Политика
Анастасія Зелянкова

Міхалевіч кінуў выклік Вячорку

8 снежня на з’ездзе Партыі БНФ будзе абраны яе лідэр на наступныя чатыры гады. Канкурэнцыю цяперашняму кіраўніку партыі Вінцуку Вячорку складзе ягоны намеснік Алесь Міхалевіч. У інтэрв’ю “Салідарнасці” ён расказаў, што новага можа прапанаваць партыі ў выпадку свайго абрання, якія недахопы бачыць у сённяшнім кіраўніцтве і калі зменіцца ўлада ў Беларусі.

— Дык хто ж такі Алесь Міхалевіч?

— Я прыйшоў у Партыю БНФ у 1993 годзе. Прычым прыйшоў у значнай ступені дзякуючы таму, што маім выкладчыкам у гуманітарным ліцэі, які цяпер вядомы як Дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, быў Вінцук Вячорка. Ён выкладаў у мяне гісторыю і культуру беларускай мовы.

— Вось так прыйшлі і “падседзелі” свайго настаўніка...

— Канешне, у пэўным сэнсе інтрыгай з’езду будзе тое, што кандыдат з’яўляецца вучнем цяперашняга старшыні. Але ў нас няма вельмі істотных канфліктаў. Мы маем поўную згоду адносна праграмы партыі.

У любым разе пасля майго абрання праграмных зменаў не будзе — Партыя БНФ застанецца той жа Партыяй БНФ з тымі ж мэтамі, якія былі спрадвеку — незалежнасць Беларусі, прававая дзяржава, імкненне да рынкавых рэформ. Іншае пытанне, калі гаварыць пра стратэгію, пра тое, якім чынам прыйсці да ўлады, якім чынам змяніць сённяшнюю ўладу. Тут адрозненні вельмі істотныя.

— А ў чым вы бачыце недахопы сённяшняга кіраўніцтва?

— Вінцук Вячорка з’яўляецца перад усім інтэлігентам і інтэлектуалам.

— Сур’ёзны недахоп...

— Для такіх людзей заўсёды вялікай праблемай з’яўляецца прыняцце рашэнняў. Яны перш за ўсё думаюць пра тое, каб не нашкодзіць. А трэба памятаць, што любое рашэнне, якое прымаецца, так ці інакш не задавальняе нейкую частку людзей.

У нашай сітуацыі, калі мы знаходзімся ў поўнай апазіцыі, калі мы не маем свайго прадстаўніцтва ў парламенце, страцілі прадстаўніцтва ў мясцовых саветах, вельмі важна прымаць рашэнні хутка. Бо сітуацыя развіваецца імкліва. Часам нават няважна, ці будзе рашэнне пайсці ў абыход направа, ці ў абыход налева — галоўнае не стаяць на месцы.

Вінцук быў бы ідэальным старшынёй партыі для часу стабільнага — калі мы з’яўляліся б партыяй кіруючай, калі ўсё адладжана і працуе. На жаль, пра цяперашнюю Партыю БНФ, як і пра ўсю апазіцыю, такога сказаць нельга.

Мы знаходзімся зараз у адным з найгоршых этапаў свайго развіцця, аб’ектыўна колькасць актывістаў партыі зменшылася. Я маю на ўвазе не колькасць выдадзеных пасведчанняў сяброў партыі, а менавіта актывістаў — тых, хто ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. Напрыклад, у апошняй прэзідэнцкай кампаніі прымала ўдзел яшчэ менш людзей, чым ў выбарах, калі нашым кандыдатам быў Сямён Домаш.

Я лічу, што на цяперашні момант мне стаць старшынёй партыі вельмі важна, бо там, дзе двое нашых моцных ворагаў — я маю на ўвазе Лукашэнку і Крэмль — змагаюцца паміж сабой, для нас з’яўляецца поле для манёўраў.

— І як вы збіраецеся выкарыстаць гэты канфлікт?

— Усе мы заўважылі, што павышэнне цэн на газ усё роўна непахісна вядзе да памяншэння рэйтынгу Лукашэнкі. Усе эканамічныя праблемы, якія можа ствараць Расея, нязменна будуць уплываць на гэта.

На маё бачанне, у Крамлі ўжо прынята рашэнне пра замену Лукашэнкі. Расея страшэнна незадаволена тым, што ён робіць. Прычым незадаволена як у эканамічнай сферы, так і ў знешне-палітычных ці вайсковых пытаннях.

Напрыклад, з беларускага міністэрства абароны беларускія дэлегацыі рэгулярна ездзяць у Брусэль па праграме “Партнёрства дзеля міру”, і гэтыя візіты зараз інтэнсіфікаваліся. Расія гэтыя крокі заўважае. Яна разумее, што гэта намёк з боку Лукашэнкі: маўляў, не будзеце з намі дамаўляцца па пытаннях нафты, газу і субсідыравання нашай эканомікі, мы можам сыйсці ад вас не толькі ў эканамічным плане, але і ў плане вайсковым.

На мой погляд, Расія будзе актыўна рыхтаваць аперацыю па замене Лукашэнкі. І зусім не факт, што гэтая аперацыя будзе прымеркаваная да выбараў 2011 года. Я перакананы, што яны будуць спрабаваць гэта дзесьці праз год пасля расійскіх выбараў.

Пакуль два бакі будуць аслаблены ўзаемным змаганнем, гэта створыць для нас магчымасці вельмі актыўна сцвердзіць сябе перад беларускім грамадствам і карыстаючыся ў тым ліку і нашым уплывам у Еўропе і на Захадзе, проста ўзяць уладу ў Беларусі.

— Адразу ж можна прадбачыць кпіны ў ваш бок, што вы менш за ўсё турбуецеся пра інтарэсы дзяржавы, а думаеце толькі пра сябе...

— Зразумела, калі казаць, хто для нас большы вораг... Не, мне не падабаецца выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Я звыкся выбіраць паміж добрым і вельмі добрым. І сённяшнія выбары ўнутры Партыі БНФ паміж Вінцуком Вячоркам і мной — гэта якраз той самы выпадак.

— І “вельмі добры” — гэта, канешне, вы?

— Сціпласць мяне заўсёды ўпрыгожвала.

— Вячорка з’яўляецца старшынёй партыі з 1999 года, і ўжо фактычна атаясамліваецца з БНФ...

— Партыя БНФ — і гэта наша вялікае дасягненне — з’яўляецца партыяй дэмакратычнай. Я прыхільнік таго, што немагчыма сёння ў Беларусі пабудаваць дэмакратыю, не пабудаваўшы дэмакратыю унутры сваіх структураў. У Партыі БНФ рашэнні прымаюцца дэмакратычна. І спадзяюся, што кіраваць партыяй гэтым разам давераць мне.

— Наконт дэмакратычнасці: здаецца, на мінулым з’ездзе спадар Фёдараў папракаў Вінцука Вячорку ва ўзурпацыі ўлады?

— І гэта таксама з’яўляецца праявай дэмакратычнасці, бо ў недэмакратычыных арганізацыях Фёдараву такога проста б не дазволілі сказаць. Можна спрачацца пра ўзровень дэмакратыі, зразумела, не бывае абсалютнай дэмакратыі, але так ці інакш фальсіфікацый падчас выбараў у партыі ніколі не было і, перакананы, не будзе.

— Значыць, пры любым выніку галасавання гучных скандалаў і нейкіх расколаў у шэрагах БНФ чакаць не прыйдзецца?

— Я перакананы, што скандалаў не будзе. Будзе далейшая скансалідаваная праца.

— Сёння Партыя БНФ ўжо не займае той вядучай пазіцыі, якую мела некалі — яна толькі адна з многіх. Як вы збіраецеся вяртаць страчаны аўтарытэт?

— Я перакананы, што мы вернем павагу да БНФ, і вернем не проста былы ўплыў, а яшчэ больш яго замацуем. Для мяне вельмі важна наладзіць эфектыўную камунікацыю з грамадствам у цэлым.

Перш за ўсё я кажу пра наяўнасць сваіх газет, праз якія мы даносім інфармацыю да людзей — я маю на ўвазе газеты, якія мы можам раскідваць у паштовыя скрыні, — вельмі важна наладзіць інфармацыйную працу праз інтэрнет-рэсурсы. Але таксама неабходна эфектыўна працаваць з тымі сацыяльнымі групамі, якія з’яўляюцца патэнцыйна пратэстнымі.

Я маю на ўвазе індывідуальных прадпрымальнікаў, якія зараз перажываюць далёка не самыя лепшыя часы і якіх Лукашэнка сваім указам спрабуе зліквідаваць як клас. Другой важнай групай я разглядаю актыўных вернікаў хрысціянскіх канфесій — перш за ўсё пратэстантаў і каталікоў. Трэцяя група, над якой мы павінны вельмі істотна папрацаваць і якую вельмі баяцца сённяшнія ўлады, актыўная моладзь — тыя, хто ў зводках КДБ праходзяць як “представители радикальных политизированных молодежных группировок”. Я перакананы, што маю магчымасці зрабіць так, каб моладзевы рух развіўся да вельмі істотнага ўзроўню.

Яшчэ адной вельмі істотнай групай з’яўляюцца рабочыя. Ясна, што для Мінска гэтая група згубіла свой важны статус, але сёння яны важныя перш за ўсё ў рэгіёнах, дзе знаходзяцца горадастваральныя прадпрыемствы — гарадзенскі “Азот”, салігорскі “Беларуськалій”, жлобінскі металургічны завод, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку. Калі мы, у тым ліку і з дапамогай адпаведных грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў, эфектыўна папрацуем з гэтымі людзьмі, гэта істотна зменіць сітуацыю ў Беларусі.

— А вам не падаецца, што БНФ, як і іншыя апазіцыйныя партыі, крыху заігралася ў цацкі — раскідванне ўлётак і вулічныя акцыі на 15 чалавек не вырашаць сітуацыі. Што новага вы можаце прапанаваць?

— Уся праблема беларускай апазіцыі і ў цэлым незалежнага грамадства — гэта праблема эфектыўнага кіравання. Калі ва ўлётцы, якую мы даносім, незразумела сфармулявана ідэя — яна не мае ніякага сэнсу, і лепш яе проста не рабіць. Але калі ў ёй уздымаецца праблема, якая хвалюе людзей, калі яна зроблена прафесійна і якасна — гэта можа паўплываць і ўзняць нейкае пытанне ў грамадстве.

Што да мітынгаў, то я лічу, што лепш назапашваць сілы і чакаць моманту, калі розныя, у тым ліку і пералічаныя мной сацыяльныя групы, саспеюць да таго, каб выходзіць на палітычныя мерапрыемствы, чым проста з году ў год арганізоўваць мітынгі, на якія збярэцца 5 тысяч чалавек, каб проста прадэманстраваць самім сабе, што мы яшчэ існуем. Праблема таксама ў тым, нашы партыі, як зрэшты і кааліцыя ў цэлым, сёння збольшага занятыя выжываннем — такая сітуацыя.

Мая задача — выцягнуць Партыю БНФ з гэтага зачараванага кола і зрабіць так, каб з простага, звычайнага выжывання мы маглі заняцца працай па сапраўдным прыходзе да ўлады. Для таго, каб гэта зрабіць, вельмі важна мець канцэпцыю, мець разуменне, што і якім чынам змяняць.

— І вы такое разуменне маеце?

— Так, маю. Я разумею, што ўсе зараз чакаюць нейкай новай выратавальнай тэхналогіі. На жаль, казак не бывае.

Калі мы ўзгадаем досвед польскай “Салідарнасці” ці сітуацыю з Хартыяй ў Чэхаславаччыне — там сітуацыя змянілася дзякуючы некалькім рэчам: знешняму ўплыву — я маю на ўвазе дэстабілізацыю ўнутры Савецкага Саюза, — але перш за ўсё дзякуючы шматгадовай, эфектыўнай, штодзёнай працы грамадскіх палітычных актывістаў у гэтых краінах. Для пачатку трэба зрабіць так, каб большасць людзей была ўпэўнена ў тым, што тыя, хто прапануюць альтэрнатыву, дакладна ведаюць, што яны хочуць зрабіць.

— Як вы бачыце далейшыя адносіны Партыі БНФ з іншымі дэмакратычнымі партыямі і іх лідэрамі?

— Я лічу, што Мілінкевіч выконвае вельмі добра функцыю нашага сцяга. І я бачу задачу Партыі БНФ быць рухавіком, які дасягне таго, каб гэты сцяг быў у адміністрацыі прэзідэнта.

Зразумела, не бывае ідэальных людзей. Мілінкевіч таксама не ідэальны. Але мая пазіцыя ў тым, што сёння без наяўнасці аднаго пазнавальнага, папулярнага лідэра, вакол якога мы здолеем аб’яднаць беларускае грамадства, мы нічога не зробім.

Зараз мы такую фігуру не створым, таму што механізму для гэтага няма: у нас няма доступу да сродкаў масавай інфармацыі, мы не здолеем хутка зрабіць кагосьці пазнавальным і папулярным. Калі мы цяпер знішчым Мілінкевіча, мы станем проста назіральнікамі за тым працэсам, за той гульнёў, якая будзе развівацца паміж Крамлём і Лукашэнкам.

Крэмль, на мой погляд, вельмі спужаўся, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў Мілінкевіч стаў рэальна пазнавальнай і папулярнай фігурай у беларускім унутрыпалітычным жыцці. У значнай ступені шмат намаганняў у Расіі было накіравана на тое, каб знішчыць уплыў Мілінкевіча. Крэмль хацеў мець стандартную гульню ў Беларусі. А тут узнік абсалютна непрадбачна для іх нейкі Мілінкевіч, якога падтрымала значная частка беларускага грамадства, які стаў вядомай асобай, і — што для Масквы было вельмі небяспечна — якога падтрымаў Захад — прычым і ЗША і ЕС.

Канешне, Расія гэтага спужалася, і паспрабавала зрабіць усё магчымае, каб Мілінкевіч перастаў існаваць як лідэр аб’яднанай апазіцыі. У пэўным сэнсе гэтым я таксама тлумачу апошні кангрэс дэмакратычных сілаў, па выніках якога Мілінкевіч перастаў быць прадстаўніком усіх аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

— Гэта значыць, што вы гатовыя ісці ў піку з шэрагам іншых партый і іх кіраўнікамі, у якіх іншая думка наконт “сцяга Беларусі”?

— Ёсць многія партыя, якія падзяляюць думку наконт лідэра. Ды тут не мае значэння, што прызнаюць партыі, вельмі важна, каб Мілінкевіча прызнаў беларускі народ.

Я лічу, што кааліцыя не з’яўляецца самамэтай. Кааліцыя важная тады, калі ствараецца для пэўнай сумеснай працы. На сённяшні момант я не бачу сумеснай працы ў межах кааліцыі.

Я не ўпэўнены, што ідэя вылучэння аднаго кандыдата па адной акрузе на наступных палатных выбарах — гэта сумесная праца. Гэта хутчэй дэманстрацыя слабасці.

Але кааліцыя патрэбная. Я перакананы, што яна будзе захоўвацца, але ёсць верагоднасць, што яна будзе у пэўнай ступені змяняцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)