Общество
Алесь Гізун, фота аўтара, intex-press

Млыне, мой млыне, дзе твае крылы?

Гісторыя беларускіх вятракоў – адна з самых сумных. Калісьці ў кожнай буйной вёсцы быў свой вятрак, а ў некаторых – нават па некалькі. Сёння на ўсю Беларусь іх засталося каля двух дзясяткаў.

Апроч тых нешматлікіх вятракоў, што сталіся экспанатамі музеяў народнай культуры і побыту (“Дудуткі”, “Строчыцы”, “Русіно” і інш.), сучасны стан гэтых помнікаў прамысловай архітэктуры – пагібельны.

Калісьці толькі ў адным Баранавіцкім раёне было сама мала – каля дзясятку вятракоў. У баранавіцкай в. Падлясейкі, напрыклад, паралельна функцыянавалі два вятракі – “Петраноў” і “Мікітаў” (млыны называліся па імёнах альбо прозвішчах іх гаспадароў).

На сёння ў большай або меншай дасяжнасці ад Баранавічаў захавалася 4 вятракі. А яшчэ год таму іх было 5.

Улетку 2012 года разабралі вятрак у в. Патапавічы Ляхавіцкага раёна. Цяпер на суседняй Ляхавіччыне не засталося ніводнага вятрака. Балазе Патапавіцкі вятрак не знік бясследна, як гэта нярэдка здараецца з іншымі помнікамі архітэктуры. Ён таксама папоўніў калекцыю музейных ветракоў, “пераехаўшы” ў мястэчка Моталь на Палессі – цэнтр штогадовага кулінарнага фестывалю “Мотальскія прысмакі”.

Вятрак у вёсцы Патапавічы Ляхавіцкага раёна стаяў яшчэ год таму

Дарэчы, апошні баранавіцкі вятрак (“Рэшкаў млын” у в. Залюбічы) праіснаваў да 2000 года. Яго паспеў перавесці ў літаратурна-этнаграфічны музей у в. Русіно (раней – Русіны) былы дырэктар музея, вядомы баранавіцкі краязнаўца і збіральнік скарбаў Міхась Бернат. Але ў 2000 годзе гэты апошні баранавіцкі вятрак спалілі невядомыя вандалы.

Стараннямі таго ж Міхася Берната пазней у музеі ў Русіно зноў з’явіўся вятрак, які стаіць і сёння. Але ён быў перавезены з в. Гарбачы Ляхавіцкага раёна.

Апроч “музейнага” ветрака ў Русінах, найбліжэйшымі да Баранавіч застаюцца вятракі ў вв. Шайкі і Урведзь Клецкага раёна і ўнікальны каменны вятрак у в. Тарнова Лідскага раёна. Лішне казаць, што амаль усе яны даўно стаяць занядбаныя, напаўразбураныя і без шмыгаў (крылаў). Толькі “Урвядзкі” вятрак, як кажуць мясцовыя жыхары, яшчэ мае два часткова ацалелыя крылы.

Вятрак. Вёска Урведзь Клецкага раёна

Бальшыня беларускіх вятракоў пачалі занепадаць яшчэ ў 50-я – 60-я гады ХХ стагоддзя, калі з’явіліся электрычныя млыны і хлебазаводы. Але некаторыя, як той жа Патапавіцкі вятрак, малолі муку яшчэ нават у 90-я! Апошні млынар Уладзімір Хмарук, якому гэты вятрак застаўся ў спадчыну ад бацькі, памёр у 80 гадоў. Сваякі млынара не захацелі прыватызаваць сваю спадчыну, і лёсам апошняга ляхавіцкага вятрака распарадзілася дзяржава…

У Беларусі найбольш былі пашыраныя гэтак званыя вятракі-“казлоўкі”, што трымаліся на адмысловай канструкцыі – козлах. Ловячы вецер, “казлоўка” паварочвалася цалкам, усім корпусам.

На Захадзе будаваліся вятракі-“шатроўкі”, якія яшчэ называлі “галандскімі”. Менавіта з такімі вятракамі калісьці змагаўся легендарны Дон Кіхот. У адрозненні ад нашых “казловак”, у “шатровак” паварочвалася з ветрам толькі макаўка-шацёр, да якой мацаваліся шмыгі.

Вятрак у в. Шайкі Клецкага раёна – узор акурат такога вятрака-“шатроўкі”. Ён стаіць пасярод вёскі, пры самай шашы з Ганцавіч да Мінска.

Вятрак у вёсцы Шайкі Клецкага раёна

Рэшткі ўнікальнага вятрака-“шатроўкі” захаваліся ў в. Тарнова Лідскага раёна, пры былой сядзібе Грабоўскіх. Бадай, гэта адзіны ў Беларусі стары вятрак, цела якога конусам выкладзена з каменя.

Вятрак у вёсцы Тарнова Лідскага раёна

Дыяметр Тарноўскага ветрака пры зямлі складае каля 12 метраў. Яго драўляны дашак-шацёр даўно згарэў. Даўно зніклі і шмыгі-крылы. Цяпер ён накрыты бляхаю, а яго нутро пераўтварана ў схоў саломы і сельскагаспадарчага смецця. А сам вятрак, як непахісны сярэднявечны рыцар, самотны і спустошаны стаіць сярод поля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)