Общество
Ілья Лапато

«Мне сказалі: ты жывая? Мы бачылі цябе мёртвай…»

У свае 92 гады ўраджэнка Слоніма Люба Абрамовіч без цяжкасцей карыстаецца скайпам і зусім не шкадуе, што эмігрыравала ў ЗША. Люба Ізраэліўна Абрамовіч — яўрэйка, у гады вайны была падпольшчыцай у Слонімскім гета, партызанкай у Жалудокскай пушчы…Пасля вызвалення скончыла Інстытут замежных моваў у Мінску і засталася працаваць на заводзе «Інтэграл».

Пра свой жыццёвы шлях сланімчанка расказала падчас тэлемаста “Мінск — Нью-Ёрк”, арганізаванага Гістарычнай майстэрняй пры падтрымцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Раў.

— Слонім — невялікі горад Баранавіцкай вобласці, — распачала сваю гісторыю 92-гадовая кабета.

— Горад да 1939 года належыў да Польшчы, — бачна, што гісторыю Заходняй Беларусі жанчына памятае не па кнігах.

У 1938 годзе Люба скончыла школу, а праз два гады нарадзіла дзіця.

— Я была маладая і вельмі шчаслівая мама, — прызнаецца жанчына. — А 22 чэрвеня нас разбудзілі самалёты…

Калі на трэці дзень вайны спалілі яе хату, яна паспела ўратаваць толькі гадавалага сына, выбегшы разам з ім у палаючуюю вуліцу:

— Мой муж таксама выратаваўся. У нас не было грошай, але тады куды больш важнымі былі адзенне і ежа — каб нешта есці, людзі мянялі адзенне. У нас не было нічога. Дзякаваць Богу, нам дапамагалі родзічы і сябры, якія і далі нам прытулак.

Люба ў дэталях памятае пачатак вайны. I ўсе, хто сабраўся на скайп-канферэнцыю тут у Мінску, слухаюць яе літаральна адкрыўшы рот.

— Мы павінны былі насіць жоўтыя зоркі Давіда, пры гэтым нават не дазвалялася хадзіць па тратуары — толькі па праезжай частцы. Я памятаю, як аднойчы “проста так” былі па-зверску забітыя каля двухсот маладых мужчын, у тым ліку мой муж — я засталася адна з дзіцём на руках. І ніхто тады не ведаў, што станецца з усімі намі. Было страшна і мы нават баяліся глядзець адзін аднаму ў вочы. Тым не менш у кожнага з нас ужо ўзнікала жаданне да супраціўлення…

“Немцы вырывалі дзяцей з рук і з усёй моцы кідалі аб зямлю”

Аднойчы знаёмая папрасіла яе прыйсці, бо мелася перадаць нешта з прадуктаў для яе сына. Калі Люба збіралася ўжо вяртацца дадому, немцы не дазволілі ёй выйсці. Люба спрабавала назаўтра, але салдаты не дазвалялі выходзіць з дамоў. У той вечар быў пагром…

— Я сядзела ў схованцы разам з маёй знаёмай, а праз шчыліну бачыла, як выводзяць на вуліцу старых і дзяцей. Я чула мацярынскі лямант і жудасны плач дзяцей. Фашысты вырывалі дзяцей з рук і з усёй моцы кідалі іх галавой аб асфальт…

Люба ледзьве пратрымалася, каб не выбегчы на двор. Калі ж усё скончылася і тыя, хто ўратаваўся, пачалі выходзіць, Люба кінулася ў свой дом, але не знайшоўшы ў ім ні бацькоў, ні дзіця, страціла прытомнасць.

— Я вярнулася ў дом маіх бацькоў, з якімі было маё дзіця. Я ўбачыла пусты дом з выбітымі шыбамі і адчыненымі дзвярыма. На лесвіцы валялася дзіцячая шкарпэтка і хустка маёй маці… Усё было зразумела без словаў.

Знайшоў яе брат мужа — т.зв. “nützlicher Jude” (“карысны яўрэй”), які працаваў урачом. Гэта ён забраў яе да сябе — “карысныя яўрэі” не жылі ў гета.

— Я ўвесь час вярталася да месца, дзе зніклі мае бацькі і сын. Кожны раз мне здавалася, што зараз хтосьці з іх выскачыць мне насустрач — уратаваны. Аднойчы каля таго дома я сустрэла былога школьнага сябра Няню Цырынскага, які сказаў, што шукае мяне. Я і сёння памятаю яго словы: адзінае, што можа даць сэнс нашаму жыццю, гэта помста. Ты яшчэ пакажаш ім, на што здатная.

Назаўтра школьны сябра сілком (яна не хацела) адвёз Любу ў жандармерыю, дзе якраз набіралі людзей для розных работ. Любу ўзялі для чысткі патронаў.

— Падвал аднаго з дамоў на Замкавай вуліцы ў Слоніме цалкам быў запоўнены трафейнай зброяй і патронамі. Савецкія войскі, калі сыходзілі, кінулі без дагляду вельмі шмат зброі. Мы, яўрэі, павінны былі рамантаваць і чысціць яе, акуратненька раскладваючы па памерах патроны ў каробкі. Цырынскі ж хацеў, каб я па магчымасці выносіла патроны на сабе.

Зрабіць гэта было амаль немагчыма. Паўсюль была варта і вельмі часта нас правяралі. Таму мы выносілі зброю не цалкам, а часткамі, хаваючы яе пад ніжняй бялізнай.

У першы дзень я прынесла тры патроны. Цырынскі быў незадаволены – чаму так мала?! У наступныя дні я прыносіла ўжо больш, але аднойчы тых патронаў набрала столькі, што ледзьве магла непрыкметна іх несці. І якраз у той вечар па дарозе дадому я сустрэла Хіка, адказнага за гета. Яго ведаў кожны: ён мог забіць любога за нішто. Я думала ў той момант, што ў мяне перастала біцца сэрца. Але ён мяне не спыніў.

Менавіта ў той вечар я зразумела, наколькі моцна я хачу жыць. Я прыйшла да Цырынскага і сказала, што згодная ва ўсім яму дапамагаць. Так я стала членам падпольнай ячэйкі. Я атрымлівала заданні — выносіла часткі зброі, радыёпрыёмнікі… Пісталет, напрыклад, магла вынесці толькі жанчына. Я памятаю, як аднойчы схавала яго пад сукенку, аднак прымацаваць як след не паспела. Іду, а ён спаўзае і вось, здаецца, ужо на ўзроўні калена, у любы момант гатовы зваліцца. Я нагнулася, зрабіўшы выгляд, што мне баліць жывот і ўсю дарогу трымалася за жывот, насамрэч падтрымліваючы пісталет.

Вельмі часта, чысцячы дэталі зброі, мы выкручвалі ў ёй якую-небудзь дэталь, без якой зброя была недзеяздольная.

Пабег з гета і “рэйкавая” вайна

Пасля таго, як падпольшчыкі наладзілі сувязь з партызанамі, стала прасцей.

— Яны казалі нам, каб мы стараліся як даўжэй пратрымацца там, не выдаваючы сябе. Аднак калі хтосьці трапіць пад падазрэнні, няхай адразу уцякае ў лес — да партызанаў. Уцякаць давялося неўзабаве: была ўчыненая правакацыя і ўсіх падазроных пачалі затрымліваць. Нас, уцекачоў, было дванаццаць. На Падгорнай вуліцы ў Слоніме ў падвале аднаго з дамоў быў выкапаны тунэль да польскіх могілак. Праз гэты лаз мы і збеглі. У партызанах далучыліся да 51-й групы пры атрадзе імя Шчорса.

Я прабыла там два тыдні, пасля чаго разам з прысланай спецыяльна з Масквы групай дэсантнікаў мяне адправілі радысткай у Жалудокскую пушчу. Там я стала членам брыгады імя Варашылава — прымала ўдзел ва ўсіх баявых аперацыях, у тым ліку ў падрывах 12 эшалонаў, разгрому трох гарнізонаў і 12 засадах. Тыя, хто быў побач са мной, былі сапраўднымі героямі — яны ўзрывалі па 28 эшалонаў! За гэта двойчы званне Савецкага Саюза маглі б даць. Але ім не далі нічога…

Узгадваючы “рэйкавую вайну”, Люба Абрамовіч удакладняе: “Так званая “рэйкавая” вайна пачалася ў 1944-м годзе, калі немцы рваліся на Захад. Якраз тады і пачаліся актыўныя падрывы нямецкіх эшалонаў. Даходзіла нават да таго, што кожны з партызанаў браў “свой” участак чыгункі, які трымаў у пастаяннай неспраўнасці…”

Аднак хутка партызанам давялося сыходзіць углыб леса — для барацьбы з партызанамі немцы адзывалі з фронту воінскія часткі.

— Немцы кінулі на пушчу салдатаў і мы адышлі — змагацца з іх зброяй нам было не па сілах. Я памятаю, як тры дні мы стаялі па пояс у балоце, хаваючыся ад фашыстаў. Адзінай магчымасцю выжыць мог служыць прарыў праз Віленскі тракт. Аднак немцы гэта таксама цудоўна разумелі, таму калі мы прабраліся да Віленскага тракту, нас чакала засада. Мы пачалі прарыў, а немцы стралялі з усіх бакоў…Я ўжо амаль перабегла на іншы бок, аднак убачыла, як на полі корчыцца ад болю параненая партызанка. Я не магла яе кінуць — гэта была мая добрая знаёмая, але і цягнуць яе з сабою мне, худзенькай дзяўчыне, таксама было не пад сілу. Таму я перацягнула яе ў кусты, каб схаваць ад немцаў. Здавалася, я ўжо паспела схаваць параненую, як за спінаю пачула нямецкую гаворку. Кінуўшыся прэч, я толькі адчувала, як свісцяць нада мною стрэлы…Трапіўшы да нашых, я не магла прыйсці ў сябе, так мяне калаціла. А мне казалі: ты жывая? Мы бачылі цябе мёртвай…

Я падумала тады, што Бог ёсць на свеце: не можа такога быць, каб з усіх бакоў стралялі, а са мной нічога не здарылася. Таму Віленскі тракт я лічу месцам другога нараджэння.

“Я хачу папярэдзіць моладзь пра фашызм…”

— Пасля вайны наш атрад дыслакаваўся ў Шчучыне — тыповы яўрэйскі горад на той час. Усе дамы там былі пашкоджаныя, вокны разбітыя і мала што заставалася цэлым. Убачыўшы гэта, мне падалося, што нашага народа ўжо няма на свеце.

У мяне пачалася гарачка — шэсць тыдняў праляжала ў ложку. Ужо пасля выпіскі, калі я спрабавала ўладкавацца на працу, высветлілася, што нават заяву па-руску я не магла напісаць без памылак. Сама я скончыла польскую гімназію, таму пісаць па-руску вучылася саматужна. Мяне адправілі вучыцца. Я скончыла Інстытут замежных моваў у Мінску, працавала ў Акадэміі навук, затым начальнікам аддзела тэхнічнай інфармацыі на “Інтэграле”…Дзяцей, на жаль, не было — пасля таго выпадка, калі тры дні мы стаялі ў балоце, я стала бесплоднай.

1945 год

У ЗША я прыехала ўслед за братам, які пераехаў сюды разам з дзецьмі. Тут я вельмі шмат выступаю ў школах і ў Музеі яўрэйскай спадчыны.

Успаміны з мяне так і выпіраюць, таму расказваю пра ўсё, з чым сутыкнулася падчас вайны. Я хачу папярэдзіць моладзь пра фашызм і засцерагчы іх. Калі я бачу, што дзеці мяне разумеюць, што дзеці часта плачуць, слухаючы мяне, я абдымаю іх і пачынаю плакаць сама. Але я радая, што маю магчымасць расказваць пра ўсё, што перажыла. Нянавісць ні да чаго добрага не даводзіць. Чалавек павінен любіць чалавека — маё жыццё гэтаму мяне навучыла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)