«Многія мяне пазнаюць на вуліцы ды паціскаюць руку»

Віцебскі актывіст, які вывесіў 7 студзеня бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой ёлцы, дачытвае матэрыялы распачатай супраць яго крымінальнай справы. Ён кажа, што рыхтуе да яе некалькі заўвагаў і хадайніцтваў.

Сяргей Каваленка распавёў, што зьвярнуўся ў абласную міліцыю з просьбай сфатаграфаваць некалькі аркушаў свае крымінальнае справы, якая складаецца з трох тамоў. Да канца тыдня яму павінны даць адказ, і праз колькі дзён ён будзе гатовы зьвярнуцца да сьледчых з шэрагам хадайніцтваў.

Віцебскі сябар КХП БНФ кажа, што пісьмовыя паказаньні сьведкаў у ягонай справе, распачатай за парушэньне грамадзкага парадку і супраціў прадстаўнікам міліцыі, дужа супярэчлівыя, асабліва сьведчаньні міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі: «Іх запытвалі, як праходзіла затрыманьне. Прычым у першых іхных рапартах нічога не было пра тое, што я ім аказваў супраціў. А потым ужо зьявілася — што я іх зьбіваў і гэтак далей».

З матэрыялаў крымінальнай справы Сяргей Каваленка даведаўся, што трое міліцыянтаў — падпалкоўнік Андрэй Іваноў, малодшы сяржант Максім Максімаў і старшы сяржант Васіль Палітыка — запатрабавалі ад яго па 10 мільёнаў матэрыяльнай кампэнсацыі за тое, што ён іх публічна абражаў.

Актывіст кажа, што ўсё адбывалася наадварот — што гэтыя супрацоўнікі міліцыі падчас затрыманьня яго зьневажалі і нават зьбівалі. Сьляды зьбіцьця, сінякі і драпіны засьведчыла судмэдэкспэртыза, і Сяргей Каваленка вырашыў зьвярнуцца ў Кастрычніцкі раённы суд з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супроць тых, хто яго затрымліваў, перавышаючы службовыя паўнамоцтвы. У заяве ён напісаў так: «7 студзеня я выканаў свой рэлігійны, нацыянальны і грамадзянскі абавязак, а таксама рэалізаваў сваё канстытуцыйнае права на свабоду думкі пра адраджэньне беларускага патрыятызму, сувэрэннасьці і грамадзянскіх свабод. Калі я апынуўся на зямлі, то міліцыянты жорстка зьбілі мяне, пры гэтым міліцыянты ўвесь час казалі на мой адрас зьневажальныя, ненарматыўныя словы і гвалтоўна, з прымяненьнем баявых прыёмаў, завалілі на сьнег».

На думку актывіста, ягоныя паводзіны не вымагалі такой неапраўдана жорсткай рэакцыі.

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, юрыст паводле адукацыі, зь якім Сяргей Каваленка вырашыў абмеркаваць пэрспэктывы звароту ў суд, бачыць іх наступным чынам: «Плён можа быць вось які: яны ня будуць вешаць на яго тое, чаго не было. Яны кажуць, што ён зьбіваў міліцыянтаў, а насамрэч яны яго зьбівалі. А ён ня мог гэтага рабіць — іх жа было шмат. І ўвогуле мэгазадача ў яго была іншая: ня біцца зь міліцыянтамі, а вывесіць сьцяг. І ён гэта зрабіў!»

Барыс Хамайда лічыць, што цяпер зь Сяргея Каваленкі могуць зьняць абвінавачаньне ў супраціве міліцыянтам. Калі так, то з двух абвінавачаньняў застанецца адно — у злосным хуліганстве.

Зрэшты, шмат хто ў Віцебску лічыць Сяргея Каваленку не хуліганам, а сапраўдным героем. Спадар Хамайда, які распаўсюджвае ў Віцебску незалежную прэсу, распавёў пра сёньняшні выпадак:

-- Падышла сямейная пара, узялі адзін часопіс, „Нашу ніву“. А побач са мной стаяў Сяргей Каваленка. І муж яго пазнаў, кажа: „Дазвольце паціснуць вашу мужную руку!“ І да жонкі: «Няхай нам аўтограф пакіне, хаця б на „Нашай ніве“. Сяргей ім напісаў. Прыемна ж, выдатна гэта! І нядаўна спадар адзін падыходзіў, пытаўся: „У вас не засталося газэт са сьцягам, які на ёлцы быў?“ „Не, — кажу, — няма, ужо ж колькі часу прайшло“. — „Ай, шкада“, — так сказаў ды пайшоў.

Сяргей Каваленка прызнаўся, што аўтограф даваў упершыню. Але мінакі, якія бачылі ягоныя здымкі ў газэтах ды інтэрнэце, яго пазнаюць даволі часта, паціскаюць руку і дзякуюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)