Моцныя і упэўненыя так не мітусяцца. Чаму ўлады скасавалі мегамітынг
Палітолаг Валер Карбалевіч на Радыё Свабода – пра тое, навошта ўлады хацелі зладзіць імітацыю народнай паддрымкі.
– Толькі калі народ выйшаў на вуліцу, улада апамяталася. І пачала рабіць тое, чаго ня толькі не рабілі чвэрць стагодзьдзя, але і з чым змагаліся. То бок уключыла рэжым мабілізацыі сваіх прыхільнікаў, – піша Карбалевіч. – Атрымалася непераканаўча.
Колькасьць людзей, якіх улады маглі загнаць на праўладныя мітынгі, была несувымернай з колькасьцю добраахвотных удзельнікаў пратэсту. Вядома, што калі інструмэнт доўгі час не ўжываецца, то ён іржавее.
І самае галоўнае. Вось пракурор Менску Алег Лаўрухін у эфіры тэлеканалу СТБ 18 кастрычніка заявіў, што праўладныя мітынгі не падпадаюць пад дзеяньне закону «Аб масавых мерапрыемствах», бо яны арганізуюцца з ініцыятывы дзяржаўных органаў. Ніякага асаблівага сакрэту ён не адкрыў, аднак прызнаньне адметнае.
То бок праўладныя мітынгі праводзяць улады, мабілізучы супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату і часткова бюджэтнікаў для падтрымкі самой улады. То бок самі для сябе. І аб’яўляюць гэта нейкай народнай акцыяй.
Значыць, ідзецца пра суцэльную імітацыю народнай падтрымкі. Прычым усе разумеюць, што гэта імітацыя. Гэта разумее тая антылукашэнкаўская большасьць, якая выходзіць на акцыі пратэсту. Гэта добра разумее намэнклятура, якая сама іх арганізуе.
Тады навошта і для каго ладзіцца гэтая імітацыя?
Тут варта зазначыць, што ўся дзяржаўная сыстэма цалкам заснаваная на імітацыі. У Беларусі няма нармальнага парлямэнту, мясцовых саветаў, Канстытуцыйнага суду, судовай сыстэмы, прафсаюзаў, выбараў і шмат чаго іншага. Ёсьць толькі іх сурагаты. Для такой сыстэмы імітацыя — норма.
Думаю, плянаваны мітынг меў стварыць патрэбную карціну для двух адрасатаў. Найперш для тых людзей, якія атрымліваюць інфармацыю з БТ. І для самога Лукашэнкі. Мусіць, яго атачэньне імкнецца старыць ілюзію, што ён яшчэ мае падтрымку народу.
Чаму ж скасавалі заплянаваны на нядзелю мэгамітынг?
Зразумела, спасылку на каранавірус ніхто не ўспрымае усёр’ёз. Бо калі плянавалі мітынг, то хіба ўлады нічога ня ведалі пра небясьпеку пандэміі?
Лукашенко крайне неуклюже объяснил причины срыва провластного митинга
Думаю, існуе некалькі прычын, якія не супярэчаць адна адной.
Магчыма, улады палічылі імаверную колькасьць удзельнікаў праўладнага мітынгу і прыйшлі да высновы, што іх будзе менш, чым на альтэрнатыўнай акцыі праціўнікаў Лукашэнкі. І гэта магло мець адмоўны эфэкт.
Прымусовая мабілізацыя людзей пад пагрозай звальненьня з працы магла выклікаць канфлікты ў некаторых працоўных калектывах. Шмат работнікаў адмаўляліся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. То бок мітынг мог выклікаць дадатковую канфліктагеннасьць у грамадзтве, што на тле наэлектрызаванай сытуацыі стала б дадтковым чыньнікам незадавальненьня рэжымам.
Дзьве масавыя акцыі ў адным горадзе маглі б выклікаць сутыкненьні між іх удзельнікамі.
Акрамя таго, у калёну пад чырвона-зялёнымі сьцягамі маглі пранікнуць людзі з бел-чырвона-белымі сьцягамі і сапсаваць усю гульню. Заклікі гэта зрабіць ужо гучалі ў сацыяльных сетках.
Нешта падобнае адбылося ў Румыніі ў 1989 годзе. Тагачасны дыктатар Нікаляе Чаўшэску сабраў мітынг у сваю падтрымку. Але хутка мітынгоўцы сталі крычаць антыўрадавыя лёзунгі, і Чаўшэску мусіў уцякаць. Небясьпека паўтарэньня той гісторыі, магчыма, спыніла ініцыятараў праўладнага мітынгу.
З увагі на тое, што праўладны мітынг прайшоў бы пад аховай міліцыі, разганяць, хапаць, біць удзельнікаў альтэрнатыўнай акцыі пратэсту выглядала б вельмі непрыгожа. Гэта зьвязвала АМАПу рукі. А так цяпер рукі разьвязаны.
Нарэшце, зусім кансьпіралягічная вэрсія. Магчыма, адмена праўладнага мітынгу зьвязана з учорашнім візытам у Менск дырэктара Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна. Імаверна, ён прывёз Лукашэнку пасланьне ад Пуціна і, магчыма, зьмест яго быў прыкладна такі: трэба прымаць захады, каб разрадзіць палітычную атмасфэру ў краіне, шукаць згоду, а не ствараць дадатковыя падставы для росту палітычнага напружаньня, абвастрэньня канфлікту.
У кожным разе спачатку спроба арганізацыі мэгамітынгу, а потым ягоная адмена сьведчаць пра няўпэўненасьць, слабасьць існага рэжыму. Моцныя і упэўненыя так не мітусяцца.
Политолог: «Власти поняли, что скорее митинг мог быть использован против них»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное