Скандалы
Анастасія Зелянкова

Міхалевіч праз суд патрабуе ад “Советской Белоруссии” вядро для бульбы

Намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч падае на газету “Советская Белоруссия” іск у суд аб абароне гонару і годнасці.У якасці кампенсацыі за маральную шкоду ён патрабуе 6160 рублёў — менавіта столькі каштуе новае вядро, у якім Мiхалевіч збіраецца прынесці ўласна вырашчаную бульбу ў рэдакцыю газеты.

У артыкуле "Крутой мираж" ад 11 студзеня аўтар, выказваючы сваю думку наконт пратэсту прадпрымальнікаў, адзначае:"Потому они (ІП — “С”) искренне полагают, что никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич — Милинкевич реально помогут им в специфических предпринимательских проблемах".

Намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч палічыў, што гэтым выказваннем газета закранула ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю і падаў у суд іскавую заяву.

— Кожны год, як і любая вялікая беларуская сям’я, мы саджаем бульбу, — распавёў “Салідарнасці” пра свае сельскагаспадарчыя дасягненні Алесь Міхалевіч. — Эканамічнай эфектыўнасці я ў гэтым не бачу ніякай. Але ўсё гэта роўна раблю — у нас так прынята. Саджаю на ўчастку ў цешчы. І як на самага маладзейшага мужчыну ў сям’ на мяне кладзецца асноўны цяжар працы. Таму словы, што я за сваё жыццё не вырасціў ніводнага вядра бульбы, для мяне гучаць як абраза.

Палітык патрабуе ад газеты абвергнуць на сваіх старонках непраўдзівыя звесткі і ў якасці маральнай кампенсацыі выплаціць яму 6160 беларускіх рублёў.

— Менавіта столькі каштуе ў ГУМе новае вядро для бульбы, — адзначае Міхалевіч. — Я абавязкова куплю яго, калі судовае рашэнне будзе на маю карысць — у што я, канешне слаба веру. Абяцаю выкарыстаць гэтае вядро па прызначэнні.

Міхалевіч таксама заўважыў, што нягледзячы на аграрныя поспехі, прадаваць прадукт уласнай вытворчасці яму сапраўды не даводзілася.

— Але калі “Советской Белоруссии” гэта так неабходна, я асабіста прынясу ім у редакцыю вядро бульбы і прадам па ўзгодненай цане.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)