Политика
Мікола Бугай, «Наша Ніва»

Міхалевіч з турмы званіў жонцы, каб засцерагчы яе ад выступаў у Еўропе. Мілана: Ён гаварыў не сваім голасам

Арыштаваны экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч учора затэлефанаваў сваёй жонцы. Гэта здарылася каля 19-й гадзіны, расказвае Мілана Міхалевіч. Ён засцерагаў яе ад выступу на слуханнях у польскім Сойме. З яе словаў, «гэта быў ягоны голас, але ён гаварыў не сваімі словамі».

Фота Радыё Свабоды.

Званок бомкнуў на сотавы тэлефон Міланы. Яна ў гэты час была ў хаце разам з дочкамі. Муж папрасіў сказаць, на які нумар пазваніць, «каб было добра чуваць». Мілана сказала: на хатні. Яна мяркуе, што просьба «каб было добра чуваць» азначае, што размова запісвалася.

Перазваніўшы на хатні нумар, Алесь папрасіў, каб Мілана «не ехала ў Брусэль».

«Калі ты будзеш сябе паводзіць, як належыць і не паедзеш у пэўныя месцы, то ты цягам тыдня зможаш яшчэ раз пачуць мой голас», — сказаў ён.

«Я не магла пазнаць свайго мужа, — кажа Мілана, ледзь не плачучы. — Гэта быў ягоны голас, але не ягоная манера размаўляць».

Праз нейкі час прагучаў трэці званок:

«Даруй, сонейка, я памыліўся, — сказаў Міхалевіч. — Не ў Брусэль, а ў Варшаву».

Са словаў Міланы, было добра чуваць, што побач стаіць чалавек, які падказвае яе мужу, што гаварыць. «Лучшэ не ехать», — выразна пачула яна.

«Я задавала пытанні, на якія Алесь маўчаў», — расказвае Мілана. Ён сказаў, аднак, што ведае, што Рымашэўскага выпусцілі. На пытанне адносна дзіўных пераводаў яго з СІЗА КДБ на Валадарку і назад, што «ў турме КДБ я забыў толькі некаторыя рэчы».

— Што яны з табой зробяць, калі я не буду маўчаць? — запыталася Мілана ў мужа пры канцы.

— Горшага, чым ёсць, са мной ужо не зробяць, — уздыхнуў Алесь. — Калі цягам тыдня ад мяне не будзе ніякіх вестак, рабі ўсё, — паспеў сказаць ён.

Мілана Міхалевіч кажа, што першай задачай было для яе суняць гістэрыку старэйшай дачкі, якая пачула размову і напалохалася. Пасля спн. Міхалевіч да ранку думала, а ўранку рашыла: «У Варшаву паеду і буду выступаць».

Яна кажа, што за ноч абмеркавала некаторыя пытанні асабістай бяспекі са сваякамі.

А 9.00 яна патэлефанавала ў Рэдакцыю «Нашай Нівы», каб тое расказаць.

Мілана вымушана бярэ ў Варшаву і меншую дачку, якой толькі годзік.

Старэйшая дачка Міхалевічаў ходзіць у беларускамоўную гімназію. Да нараджэння другой дачкі Мілана Міхалевіч выкладала англійскую мову ў адным з універсітэтаў.

Мілана Міхалевіч кажа, што пытанне пра паездку на слуханні ў Варшаву абмяркоўвала праз скайп, але таксама праз тэлефон. Едзе яна туды на запрашэнне Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Нумар тэлефона, з якога званіў Алесь, сёння, са словаў Міланы, не адказвае. Гэта стацыянарны нумар тэлефона, зарэгістраваны па адрасе КДБ.

Выглядае, што КДБ мае задачу правесці лініі расколу як паміж абвінавачанымі, так і паміж сваякамі. Адных адпусцілі пад падпіску пра нявыезд, другіх вабяць той самай перспектывай.

Мілана Міхалевіч належыць да Камітэту «Вызваленне», у які аб’ядналіся сваякі палітвязняў.

Некаторыя з іх маюць выступаць сёння на слуханнях у Еўрапарламенце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)