Мірон вывесіў у Віцебску бел-чырвона-белыя сьцягі да Дня Волі

У суботу, 24 сакавіка, каля 9-й вечара нацыянальны сьцяг залунаў у Віцебску над так званым Духаўскім круглікам — цаглянай вежай, якую цяпер адбудоўваюць паводле гістарычных дакумэнтаў каля летняга амфітэатру. А напярэдадні мінакі бачылі нацыянальны сымбаль над будынкам політэхнічнага ліцэю №1 на вуліцы Леніна.

Паводле пэўных крыніц, да сьцягу была прымацаваная цыдулка са словамі "Слава і вечная памяць героям Беларускай Народнай Рэспублікі! Мірон".

Літаральна праз колькі хвілінаў міліцыянты наладзілі патруляваньне бліжэйшых двароў і вуліц, аднак няўлоўны Мірон унікнуў ад пагоні і гэтым разам. Сфатаграфаваўшы бел-чырвона-белы сьцяг, які лунаў на вежы, супрацоўнікі міліцыі зьнялі яго ды завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел.

Таксама ў пятніцу каля 23-й вечара яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на выезьдзе зь Віцебску ў бок Полацку — прыкладна за паўкілямэтра ад канцавога трамвайнага прыпынку на вуліцы Цітова. Гэтым разам сьцяг быў прымацаваны над шашой, на электрычных дратох пад напружаньнем 110 тысяч вольт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)