусь стала незалежнай дзякуючы Чырвонай Арміі. Я лічу, што найвялікшае свята і сапраўдны Дзень незалежнасці для Расіі — 7 лістапада. І хай ён да нас вернецца», — заклікаў Алфёраў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(12)