Политика
Анастасія Зелянкова

Міхалевіча выключылі з партыі БНФ за інтэрв’ю “Салідарнасці”

14 чэрвеня адбылося чарговае пасяджэнне Сойму Партыі БНФ. Нягледзячы на адкрыты характар мерапрыемства, карэспандэнта “Салідарнасці” папрасілі пакінуць памяшканне. За гэты час было пастаўлена пытанне пра выключэнне з партыі намесніка старшыні Алеся Міхалевіча.

Сойм Партыі БНФ меў на мэце абмеркаваць пытанні падрыхтоўкі да наступных парламенцкіх выбараў, а таксама разгледзець дзейнасць камісіі партыйнага кантролю. Трэцім жа пунктам, паводле словаў старшыні партыі Лявона Баршчэўскага, значылася “рознае”.

Пасля вырашэння тэхнічных пытанняў, звязаных з вылучэннем кандыдатаў ад партыі і абрання ў склад камісіі партыйнага кантролю яшчэ двух членаў, старшыня Лявон Баршчэўскі абвясціў, што мае намер зрабіць штомесячную справаздачу.

— Паколькі ў маёй справаздачы могуць гучаць ацэнкі пэўным асобам не зусім станоўчага характару, я б хацеў, каб у залі засталіся толькі прадстаўнікі Сойму, -- заявіў ён.

— Ці могуць застацца журналісты? -- перапытаў сакратар управы Уладзімір Лабковіч.

— Толькі, калі яны члены партыі, -- абвясціў старшыня.

— Спадарыня Зелянкова, папрашу вас выйсці, калі ласка, -- звярнуўся выключна да мяне Лабковіч.

Усцешаная такой увагай да сваёй асобы, я без усялякіх пярэчанняў пакінула пасяджэнне.

Як потым высветлілася, за час маёй адсутнасці было пастаўлена пытанне пра выключэнне з партыі намесніка старшыні Алеся Міхалевіча. Адной з прычын стала інтэрв’ю Міхалевіча, дадзенае “Салідарнасці”.

Галасаванне праходзіла таемна. З 47 членаў Сойму, што прынялі ўдзел у галасаванні, 24 выказаліся за выключэнне Міхалевіча.

Трэба заўважыць: напярэдадні пасяджэння нават сам Міхалевіч не ведаў пра тое, што будзе ставіцца пытанне пра ягонае выключэнне. Ніхто з прысутных таксама не мог сказаць, ці збіралася камісія партыйнага кантролю, на вывучэнне якой было аддадзена ўзгаданае інтэрв’ю.

Нагадаем, што пасля дадзенай публікацыі старшыня Лявон Баршчэўскі абяцаў на з’ездзе, які адбудзецца ў жніуні, паставіць ультыматум: “Альбо ў партыі застанецца Міхалевіч альбо я”. Але не дачакаў, а мо вырашыў, што гэтае рашэнне болей шансаў правесці праз Сойм.

Пасля пасяджэння Сойму Лявон Баршчэўскі даў інтэрв’ю “Салідарнасці”, дзе расказаў, за што Міхалевіча выключылі з партыі, чаму ён шкадуе, і навошта выдаліў мяне з залі.

— Дык што стала фармальнай прычынай выключэння Міхалевіча?

— Фактычна Міхалевіч ствараў групоўку ўнутры партыі. Калі ў сацыял-дэмакратаў дазволена фракцыйная дзейнасць, то нашымі дакументамі гэта забаронена. Але чашу цярпення перапоўніла тое, што Міхалевіч абразліва выказаўся ў СМІ пра некаторых кіраўнікоў партыі, у тым ліку і старых. Ён да таго ж разаслаў свой бюлетэнь па сябрах фронту – я таксама атрымаў яго у канверце. Міхалевіч мае права выдаваць такі бюлетэнь, але тое, што ён там напісаў, абразіла многіх. Яго б не выгналі з партыі, калі б не гэтыя ўчынкі.

-- Калі падставай сталі абразлівыя выказванні, ці не збіраецеся вы ставіць пытанне пра выключэнне спадара Юрыя Хадыкі, які на адным з нядаўніх пасяджэнняў Сойма назваў Юрася Губарэвіча “прыблудай”?

— Я не буду гэта каментаваць. Узаемныя эмацыйныя выказванні былі і з аднаго і з другога боку. Як гэта будзе разгортвацца, паглядзім. У нас наперадзе з’езд. І, напэўна, там узнікнуць нейкія арганізацыйныя пытанні. Мы будзем у любым выпадку абнаўляць камісію.

-- А як атрымалася, што да нядаўняга часу нават невядома было пра пасяджэнне камісіі партыйнага кантролю па пытанні Міхалевіча?

— Я яшчэ месяц таму ў прысутнасці Міхалевіча перадаў на аналіз камісіі вашае інтэрв’ю і выдадзены ім бюлетэнь. Камісія не разглядала, добры чалавек Міхалевіч ці не, -- яна разглядала, ці парушыў ён нашыя палажэнні. Я ведаў, што пасяджэнне камісіі адбылося, але ў пісьмовым выглядзе атрымаў іх рашэнне толькі сёння.

— Як вы бачаце далейшую працу з Міхалевічам?

— Ён чалавек малады. Я думаю, што ён зробіць высновы, і яму можна будзе вярнуцца ў партыю. Нават у сойме ў нас ёсць чалавек, якога выключалі з партыі на тры гады.

Так што, калі Міхалевіч навучыцца камандна працаваць, рабіць унёсак у агульную справу, для яго дарога не закрыта. Тым больш ён застаецца намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання “БНФ. Адраджэнне”, таму мае магчымасць працаваць на Сядзібе, займацца любымі праектамі. У яго гэтае права ніхто не адбіраў.

Я абсалютна шкадую. Шкадую. Але інтарэсы канкрэтнай працы патрабавалі, каб я гэтае пытанне паставіў.

— Чым мая прысутнасць на пасяджэнні магла перашкодзіць?

— Менавіта, каб не парушыць Палажэнне аб партыйнай этыцы. Мы не маем права ў прысутнасці несяброў партыі крытыкаваць сяброў партыі. Тое палажэнне, якое парушыў Міхалевіч.

— Але ж пасяджэнне не было закрытым...

— Лічыце, што на гэты момант мы зрабілі яго закрытым.

Сам цяпер ужо былы намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч ад каментароў устрымаўся, аднак паабяцаў у бліжэйшы час даць інтэрв’ю “Салідарнасці” і выказаць сваё бачанне сітуацыі.

 

Таксама на гэтую тэму:

Алесь Міхалевіч: “Супраць мяне ў Партыі БНФ ужываюцца правераныя камуністычныя метады”

Лявон Баршчэўскі: “Мы не дзейнічаем метадамі КПСС. У нас больш жорсткія метады"

Аляксей Янукевіч: “Я сам буду вылучацца на старшыню Партыі БНФ”

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)