Общество

“Мне вельмі шкода, што не змагу ўжо зь ім спаткацца на вольнай Беларусі”

Заснавальнікі Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык даслалі на адрас “Салідарнасьці” свае лісты з нагоды сьмерці Яўгена Будзінаса.

ПАМЯЦІ ЯЎГЕНА БУДЗІНАСА

Не жыве больш Яўген Дамінікавіч Будзінас.

Бязьлітасная хвароба заўчасна забрала і гэтага чалавека, які яднаў у сабе рэдкае спалучэньне творчых якасьцяў: журналіста, пісьменьніка, музэйна-культурнага дзеяча і бізнэсоўца, вызначаўся актыўным характарам, дасьціпным словам і вострым розумам. Мне вельмі шкода, што не змагу ўжо зь ім спаткацца неўзабаве на вольнай Беларусі ў адноўленых ім Дудутках.

Добрыя ўспаміны засталіся ў мяне пра мінулы час, які я памятаю і цаню. Яўген Дамінікавіч адразу, з 1988 года, пачынаючы ад вызначальных тады “Дзядоў”, і першага сілавога сутыкненьня з рэжымам, рашуча і адназначна падтрымаў Беларускі Народны Фронт, і часта быў побач са мной там, дзе іншыя баяліся паказаць сябе. Яго саркастычна абурала ўся тая хлусьлівая прапаганда, якую ськідвалі тады на Народны Фронт камуністычныя ідэолагі. Вынікам такой ягонай пазыцыі стала кніга “Зянон Пазьняк — сапраўднае аблічча”, падрыхтаваная і выдадзеная ім у 1992 г. у ягоным выдавецтве “Паліфакт”. Гэта была важкая дапамога беларускаму Адраджэньню.

Яўген Дамінікавіч знаходзіў таксама іншыя магчымасьці дапамагаць Фронту. Але, бадай, найбольш вызначальным яго ўкладам у культуру (асабліва ўлічваючы неспрыяльныя абставіны) ёсьць стварэньне ім музэйна-вытворчага і культурнага комплексу ДУДУТКІ. Ужо за адно гэтае дасягненьне Яўген Дамінікавіч назаўсёды запісаў сваё імя ў гісторыю беларускай культуры.

Няхай жа будзе мяккай яму наша зямля, якую ён паважаў і цаніў. Памяць пра Яўгена Дамінікавіча Будзінаса застанецца ў ягоных добрых справах, у нашай культуры і ў маім сэрцы, якое ніколі не забудзе дабро.

Зянон ПАЗЬНЯК

Словы “Будзінас” і “жалоба” немагчыма паставіць побач, але сёньня вельмі сумна, што няма Яўгена Дамінікавіча.

Сярод талентаў ягоных быў адзін абсалютна ўнікальны, якога асабіста я не спатыкаў больш ні ў кога — ён зьбіраў вакол сябе ў адну кампанію людзей, якія ніколі, ні пры якіх іншых абставінах, і ні за якія ўзнагароды не сабраліся б разам. Гэты талент зьдзіўляў тым болей, што Будзінас ня быў лагодненьнькім, памяркоўным і па-беларуску талерантным — ён казаў праўду, а праўду ня любяць. Значыць, варагуючыя палітыкі, разьяднаныя пісьменьнікі і канкуруючыя бізнесоўцы згодныя былі цярпець адны другіх — за ўзнагароду сумаўленьня з Будзінасам, за шчасьце быць побач зь ім.

Бліскуча апісаўшы трыюмф дурняў, ён як ніхто мог бы апісаць і іх зьнікненьне, хаця б з Алімпу. Усім нам будзе не хапаць ягонага гумару, ягонай іроніі, ягонай стваральнай энэргетыкі. Зямля Вам пухам, дарагі Яўген Дамінікавіч

Сяргей НАВУМЧЫК

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)