Общество

Яна Сакалова

Міхалевіч: «Тое, што робяць улады, патрапляе пад шантаж — гэта артыкул Крымінальнага кодэксу»

Кіраўнік адвакацкага бюро, зарэгістраванага ў Празе, Алесь Міхалевіч — пра пагрозы канфіскацыі маёмасці апазіцыянераў.

Прапагандыст Тур заявіў, што колькасць беларусаў, якім пагражае страта пакінутай на радзіме нерухомасці, дасягае тысячы чалавек. Паводле яго слоў, улады робяць гэта быццам не толькі дзеля таго, каб зарабіць на канфіскаванай маёмасці, а каб мець рычагі ціску на палітэмігрантаў і вербаваць апазіцыянераў на свой бок.

Тур паведаміў, што з 257 фігурантаў крымінальнай справы, якія ўдзельнічалі ў выбарах у Каардынацыйную раду, ёсць людзі, якія ўжо пайшлі на супрацоўніцтва з рэжымам, каб захаваць маёмасць. Ці можна давяраць гэтай заяве і што чакае пакупнікоў кватэр, якія належаць апанентам рэжыму і палітуцекачам, пра гэта «Салідарнасць» пагутарыла з вядомым адвакатам Алесем Міхалевічам.

Алесь Міхалевіч

— Безумоўна, шантаж заўсёды на нейкі працэнт людзей працуе. І сказаць, што не будзе ніводнага, хто б на гэта павёўся, нельга. Таму што для кагосьці захаваць свой дом, які ён усё жыццё будаваў, ці сваю кватэру, ці ўвогуле сваю маёмасць — гэта будзе прыярытэтам. Таму я не здзіўляюся, што невялікая частка людзей на гэта пагодзіцца.

Ужо не першы раз беларуская ўлада выкарыстоўвае ўсе метады, абсалютна нелегальныя. Тое, што яны робяць, патрапляе пад шантаж — гэта артыкул Крымінальнага кодэксу. І калі хаця б штосьці зменіцца ў краіне, ёсць вялікая верагоднасць, што тыя, хто зараз гэта робіць, панясуць пакаранне.

— Што чакае таго, хто пойдзе на супрацоўніцтва з рэжымам. Напрыклад, яму скажуць: пабудзеш нашым агентам у Польшчы, а мы за гэта не забяром у цябе кватэру. Ці варта давяраць шантажысту?

— Я ўвогуле лічу, што весці перамовы з тэрарыстам і пагаджацца на нейкія ягоныя ўмовы, — няправільна. Але дапускаю, што сітуацыя кожнага канкрэтнага чалавека іншая. Разумею, далёка не ўсе людзі гатовыя страціць тую маёмасць, якую гадамі напрацоўвалі.

Мяркую, раскруціць увесь гэты махавік на вельмі вялікую колькасць людзей уладам будзе складана. Таму што патрэбная сур’ёзная адміністрацыйна-менеджарская праца.

— Былі ж ужо першыя ластаўкі, калі прадалі з аўкцыёну кватэры, у якіх нават былі зарэгістраваныя непаўнагадовыя дзеці. Напрыклад, кватэра Сяргея Ціханоўскага. І цяпер улады імкнуцца больш шырокае кола людзей уцягнуць у гэта.

— Думаю, што гэта проста пашырэнне практыкі — таго, што раней выкарыстоўвалася для адзінак, на масы.

— Калі зменіцца рэжым, ці рэальна будзе паводле права вярнуць маёмасць, адабраную дзяржавай. Што, калі там будуць іншыя ўладальнікі?

— У юрыспрудэнцыі вялікая распрацаваная база, як вярнуць прававую сітуацыю ў папярэдні час. Механізмы ёсць. Гэта можа быць механізм кампенсацыі тым людзям, якія маёмасць набылі.

Але ўпэўнены, што гэта будзе прамое вяртанне маёмасці тым людзям, у якіх яна была канфіскаваная.

І тут, канешне, вельмі важна, каб у выпадку з кватэрамі віпаў, пра якіх вы казалі, інфармаваць пакупнікоў: тое, што яны робяць, гэта вельмі рызыкоўна, і з вялікай доляй верагоднасці гэтая здзелка будзе прызнаная несапраўднай.

— Як юрыст можаце прывесці прыклад, як выкарыстоўваліся метады адымання маёмасці ў сусветнай практыцы, і чым гэта ўсё скончвалася?

— Такое выкарыстоўвалася ў розных кутках свету, але звычайна ў нармальных краінах такое магчыма толькі па рашэнні незалежнага суда і толькі ў тым выпадку, калі ёсць эканамічныя страты.

Умоўна кажучы, калі адбылася масавая акцыя, былі яе заяўнікі, былі эканамічныя страты. Хаця б нейкая логіка ёсць у тым, што прад’яўляюцца эканамічныя пакаранні праз аплату чагосьці. Тады нейкая мінімальная канфіскацыя маёмасці магчымая.

Але само па сабе гэта тыповае дзеянне дыктатарскіх краін. Не кажучы пра тое, што гэта парушае і беларускія законы, таму што ёсць мінімальна адна кватэра, якая не адымаецца. Наколькі я разумею, у беларускіх умовах ужо даўно пра гэта ўсе забыліся.