Міхась Зуй: «Вясёлая здаровая злосць – для мяне выратавальная эмоцыя»
Дзе знайсці сэнс, што турбуе сёння, і чаму на мінскай канапе Купалаўскага яшчэ да 2020-га паміралі мары, «Салідарнасці» распавёў купалавец Міхась Зуй, які пасля ад’езду з Менску прайшоў праз дзве эміграцыі.
— Міхась, пасля ад’езду з Менску вы жылі ў Львове, а пасля пачатку вайны перабраліся ў Варшаву. Што было самае цяжкае ў эмацыйным плане?
— Калі мы толькі з’язджалі з Беларусі, я разумеў што магу вельмі сумаваць. Па Менску, бо я вельмі яго люблю, па Беларусі, сябрах.
Але я неяк з сабой дамовіўся, што не маю права на нейкія неабгрунтаваныя спадзевы ці на глыбокую рэфлексію. Бо калі буду рэфлексаваць і паглыбляцца ў стан скрухі, то гэта можа і мне, і маёй сям’і стаць перашкодай.
Я разумеў, што мы не можам заставацца ў Беларусі, гэта аб’ектыўная рэчаіснасць. У нас не было свабоднага выбару. Таму я з сабой дамовіўся і пакуль гата дамова дзейнічае.
Мы ўвесь час бачым цяжкія навіны з Беларусі, і гэта зноў накрывае 2020-м годам, калі было шмат добрага, светлага, але і злоснага, што цябе паралізавала і да сёння, часам, уводзіць у ступар.
Сябры нядаўна падказалі, што ў такіх сітуацыях трэба раскласці жыццё на простыя дзеянні, якія мусіш рабіць кожны дзень. Без абмеркаванняў і рэфлексій. Як кожны дзень мусіш устаць і чысціць зубы, так і тут трэба пераводзіць сваё жыццё ў нейкія дзеянні, каб менш заставацца сам-насам з гэтай бядой, на якую ніяк не можаш паўплываць. Інакш яна цябе знішчыць.
Калі з пачаткам вайны мы прыехалі ў Польшчу, накрыў шматузроўневы стрэс, бо нават тут мы не адчувалі сябе ў бяспецы... Але пачынаеш нечым займацца, праз «не хачу» і нават творчасцю. Нам з маім суаўтарам і паплечнікам Андрэем Кашперскім было цяжка прыдумляць новае, бо быццам усё згубіла сэнс. Але мы ўспрымалі як працу тое, што гэтыя сэнсы трэба знайсці зноў.
— «Як быццам усё згубіла сэнс» — фраза, якая не дае крочыць далей...
— Гэта вельмі разбуральная думка, што як быццам усё было бессэнсоўна. Так, усё змянілася, і Беларусь, і мы. Але ў гэтым выбары, які мы рабілі ў 2020-м, і быў сэнс, гэта трэба прыняць. У выбары выступіць супраць гвалту вялікі сэнс.
На тое мы і дарослыя людзі, каб пагадзіцца, што мы зрабілі правільны выбар, хэпіэнд якога наступіць не адразу. Інакш гэта цалкам пазіцыя дзіцяці, якое тупае ножкай і хоча цяпер.
— Вы кажаце «я дамовіўся з сабой», але ў рэчаіснасці бывае не так прыгожа. Дамаўляйся-не дамаўляйся, але ж накрывае. Юры Стыльскі гатуе і малюе, Крысціна Дробыш п’е каву ў кавярні з відам на жыцце, таксама ёй дапамагаюць антыдэпрэсанты, Павел Аракелян бухае бурбон. Дзе вы шукаеце падтрымку?
— Першае, што прыйшло ў галаву — гэта праца, прынамсі творчая. У мяне пасля ад’езду з Беларусі амаль не было перыяду, калі не трэба было нічога прыдумляць. Ты мусіш гэтай працай займацца, і яна выцягвае.
Так, настрой змрочны, але ты пачынаеш нешта рабіць, і ўнутры з’яўляецца радасць. І як быццам гэтая радасць выціскае з цябе гідкую цемру. Гэта дае сілы.
«Зніклі ружовыя акуляры і ілюзія, што людзі абавязкова будуць ісці за дабром»
— Калі бачыла вас на сцэне ці ў жыцці, заўсёды ўсміхалася, бо, здаецца, вы суперпазітыўны. Як з гэтым пасля ўсіх дзікіх падзеяў?
— Пазітыў людзі звычайна бачаць падчас маёй працы. Але ж мае ролі — не зусім я.
За апошнія гады ўсё часцей, і гэта стала звыклым станам душы, у мяне праяўляецца халодная злосць, якая прымушае выдзіраць сябе за валасы з дрыгвы. Злосць да сітуацыі, часам да сябе.
Я называю гэта «вясёлая здаровая злосць». Бо для мяне яна выратавальная эмоцыя, як быццам ты не дазваляеш сабе куксіцца. А часам вельмі хочацца!
Бывае, гэтая злосць дае нават радасць, нейкі баявы настрой, у які часам атрымліваецца трапіць.
Я пераводжу яе ў дзеянні. Мне гэта прасцей, як творчаму чалавеку, бо я магу перанесці яе на сцэну, у спеў ці відэаролік. Мая прафесія — громаадвод, куды я магу даслаць любую эмоцыю. Для мяне гэта топліва, дызель, на якім можна «ехаць».
Думаю мала людзей, у якіх нейкая частка душы не счарсцвела, не стала калючай. Мы шмат бачым вельмі брыдкіх чалавечых праяваў, якія ўсё агідней і агідней.
Зніклі ружовыя акуляры і ілюзія, што людзі абавязкова будуць ісці за дабром і за праўдай. Але (сам сабе буду зараз пярэчыць) у той жа час на адных шалях пачуццё расчаравання ў чалавеку, а з іншага боку асабіста я сустракаў людзей, якія рабілі ў гэты чорны час вельмі высакародныя ўчынкі. Моцныя і самаахвярныя. І, на мой погляд, гэта ўраўнаважвае.
«Траўма можа быць прыхаваная, а потым бац — і ляснула»
— Некаторыя, калі зусім дрэнна, звяртаюцца да спецыяліста...
— У мяне асабіста няма такога досведу. Ведаю, што калі зусім дрэнна, не трэба вінаваціць у гэтым сябе, дабіваць і гробіць. Да ну! Ты не дрэнны за тое, што табе сумна. Сумуй і нават зразумей, што ты маеш на гэта права. Нават калі не сядзеў у турме і блізкія на волі, усё роўна можа накрыць. Траўма можа быць прыхаваная, а потым бац — і ляснула.
Калі зусім дрэнна, зрабі тое, што хочацца менавіта ў дадзены момант. Усё спыніць, зрабіць нешта для сябе. Я люблю пагуляць у кампу’ютарныя гульні. Нават эскапізм, уратаванне ў нечым адарваным ад рэчаіснасці, гэта таксама класна.
Зараз чытаю «Уладара пярсцёнкаў», спрабую адолець у арыгінале. Кніжка была напісана ў жудасны час: былі войны, сам Толкіен ваяваў і ўсё гэта бачыў. Здаецца, кніжка абсалютна эскапісцкая, але быццам дае табе свет, у якім можна адпачыць, адвабіцца трохі ад рэчаіснасці.
— Вы здаецеся моцным. Мо таму, што сям’я, дзеці і выбару няма?
— Можа я чагосьці не разумею... Можа таму, што трохі дурны (усміхаецца)?
— Вось, я ж нездарма казала пра ваш пазітыў!
— Так, гумар трымае. І зараз ён не заўсёды пра светлае і пазітыўнае, але зноў жа пра тое, што дае сілы. Калі ты над нечым пасмяешся, як быццам будзеш яго трошкі менш баяцца. То бок смех забівае страх.
Памятаеце ў «Гары Потару» ёсць магічнае заклінанне «Рідзікулус»? Замест жахлівага ўяўляеш смешнае, смяешся, і морак разыходзіцца. Перастаеш вельмі сур’ёзна рэагаваць і такім чынам самы жудасны жах разбураецца.
Так і сённяшняя беларуская сістэма накіравана на запалохванне, яны вельмі хочуць быць сур’ёзнымі, значнымі, паважнымі. Каб іх баяліся. Калі з таго, што яны робяць ты нейкім чынам пасмяешся, ты для сябе трошкі разбураеш гэты страх.
«Часам з вялізным пытаннем справіцца лягчэй, чым са штодзённымі рэчамі»
— Як дзеці і жонка адаптаваліся ў эміграцыі? Каму і чаму горш, цяжэй за ўсё?
— Як ні дзіўна, быццам бы дзеці хутка адаптуюцца да ўсяго, але для іх пераезд стаў траўмай. Яны і зараз, калі ўзгадваюць самы любімы горад і краіну, кажуць: Менск, Беларусь. Памятаюць сяброў, любімыя месцы.
Да нейкага часу мы не маглі ім сказаць: вернемся — не вернемся. Потым разам с жонкай сумленна з імі паразмаўлялі, распавялі пра сітуацыю, што з намі магла здарыцца бяда, таму мы з’ехалі, «каб вас у нас не адабралі».
Як быццам яны ўспрынялі гэта па-даросламу, але дагэтуль вельмі часта ўзгадваюць Менск. Насамрэч мы радыя, што ў нашых дзяцей застаецца культурны беларускі код.
— Дзяніс Дудзінскі казаў мне, што «мы ўсе зараз апынуліся на Марсе і вымушаны наноў будаваць свае ўласнае жыццё, у тым ліку асабістае». Як у вас атрымоўваецца?
— Канешне, усё гэта цяжка, і такія стрэсы не могуць не ўплываць. Калі ты вымушаны з’ехаць з роднай краіны з-за рэпрэсій, потым з іншай краіны з-за вайны — твая нервовая сістэма ляціць да чорта.
На якіх людзях мы звычайна зрываемся? На самых блізкіх, таму што яны побач і часам у чымсьці падаюцца вінаватымі. Гэта чалавечая прырода ад якой не ўцячы. Але будзем спрабаваць змагацца.
— Лічыцца, што мужчыны больш трывалыя, але не эмацыйна. Тым больш калі паўстае вострае пытанне заробкаў, арэнды кватэры. Калі быў самы цяжкі перыяд у гэтым плане і як змагаліся з негатыўнымі думкамі?
— Гэта самае складанае пытанне, нават не ведаю, што адказаць. Туга па Радзіме — гэта тое, што неяк можаш прааналізаваць. А тут кожны дзень... Мне падаецца, што асаблівая небяспека ў дробязях. Яны назапашваюцца, могуць быць незаўважнымі, але з’ядаюць, піляць сук і паціху цябе разбураюць. Часам з вялізным пытаннем справіцца лягчэй, чым з такімі штодзённымі рэчамі.
Што б я сам сабе параіў? Спакайней успрымаць што твае родныя, дзеці, не робяць тое, чаго б табе хацелася, чаго ты ад іх чакаеш. І, можа, ты таксама не выконваеш нейкія іх спадзяванні. Змірыцца з тым, што ніхто не ідэальны. І ты таксама.
«Яшчэ да 2020-га мы прыдумалі, што гэта канапа, на якой паміраюць мары»
— Што сёння турбуе?
— Хочацца трошкі не прапусціць лета, як ні дзіўна гэта гучыць. За гэтымі клопатамі, справамі ўжондаў, легалізацыяй, зарабляннем грошай — не прапусціць неяк жыццё, каб трошкі яго адчуць. Хацелася б больш часу праводзіць з сям’ёй.
Ёсць нават такая прымаўка: «Калі ўлетку на сонцы не напячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся». Таму трэба ўжо зараз назапашваць станоўчыя эмоцыі.
— Каля трох год таму, у інстаграме, вы падзякавалі беларусам за падтрымку, казалі, што беларусы насамрэч разам і дапамагаюць адно аднаму. Ці змяніліся вашыя думкі на гэты конт?
— Гэта было пасля нашага сыходу з Купалаўскага. Прайшоў час і зараз больш яскрава зразумела, што ніхто не ідэальны, і нельга ўвесь час для ўсіх быць вельмі добрым.
Тады, у 2020-м, быў сапраўдны выбух, калі ўсе адно аднаго ўбачылі, разгледзелі, палюбілі, асэнсавалі, што ўсе мы беларусы і жывем у адной краіне. З цягам часу трываласць гэтага пачуцця, радаснага адкрыцця беларусаў, правяраецца менавіта доўгай дыстанцыяй.
Але мне падаецца, што і да гэтага часу тое пачуццё засталося. Так, яно стала больш комплекснае. У яго падмяшаліся розныя колеры, як у мульціку «Галаваломка», дзе спачатку дзіцёнак успрымае нешта адназначна — радасць, сум — а потым эмоцыі становяцца больш складанымі.
Усім нам хапае розных сітуацый, дзе мы вымушаны выжываць, перадумляць наноў жыццё, прафесію, неяк знаходзіць сабе месца. Гэта няпроста. Але ўсё роўна ў нас засталося адчуванне ўзаемадапамогі, і яно стала як быццам больш дарослае.
— Што першай справай зробіце, калі памарыць пра вяртанне ў Менск?
— Схадзіў бы да блізкіх, у «Цэнтральны» зайсці пастаяць з бутэрбродзікам ці выпіць кавы з вушкам ў «Караваі».
Можна і ў тэатр. Я працаваў у Купалаўскім 18 год, гэта мае адзінае месца працы ў Беларусі. Таму калі гэта вяртанне будзе — чаму не? Мы ўсе з задавальненнем туды зойдзем і паглядзім.
Мы, напэўна, да 2020-га, і я таксама, жылі ў нейкім свеце, трымаўшыся за гэты будынак, як быццам ён нясе нейкі сакральны сэнс. Не людзі, якія надавалі яму гэты сэнс, якія там працавалі.
Але я не разумею, навошта мне дазваляць сабе сантыменты ў дачыненні канапы, на якой я там сядзеў? Мы з яе дагэтуль смяемся.
Яшчэ да 2020-га мы прыдумалі, што гэта канапа, на якой паміраюць мары. Бывала прыходзіш у грымёрку загадзя: «О, можа што-небудзь яшчэ дадумаю да спектакля, мо якую песню?» А потым кладзешся на гэтую канапу і разумеешь: «Аай, нічога не хочацца, лепш адпачну».
«Канапа, на якой паміраюць мары». То бок я цёпла да яе стаўлюся, але не хацелася б узяць яе з сабой па жыцці.
Я не буду сумаваць ні па купалаўскіх люстэрках, ні па паху куліс, ні па канапе. Толькі па блізкіх людзях, якіх даўно не бачыў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное