Политика
Анастасія Зелянкова

“Мінулыя выбары — гэта наша ноў-хаў”

Дзяржаўныя СМІ фактычна праігнаравалі мясцовыя выбары. Гэта вынікі маніторынгу, праведзенага Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Медыа-маніторынг, які ладзіўся з 4 снежня 2006 года да 14 студзеня 2007 года, падае аналіз 28 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку дзяржаўнае тэлебачанне і радыё, мясцовыя тэлеканалы, нацыянальныя і рэгіянальныя газеты. У выніку даследавання спецыялісты БАЖ вымушаныя канстатаваць: мінулыя выбары з падачы дзяржаўных медыа прайшлі незаўважнымі. Паводле кіраўніка мініторынгавай групы Алеся Анціпенкі, дзяржаўныя СМІ не надалі ніякай ўвагі ні самім кандыдатам, ні іх праграмам, ні палітычным сілам, што ўдзельнічалі ў выбарах.

Абмежаванасць доступу кандыдатаў да СМІ прывяла да таго, што многія выбаршчыкі нават у дзень выбараў не ведалі прозвішчаў тых, хто балатаваўся. Адсутнасць інфармацыі пра кандыдатаў ускосна пацвердзіла падчас свайго інтэрв’ю Першаму нацыянальнаму каналу нават старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, параіўшы выбаршчыкам наведаць выбарчыя ўчасткі, каб атрымаць звесткі пра кандыдатаў. І невыпадкова, бо дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ніякім чынам гэтаму не спрыялі.

Так, Першы нацыянальны канал (БТ1) прысвяціў выбарнай тэматыцы толькі 4% часу ў межах галоўнай праграмы навін “Панарама”. Для параўнання: 42% часу было аддадзена іншым палітычным тэмам і замежным навінам, 54% — сацыяльнай тэматыцы, спорту, прагнозу надвор’я… Прычым, што парадаксальна, у самую актыўную фазу выбараў — агітацыю — колькасць часу на асвятленне выбарчай кампаніі нават зменшылася. Выключэннем стаў хіба што апошні тыдзень перад галасаваннем, калі амаль 20% часу ў “Панараме” было прысвечана апазіцыі — зразумела, у негатыўным святле.

Ігнараванне тэмы выбараў было характэрна і для Першага канала Нацыянальнага радыё, які вылучыў на гэта толькі 3% часу, тады як дзейснаму прэзідэнту 50%. У рэгіянальных СМІ гэтая сітуацыя выглядала крыху лепш. Праўда, большасць адведзенага часу пайшла на асвятленне дзейнасці выбарных камісій, а не саміх кандыдатаў. Некаторыя ж мясцовыя тэлестанцыі і ўвогуле не выказалі ніякай цікавасці да выбараў, як “8 Канал” (Мінск) і “Скіф” (Барысаў).

Друкаваныя СМІ таксама мала чым адрозніваліся ў гэтым ад электронных. Штодзённая газета «Советская Белоруссия» амаль 84% сваёй плошчы адвяла прэзідэнту і толькі 9% — Цэнтральнай выбарчай камісіі і 7% — мясцовым уладам. Іншых суб’ектаў, што маюць дачыненне да выбараў, яна не закранала. У гэтым сэнсе газета “Звязда” прапанавала больш разнастайную інфармацыю, прысвяціўшы 38% мясцовым уладам, 37% прэзідэнту і 24 выбарчым камісіям. Што ж да кандыдатаў, то ні іх дзейнасць, ні іх праграмы ўвасаблення на старонках газеты таксама не знайшлі, як і выразнага розгаласу ў рэгіянальных СМІ.

Затое шырока пры асвятленні выбараў у дзяржаўных медыа выкарыстоўваліся так званыя медыаэфекты. Ледзь не паўсюдна мела месца прыхаваная агітацыя за праўладных кандыдатаў. З імі рабіліся вялізныя інтэрв’ю, пры гэтым нават не пазначаўся іх статус кандыдата. Звесткі ж пра апазіцыйных кандыдатаў, наадварот былі вельмі скупыя, а калі яны і згадваліся, то ў вельмі адмоўных ацэнках і без персаніфікацыі.

— Мінулыя выбары можна разглядаць як беларускае ноў-хаў, — адзначае Алесь Анціпенка. — Нават за савецкімі часамі выбары так не асвятляліся СМІ, хоць вынік іх і быў прадвызначаны. Наша ж ноў-хаў заключаецца ў тым, каб цалкам пазбавіць выбары духу спаборніцтва і канкурэнцыі. Яны ператвараюцца ў руцінную справу выбарчых камісій. Дзяржаўныя медыа, праігнараваўшы некаторыя важныя аспекты выбарнага працэсу гэтак жа, як і галоўных яго ўдзельнікаў, аніяк не спрыялі таму, каб выбарцы маглі зрабіць усвядомлены і кампетэнтны выбар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)