Политика

Мірон вывесіў сьцяг ля віцебскай управы МУС

Мінулай ноччу бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў Віцебску на даху дома №41 па праспэкце Фрунзэ. У суседнім будынку пад нумарам 41А месьціцца Віцебская абласная ўправа Міністэрства ўнутраных справаў, паведамляе Радыё Свабода.

"Мне стала вядома, што недалёка ад абласной управы Міністэрства ўнутраных спраў, на даху пяціпавярховага жылога дому, залунаў сьцяг. Да яго прымацавана цыдулка наступнага зьместу: "Віншую ўсіх грамадзянаў Беларусі са сьвятам Незалежнасьці! Радзіма для нас — усё, мы без яе — нішто." Подпіс "Мірон", — паведаміў ”Радыё Свабода” грамадзкі актывіст Барыс Хамайда.

Міронаў сьцяг лунаў над праспэктам усяго некалькі хвілін, бо яго амаль адразу заўважыў нехта з супрацоўнікаў міліцыі. На месца здарэньня зьехаліся некалькі патрульных міліцэйскіх аўтамабіляў, а таксама была выклікана пажарная машына з раскладной лесьвіцай. Бел-чырвона-белы сьцяг пад наглядам міліцыі зьнялі супрацоўнікі падразьдзяленьня Міністэрства ў справе надзвычайных сытуацыяў.

Міліцыянты таксама запісалі пашпартныя дадзеныя карэспандэнтаў незалежных СМІ, якія назіралі за падзеямі, ды перагледзелі іхныя асабістыя рэчы ў сумках. Найбольшую цікаўнасьць ахоўнікаў правапарадку выклікаў фотаапарат, а таксама наяўнасьць у пашпартах журналістаў польскіх візаў.

Сфатаграфаваць бел-чырвон-белы сьцяг карэспандэнтам так і не ўдалося.

У вось у Магілёве, дзе таксама былі вывешана бел-чырвона-белыя сьцягі, супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістку і грамадскага акытвіста, якія аказаліся на месцы здарэння. Незалежную журналістку Ганну Ільіну і кіраўніка гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Стральцова зьвінавацілі ў тым, што яны без дазволу фатаграфавалі міліцыянтаў і адвезлі ў Ленінскую управу ўнутраных спраў Магілёва. Бел-чырвона-белы сьцяг міліцыянты таксама забралі з сабою.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)