Общество

Міты і праўда пра новы каранавірус

Брытанскае выданьне The Guardian апытала мэдычных экспэртаў, каб даведацца, ці можна верыць распаўсюджаным заявам пра тое, чым нам пагражае эпідэмія новага каранавірусу, піша Радыё Свабода.

Сьцьвярджэньне: «Гэта ня больш небясьпечна за звычайны грып»

Шмат хто з захварэлых сапраўды будзе мець сымптомы як ў звычайнага сэзоннага грыпу. Але новая хвароба — у тым ліку працэнт сьмяротнасьці ад яе — выглядае больш сур’ёзна. На пачатку эпідэміяў узровень сьмяротнасьці можна пераацаніць, бо лёгкія выпадкі часта не рэгіструюцца. Але экспэрт Сувьветнай арганізацыі аховы здароўя Брус Эйлвард, які ўзначальваў місію ў Кітай, паведаміў на гэтым тыдні, што цяперашняя ацэнка пра 1% сьмяротных выпадкаў ад хваробы, хутчэй за ўсё, адэкватная. Гэта робіць Covid-19 прыблізна ў 10 разоў больш небясьпечным для жыцьця, чым звычайны грып, ад якога штогод ва ўсім сьвеце памірае ад 290,000 да 650,000 чалавек.

Сьцьвярджэньне: «Гэты вірус забівае толькі старых, таму маладыя могуць расслабіцца»

Большасьць маладзейшых людзей, калі ў іх няма іншых сур’ёзных праблем са здароўем, сапраўды не захварэе ў найцяжэйшай форме на Covid-19. Але гэтая хвароба з большай імавернасьцю выкліча сур’ёзныя сымптомы, чым сэзонны грып. Акрамя таго, ёсьць групы рызыкі — напрыклад мэдыкі — бо яны могуць сутыкнуцца з вышэйшай канцэнтрацыяй вірусу. Дзеяньні маладых і агулам здаровых людзей — паведамленьне пра сымптомы, выкананьне інструкцыяў падчас карантыну — будуць вельмі важнымі, каб абараніць найслабейшых і агулам узяць эпідэмію пад кантроль.

Сьцьвярджэньне: «Маскі тут не дапамагаюць»

Сапраўды, маска не дае гарантыяў, што вы не захварэеце. Вірусы могуць трапіць у арганізм праз вочы, а дробныя віральныя часьцінкі могуць пранікаць праз маскі. Аднак маскі абараняюць ад кроплевай перадачы каранавірусу, якая зьяўляецца самай пашыранай. Паводле некаторых дасьледаваньняў, маска у пяць разоў зьніжае рызыку перадачы вірусу. Калі вы шчыльна кантактуеце зь некім, хто можа быць заражаны, маска мае сэнс. Калі вы проста ходзіце па горадзе ў масцы, ад гэтага наўрад ці будзе нейкая розьніца.

Сьцьвярджэньне: «Каб заразіцца, трэба быць з інфікаваным прынамсі 10 хвілін»

Для грыпу некаторыя шпіталі вызначаюць кантакт з хваробай як знаходжаньне больш за 10 хвілін на адлегласьці менш за 2 мэтры ад інфікаванага, які чыхае ці кашляе. Аднак можна заразіцца і за карацейшы час. Можна падхапіць вірус нават з прадметаў ці паверхняў, хоць гэта і менш распаўсюджаны спосаб перадачы інфэкцыі.

Чалавек у масцы сярэднявечнага чумнага доктара ля БНТУ, дзе выявілі першы выпадак заражэньня новым каранавірусам у Беларусі, 28 лютага

Сьцьвярджэньне: «Вакцына можа быць гатовая ўжо празь некалькі месяцаў»

Навукоўцы хутка пачалі працу над вакцынай ад новага каранавірусу. Аднак выпрабаваньні і масавая вытворчасьць вакцыны — гэта доўгі працэс. Калі такая вакцына будзе праз год, дык гэта ўжо хутка.

Сьцьвярджэньне: «Калі будзе абвешчана пандэмія, мы ўжо нічога ня зможам зрабіць, каб спыніць распаўсюд хваробы»

Пандэмія вызначаецца як распаўсюд хваробы па ўсім сьвеце, але парог для яе абвяшчэньня ясна ня вызначаны. На практыцы, меры супраць хваробы не залежаць ад таго, ці абвешчаная пандэмія.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)