Міхалевіч: «Рэжым Лукашэнкі — гэта фактычна сіла бяссільных»

Адвакат, экс-кандыдат на пост прэзідэнта Беларусі — пра тое, як працаваў у гатэлі, жыццё ў эміграцыі і лёс Беларусі.

— Пасля таго, як ты быў кандыдатам у прэзідэнты, ты — доктар навук, ведаеш мовы — і павінен займацца паперкамі, гэта, на мой погляд, для мяне было капітальным даўншыфтынгам, — згадвае Алесь Міхалевіч на Рацыі. — Але на сённяшні дзень я ўдзячны лёсу за тое, што ў мяне быў гэты этап, я ведаю той узровень, да якога можна ўпасці. І няма нічога дрэннага, напрыклад, у тым, што чалавек працуе рэцэпцыяністам у гатэлі.

У 2010 годзе Алесь Міхалевіч быў кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі, за што трапіў за краты і два месяцы правёў у СІЗА КДБ. Пасля вызвалення палітык расказваў пра здзекі і катаванні ў дачыненні да яго ў засценках.

Праз кароткі час быў вымушаны пакінуць Беларусь і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

— На шчасце, у мяне была ангельская мова, чэшскую я таксама дастаткова хутка давёў да прыстойнага ўзроўню. Сям’я заставалася ў Мінску і мне трэба было думаць аб тым, каб ім дапамагаць.

Мы сустракаліся ў Цярэспалі. Ад месца, дзе я працаваў у Чэхіі, да яго была тысяча кіламетраў. У пятніцу пасля працы трэба было праехаць тысячу км, каб сустрэцца з сям’ёй, а ў нядзелю ўвечары да панядзелка раніцы трэба было праехаць наступную тысячу.

Гэта ўсё трэба было неяк фінансаваць, з грашыма было вельмі складана. За ўвесь свой эміграцыйны час я не падаваўся ні на якія гранты, у чыстым выглядзе выжываў, працуючы як звычайны чалавек.

Быў момант, калі пайшоў працаваць начным рэцэпцыяністам у пяцізоркавы гатэль. У мяне быў вельмі прыгожы касцюм, расшыты залатымі ніткамі. Я быў начальнікам, front office manager, і ў мяне быў падначалены ахоўнік (усміхаецца).

Праца для мяне была прыемная, мае ангельская, нямецкая і руская мовы былі прыдатныя. Гэта дазволіла пайсці працаваць ва ўніверсітэт, дзе я амаль не атрымліваў грошай, бо меў толькі чатыры гадзіны на месяц.

Было цяжка, але эміграцыя — гэта заўсёды цяжка, асабліва эміграцыя, да якой не рыхтуешся. Як і эміграцыя 2020 года, да якой большасць з выехаўшых беларусаў не рыхтаваліся.

І ўсё ж з голаду ніхто не памёр. А шмат хто з тых, хто выехаў пасля выбараў 2010 года, даўно ўзняліся, займаюць сур’ёзныя пасады альбо раскруцілі свае бізнесы і цвёрда стаяць на нагах. Гэта беларусы, якімі я ганаруся, — кажа Міхалевіч.

Дарэчы, сам юрыст мае ўласнае адвакацкае бюро ў Празе.

«Беларусы крутыя, таму што ў нас ёсць інстытуцыі»

— Заўсёды ў незалежнай Беларусі пачынаўся ўздым і жылося добра тады, калі ў Расіі былі крызісы. Гэта і Першая сусветная вайна з рэвалюцыяй, і Другая сусветная вайна, гэта і 1991-1992 гады, — нагадвае Міхалевіч, разважаючы пра апошнія падзеі. — Непазбежна будзе наступны этап.

І на наступным этапе Беларусь стане вольнай. Думаю, што гэта можа адбыцца дастаткова хутка, таму што любыя сістэмы, такія як лукашэнкаўская ці сённяшняя расійская, здзяйсняюць памылкі.

Калі адзін чалавек, не кансультуючыся ні з кім, нават з палітбюро ўласнай партыі, як гэта было ў савецкія часы, прымае такія рашэнні, як, напрыклад, напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Ці міграцыйны крызіс і штучны завоз мігрантаў, якія штурмуюць мяжу. Гэта, безумоўна, памылка.

І ў сістэмах, дзе ўсім кіруе адзін чалавек, нават самы разумны (а мы ведаем, што чалавек, які прымае рашэнні ў Беларусі, далёка не самы разумны, у яго проста ёсць прага да ўлады), мы ўвесь час будзем бачыць новыя і новыя памылкі.

Некаторыя з іх могуць стаць фатальнымі, калі неадэкватныя рашэнні пачынаюць прымацца вельмі хутка.

Пры гэтым для мяне вельмі важна, каб змены ў Расіі і Беларусі былі скаардынаваныя. Бо калі Лукашэнка проста заўтра памрэ, для нас гэта не самы карысны варыянт, таму што на сённяшні дзень у Расіі ёсць поўны кантроль на тэрыторыі нашай краіны.

З’явіцца магчымасць ставіць каго заўгодна да абвяшчэння Беларусі расійскай правінцыяй.

Хаця, як мне здаецца, у 2020 годзе беларусы прадэманстравалі, што з’яўляюцца аўтаномнай незалежнай нацыяй. Хочацца спадзявацца, што нават пра фармальнае далучэнне Расія думаць не будзе.

Палітык прызнаецца, што паважае выбар беларусаў 2020 года і, у адрозненне ад некаторых, дагэтуль лічыць яго нашай перавагай.

— Беларусы крутыя, таму што ў нас ёсць інстытуцыі. Будучы ў эміграцыі, у нас ёсць прэзідэнт-элект, ёсць свой урад, ёсць рэальна абраны протапарламент — Каардынацыйная рада.

І калі аналізаваць вопыт іншых краін, паглядзець хаця б на тое, што ёсць у расійскай апазіцыі, разумееш, што мы — унікальныя.

Я не думаю, што сёння ёсць магчымасць ацаніць тое, што робіць Святлана Ціханоўская. А яна робіць фантастычную працу, даязджае да тых месцаў, дзе не быў ніводны прадстаўнік беларускай апазіцыі.

Яна была ў Люксембургу, у Ісландыі. Нядаўняя паездка ў Арменію — гэта прарыў, сапраўды гістарычная паездка, бо Арменія першы раз на такім узроўні прымала прадстаўніка беларускай апазіцыі.

І мне вельмі дзіўна, калі простыя людзі ці эксперты не заўважаюць і не разумеюць, што ніхто іншы не будзе мець такой легітымнасці, каб яго запрашалі і прымалі.

Якая з гэтага карысць? Відавочная, бо пра нас ведаюць замежныя эліты, таму што з Ціханоўскай сустракаюцца на ўзроўні прэзідэнтаў, прэм’ераў, міністраў замежных спраў.

І сусветныя палітычныя эліты ўжо сёння прызвычайваюцца да таго, што заўтра Беларусь, з Ціханоўскай ці без яе, але будзе ў еўрапейскай сям’і.

Калі знікне сёння Ціханоўская, не паўстане нічога новага, і для Беларусі гэта будзе горш. А наперадзе, калі ў Беларусі будуць новыя рэальныя выбары, мы пабачым вельмі шмат новых, а, можа, і старых цікавых людзей.

І гэта будзе верыфікацыя ў працэсе выбараў. Але пакуль у нас няма наступных выбараў, дзе можна абраць новую Ціханоўскую.

Я не прадстаўнік яе Офіса, не яе адвакат і мяне ніхто не наймаў яе абараняць, але тое, што яна робіць — такі жывы прыклад беларускаму народу, калі чалавек не збіраўся нешта рабіць, але яго выбраў час, выбрала наўпрост сітуацыя — і ён запрогся і цягне.

Так, Кабінет Ціханоўскай трымае Беларусь на парадку дня еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Калі зараз убраць Ціханоўскую, на большасці форумаў Беларусі не будзе ўвогуле, — упэўнены Міхалевіч.

«Жудасныя рэпрэсіі — гэта дэманстрацыя бездапаможнасці»

Вельмі аптымістычна палітык уяўляе сабе і будучыню беларусаў.

— Беларусы класныя і адэкватныя. І рэпрэсіі Лукашэнкі таксама паказваюць: ён разумее, што яго ніхто не пачаў любіць, яму не ўдалося зрушыць стаўленне людзей.

Нічога не змянілася, ён як быў асобай, якую ненавідзелі, так і застаўся. А жудасныя рэпрэсіі — гэта дэманстрацыя бездапаможнасці.

У Вацлава Гавэла, чэшскага выбітнага дысідэнта, які па волі лёсу пасля стаў прэзідэнтам, была кніга: «Сила бессильных». Рэжым Лукашэнкі — гэта фактычна сіла бяссільных. Яны трымаюцца на расійскіх штыках, на расійскай падтрымцы і ведаюць, што без гэтага ім немагчыма.

Таму мы мусім проста дачакацца свайго моманту. У тым, што ён ужо блізка, у мяне няма ніякіх сумневаў.

І ў Беларусь вернемся. На гэты конт у мяне таксама няма ніякіх сумневаў як у чалавека, які ўжо вяртаўся ў Беларусь у 2015 годзе пасля вымушанай эміграцыі. Для мяне гэта будзе ўжо другое вяртанне, — кажа Міхалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(23)