Общество
Зміцер Панямонаў, «Еўрарадыё»

Мінскія даішнікі будуць рабіць скідкі непрышпіленым жанчынам

Не прышпілены рамень бяспекі аўтаматычна азначае для вадзіцеля штраф у памеры 31 тысяча рублёў. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі штрафаваць будзе мінскі даішнік. У сталіцы вырашылі з парушальнікаў браць па максімуму і караць “доўгім” рублём.

У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 18.12 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях, штраф за гэта можа вагацца ад 9 да 31 тысячы. Начальнік упраўлення ДАІ Мінгарвыканкама Васіль Бульбянкоў кажа, што час угавораў і папярэджанняў прайшоў — трэба жорстка брацца за навядзенне парадку на дарогах.

Васіль Бульбянкоў: “Правілы дарожнага руху напісаныя чалавечай крывёю і памылак дарога не прабачае. Таму я тут размазваць не буду. Жорстка будзем падыходзіць”.

Па словах кіраўніка сталічнага ДАІ, 95 адсоткаў вадзіцеляў і пасажыраў не парушаюць правілаў і заўсёды прышпільваюцца. А з пяццю застаўшыміся адсоткамі яны вось ужо некалькі месяцаў праводзяць прафілактычную работу, звяртаюцца праз СМІ. Не дапамагае.

Васіль Бульбянкоў: “Дастаткова ўжо было інфармацыі. Але людзі не разумеюць. Таму будзем біць рублём”.

Аднак, начальнік дарожна-патрульнай службы Рэспубліканскага ДАІ Юры Літвін у размове з Еўрарадыё паставіў пад сумнеў тое, што такі максімалістычны падыход адпавядае “літары закона”.

Юры Літвін: “Хто такое распараджэнне мог выдаць? І ці законнае яно?”

Але Васіль Бульбянкоў дакладна ведае, хто гаспадар на сталічных дарогах.

Васіль Бульбянкоў: “Я начальнік ДАІ горада, я адказваю за ДАІ горада”.

Напалохаўшы “драконаўскімі” карамі, начальнік мінскіх даішнікаў зазначыў, што ўжывацца яны будуць, усё ж такі, выбарачна. Жанчынам і пенсіянерам могуць быць зроблены скідкі.

Васіль Бульбянкоў: “Калі едзе пацан брытагаловы і яму ўсё адно: “Камандзір, давай хутчэй, мне няма калі, я любы штраф аплачу”, такіх будзем штрафаваць па максімуму. А калі едзе чалавек сталага ўзросту, жанчына, тады… У кожным выпадку будзем падыходзіць індывідуальна”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)