Политика
Анастасія Зелянкова

Мінюст абвінаваціў Партыю БНФ у «недэмакратычнасці»

Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджанне Партыі БНФ і прызнала яе пазачарговы з’езд нелегітымным, а яго рашэнні неправамернымі. БНФ лічыць гэтыя прэтэнзіі “смешнымі і недарэчнымі” і збіраецца ісці ў суд.

Незадавальненне ў Мінюста выклікаў XIII з’езд Партыі БНФ ад 29 мая 2010 года, на якім быў абраны кандыдат ад партыі на цяперашнюю прэзідэнцкую кампанію Рыгор Кастусёў.

Галоўнай прэтэнзіяй стала тое, што “значная колькасць дэлегатаў падлягала не абранню, а прызначэнню», паведамілі interfax.by у Мінюсце.

“Дадзеным рашэннем быў парушаны адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасці палітычных партый, усталяваных законам “Аб палітычных партыях”, — дэмакратызму, а таксама ўласны статут партыі”, — адзначаюць у Мінюсце.

— Прэтэнзіі Мінюста адносна таго, што Партыя БНФ нібыта дзейнічае недэмакратычна выглядаюць смешнымі і недарэчнымі, — заявіў “Салідарнасці” старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Мінюст спрабуе бараніць дэмакратычныя прынцыпы ў краіне, дзе вышэйшы кіраўнік і іншыя дзяржаўныя органы гэтым прынцыпам абсалютна не кіруюцца. Шукаюць парушынку ў воку іншых, не заўважаючы ў сваім бервяна.

Падставай для разбіральніцтва, паводле інфармацыі interfax.by, стаў зварот “аднаго з членаў рэвізійнай камісіі Партыі БНФ”, які сам паведаміў у Мінюст пра “парушэнні” ў часе падрыхтоўкі з’езду. У партыі сцвярджаюць, што ім вядома прозвішча гэтага чалавека, якога ўжо паспелі выключаць з шэрагаў партыйцаў.

— Гэта Уладзімір Малей з Маларыты, — паведаміў Аляксей Янукевіч. — Ён сам адкрыта казаў, што звярнуўся ў Мінюст. Адносна гэтага ўчынку ў партыі ёсць поўнае адзінадушша: гэта абуральна і недапушчальна. Гэты чалавек быў выключаны з партыі на пасяджэнні Сойма ў адпаведнасці са статутам. З гэтай нагоды Мінюст ужо спрабаваў заступіцца за Малея і нават дасылаў нам запыт з просьбай патлумачыць, чаму гэты чалавек быў выключаны. Аднак рашэнне прынятае ў адпаведнасці са статутам – за яго прагаласавала пераважная большасць сябраў.

Разам з тым старшыня БНФ лічыць, што зварот Малея стаў толькі фармальнай падставай, а папярэджанне выклікана зусім іншымі прычынамі.

— Сапраўдная прычына, на маю думку, – гэта зачыстка палітычнага поля напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Мы бачым, што ўзмацняецца ціск на грамадскія арганізацыі, на незалежныя СМІ, таму наступ на палітычныя партыі цалкам прагназаваны. Мы лічым гэтае рашэнне несправядлівым. І, як толькі атрымаем пісьмовае рашэнне (пакуль у нас яго яшчэ няма), будзем рыхтаваць зварот у суд, на які, праўда, не ўскладаем вялікіх спадзяванняў.

Нягледзячы на патрабаванне Мінюста прызнаць рашэнні з’езду неправамернымі, партыйцы не збіраюцца ад іх адмаўляцца.

— Гэты з’езд склікаўся для таго, каб назваць прозвішча партыйнага кандыдата Рыгора Кастусёва. Ясна, што стаўленне Мінюста да легітымнасці гэтага з’езду ніякім чынам не паўплывае на ўнутраную легітымнасць гэтага рашэння для сябраў партыі. Будзем працягваць сваю дзейнасць далей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)