“Мінсктранс” пракапаў метро ў Вільні

На прадпрыемстве “Мінсктранс” параўналі кошты на праезд ў метро ў Мінску і сталіцах суседніх краін. Пра гэта паведаміла агенцтва “Мінск-навіны”. Высветлілася, што ў Мінску адно з самых танных метро — 500 рублёў. Толькі ў Кіеве праезд у падземцы ўдвая танней.

А вось у Варшаве, паводле ацэнак “Мінсктранса”, метро каштуе 2177. Такія ж кошты на падземку і ў Вільні, адзначае інфармацыйнае агенцтва.

Дарэчы, у літоўскай сталіцы метро ніколі не было. Між тым, праехаць у варшаўскай падземцы каштуе 2,40 злотых, што ў беларускім эквіваленце складае каля 1800 рублёў, а не 2177 як налічыў “Мінсктранс”.

Пры гэтым не ўлічваецца тое, што ў Варшаве можна набыць, напрыклад, сутачны квіток за 7,20 злотых (прыблізна 5400 рублёў) і ездзіць на ўсіх відах транспарту безліч разоў.

У Маскве “Мінсктранс” чамусьці палічыў, што метро на беларускія грошы каштуе 1245 рублёў. Але ж з 1 студзеня 2007 года падземка ў Маскве падаражэла да 17 расійскіх рублёў або 1420 у беларускім эквіваленце.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)