Общество
Анастасія Зелянкова

Мінюсту не хапіла доказаў

Вярхоўны суд прыпыніў ініцыіраванае Міністэрствам юстыцыі судовае разбіральніцтва па справе ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Прысуд адкладваецца на нявызначаны тэрмін. Пакуль чыноўнікі не знойдуць дадатковыя доказы “грубых” парушэнняў з боку творцаў.

Прэтэнзіі да пісьменнікаў зводзяцца да таго, што на будынку Дома літаратара вісела шыльда з выявай герба "Пагоня" і старой назвай арганізацыі, адсутнічаў арыгінал статута аб'яднання, на працягу чатырох месяцаў выкарыстоўвалася аформленая не па ўстаноўленай форме пячатка аб’яднання, а бланкі не адпавядалі прынятаму стандарту. СПБ таксама ставіцца ў віну правядзенне летам мінулага года ў кавярні Дома літаратара арганізацыйнага з'езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і “выкарыстанне незарэгістравай сімволікі” (пад апошняй разумеецца спалучэнне трох пераплеценых паміж сабой літар “СПБ” на членскіх білетах сябраў арганізацыі).

У сваім дзвюхгадзінным выступе прадстаўнік Мінюста спадар Харытон нагадаў, што пісьменніцкая арганізацыя, пачынаючы з 1999 года, неаднаразова атрымлівала папярэджанні, аднак “свядома стварала канфліктную сітуацыю”. Асаблівым “здзекам” прадстаўнік Мінюста палічыў тое, што перапіска СПБ і міністэрства вялася на бланках, аформленых неналежным чынам.

Усе гэтыя абвінавачванні старшыня СБП Алесь Пашкевіч абверг, адзначыўшы, што пісьменніцкая арганізацыя ставіць перад сабой іншыя мэты, чымсьці барацьба з Мінюстам. Паводле ягоных слоў, Дом літаратара з 1997 года належыць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, з чаго вынікае, што здымаць шыльду са сцяны будынка самі пісьменнікі не маюць права. Страшыня саюза падкрэсліў, што на дзвярах тых пакоях, якія займае арганізацыя, вісяць “правільныя” шыльды. Алесь Пашкевіч таксама прывёў у якасці прыкладу шэраг дзяржаўных устаноў, якія да гэтага часу спакойна пачуваюць сябе пад шыльдамі часоў БССР. Ён нават прадэмантсраваў атрыманы на прахадной у Вярхоўным судзе нумарок, на якім значылася “ВС БССР”.

— Але ж з гэтага не вынікае, што трэба ліквідоўваць Вярхоўны суд!? — звярнуўся да суддзі Алесь Пашкевіч.

Старшыня СПБ таксама адмовіўся ад датычнасці пісьменнікаў да з’езду сацыял-дэмакратаў, нагадаўшы, што ніводнага сябра саюза на адзначаным мерапрыемстве не было.

— Лічу, што выкрытыя “грубыя” парушэнні не цягнуць нават на тое, каб прыпыніць дзейнасць арганізацыі, не кажучы ўжо пра яе поўную ліквідацыю, — падсумаваў Алесь Пашкевіч.

Апытанне выкліканых сведкаў цалкам пацвердзiла словы старшыні СПБ. Нават запрошаны з боку iстца дырэктар кафэ «Тост», у якiм ладзiўся з’езд партыi, канстатаваў, што нiхто з членаў СПБ на дадзеным мерапрыемстве не прысутнiчаў. Высвятлілася, што дырэктар і не ведаў, хто рабiў заказ на банкет. Памiж iм i суддзёй адбыўся дыялог, якi варты таго, каб быць прыведзеным цалкам.

Суддзя: А як вы даведалiся, што ў вашым кафэ быў менавiта з’езд?

Дырэктар: Дык там жа быў гэты… Як яго? Казулiн. Я калi прыехаў пасля тэлефанавання, што кафэ замiнiравалi, бачыў, як ён там прабягаў.

Суддзя: Дык, можа, ён каву забег папiць?

Дырэктар: Можа. Гэта мне потым афiцыянткi сказалi, што было палiтычнае мерапрыемства. Яны звычайна ўсё чуюць. Калi ж проста вiншуюць каго, то за аднаго тосты п’юць, а тут пра рознае.

Суддзя: А вы потым не высвятлялi ўсiх абставiнаў?

Дырэктар: А чаго тут высвятляць: заказалi, разагналi, заплацiлi i пайшлi.

Выклiканы ў якасцi сведкi намеснiк старшынi БСДП (Грамада) Уладзiмiр Нiсцюк запэўнiў суд, што Саюз пiсьменнiкаў да правядзення з’езда партыi не мае нiякiх адносiн. Ён таксама адзначыў, што арганiзацыйнымi пытаннямi адносна заказу кафэ займаўся выключна лiдэр партыi Аляксандр Казулiн. А паколькi ўлады да гэтага часу ўжо неаднаразова перашкаджалi праводзiць з’езд, то партыйцы вымушаныя былi «прыдумаць легенду i правесцi дадзенае мерапрыемтсва пад эгiдай банкету, каб нашыя адносiны з арэндадаўцай будавалiся не на партыйнай аснове, а на гаспадарчай».

— Мы выдатна ведаем, чым у наш час можа пагражаць любой грамадскай арганiзацыi якая-небудзь датычнасць да нашай партыi, — падкрэсліў Нісцюк.

Пасля двух дзён слуханняў, суддзі давялося прымаць рашэнне аб неабходнасці прадастаўлення дадатковых доказаў парушэнняў з боку творчага саюза. Справа пісьменнікаў можа зацягнуцца на некалькі месяцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)