Мірон ізноў вывесіў сьцяг

Сьцяг быў прымацаваны да апораў якраз пасярэдзіне Кіраўскага моста ў Віцебску. Вецер гайдаў бел-чырвона-белае палотнішча на тросе з грузам, і яго было добра відаць мінакам як з аднаго, так і з другога боку.

Людзі заўважылі зьяўленьне нацыянальнага сымбалю недзе каля 9-й вечара. Нехта паведаміў пра гэта ў міліцыю, і каля моста сабраліся каля дзесятка супрацоўнікаў на некалькіх службовых машынах: адна група спынілася каля тэатру імя Якуба Коласа, другая — на процілеглым беразе Дзьвіны ў пачатку вуліцы імя Кірава, яшчэ двое міліцыянтаў уладкаваліся на мосьце. Яны загадвалі мінакам не спыняцца і хутчэй праходзіць па сваіх справах.

Міліцыянты спрабавалі забарніць журналістам незалежных СМІ фатаграфаваць сьцяг, хаця й рабілі гэта ў досыць карэктнай форме. Убачыўшы, што патрабаваньне не выконваецца, супрацоўнік міліцыі прапанаваў карэспандэнтам Радыё Свабода і газэты "Віцебскі курер" "прайсьці" зь ім, аднак затрымліваць нікога ня стаў, адно што адвёў падалей ад месца здарэньня.

На разьвітаньне міліцыянт пацікавіўся, ці ня ведаюць журналісты, дзе цяпер знаходзіцца вядомы тутэйшы апазыцыянэр Барыс Хамайда, якога бачылі ў гэтым раёне з паўгадзіны таму. На пытаньне, ці не падазраюць спадара Хамайду ў вывешваньні бел-чырвон-белых сьцягоў, — а зьяўленьне нацыянальных сымбаляў у цяжкадаступных месцах стала апошнім часам у Віцебску даволі частай зьявай — супрацоўнік міліцыі адказваць ня стаў.

Праз некаторы час спадар Хамайда азваўся сам: ён патэлефанаваў журналістам ужо з Першамайскага райаддзелу міліцыі, каб паведаміць, што яго затрымалі непадалёк ад дому. Паводле міліцыянтаў, прычынай затрыманьня сталася тое, што апазыцыянэр "нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы". На ноч Барыса Хамайду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)