Общество
Сяргей Гезгала, Наша Ніва

Мінскі праграміст ахвяраваў на правядзенне Дня Волі буйную суму грошай

Супрацоўнік мінскай IT-кампаніі Itransition Уладзь Чачоткін пералічыў на правядзенне Дня Волі 2500 рублёў. Пра гэта паведаміў адзін з арганізатараў юбілейнага канцэрта Павел Белавус.

Уладзь Чачоткін — адзін са 192 чалавек, якія на сёння сваімі грашыма падтрымалі правядзенне юбілейных урачыстасцей стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Усяго ў межах краўд-кампаніі на сёння сабрана 42% ад запланаванай сумы. Падтрымаць справу рублём можна праз платформу «Талака».

Ёсць папярэдняя дамоўленасць на сцэну, гук, экраны, святло ды іншае патрэбнае для свята абсталяванне, расказаў Белавус. Паводле ягоных слоў, у арганізатараў ёсць жаданне ўбачыць на сцэне гурты The Superbullz, Крама, Дзецюкі, Akute, Znich, Дай Дарогу, Neuro Dubel, Лявона Вольскага, Сяргея Міхалка. «Галоўная ўмова большасці музыкаў — каб музычнае свята не ператварылася ў палітычную акцыю», — прызнаў Белавус. Іншая пазітыўная навіна: на фінальную стадыю выйшла ўзгадненне размяшчэнне мемарыяльнай шыльды на доме па адрасе вуліца Валадарскага, 9, дзе адбылося абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Пачаў працу тэматычны сайт bnr100.by з актуальнымі навінамі кампаніі ды афішай мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР у розных кутках Беларусі і свету. Там можна прапаноўваць і свае варыянты.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі - Рада БНР, у сваю чаргу, вылучыла сродкі на выпуск разнастайнай прома-прадукцыі для бясплатнага распаўсюду ў межах святкавання.

Запушчаныя ў вытворчасць паштоўкі, налепкі, плакаты, гумавыя браслеты, значкі з сімволікай #БНР100. Падаць заяўку на распаўсюд ці атрыманне гэтай прадукцыі для сваёй арганізацыі пакуль можна праз краму symbal.by.

Ну і апошняе. Сяргей Доўгушаў пачаў у Празе запіс з аркестрам фанаграм двух гімнаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Пагоня», пад якія людзі 25 Сакавіка разам будуць спяваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)