Общество

Міністэрства здароўя патлумачыла, чаму ў Беларусь нельга ўвозіць «Тэрафлю»

«Тэрафлю» зьнік зь беларускіх аптэк. Беларусам, якія вырашылі закупіць гэтых лекаў за мяжой, памежнікі паведамляюць, што сродак зьмяшчае псыхатропныя рэчывы. А гэта забаронена беларускім заканадаўствам і пагражае рэальным пакараньнем, паведамляе Радыё Свабода.

Чаму раней у аптэках Беларусі можна было свабодна купіць «Тэрафлю»? Разьбіраемся, што адбываецца.

«Для іншых краін „Тэрафлю“ выпускаецца зь іншых рэчываў»

У Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе патлумачылі, што ў Беларусі быў зарэгістраваны «Тэрафлю», у склад якога ўваходзяць фэніраміну малеат, фэнілэфрыну гідрахлярыд, парацэтамол і аскарбінавая кіслата.

«Для іншых краін „Тэрафлю“ выпускаецца зь іншым саставам. Гэта, напрыклад, парацэтамол, дэкстамэтарфан (псыхатропнае рэчыва ў Беларусі) і псэўдаэфэдрыну гідрахлярыд (псыхатропнае рэчыва ў Беларусі). Альбо ўсё тое ж самае, але плюс хлёрфэнірамін», — паведамілі ў прэс-службе міністэрства.

У менскія аптэкі «Тэрафлю», зарэгістраваны ў Беларусі, апошнім часам не пастаўляецца.

У даведцы «Белфармацыі» Свабодзе сказалі, што «зь вясны няма паставак ад вытворцы». Прычыну гэтага ў Міністэрстве аховы здароўя не патлумачылі.

У аптэках прапануюць узяць аналягічны беларускаму расейскі ці турэцкі прэпарат зь іншай назвай.

Чаму ў беларускіх аптэках няма няшкоднага «Тэрафлю»?

Увосень мінулага году Міністэрства аховы здароўя патлумачыла «завяршэньнем рэгістрацыі» сытуацыю з адсутнасьцю папулярных лекаў супраць прастуды — «Фэрвэксу», «Тэрафлю экстра» ды іншых.

«Паколькі працэдура дзяржаўнай рэгістрацыі мае добраахвотны заяўны характар, Міністэрства аховы здароўя ня можа абавязаць вытворцаў рэгістраваць у Рэспубліцы Беларусь якія-небудзь пэўныя лекавыя сродкі ў пэўны тэрмін», — паведамляла міністэрства.

Паводле інфармацыі кампаніі GlaxoSmithKline Consumer Healthcare, лекавы сродак «Тэрафлю» (парашок для раствору для прыёму ўнутр) не адгружаўся тады ў Беларусь з прычыны «ўнясеньня зьменаў у нарматыўна-тэхнічную дакумэнтацыю».

Паводле Мінздароўя, інфармацыяй пра тэрміны аднаўленьня паставак гэтага прэпарату кампанія не валодае.

Якія яшчэ прэпараты адбіраюць у беларусаў на мяжы?

Супрацоўнікі памежнай службы Беларусі выяўляюць у грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу, таксама «незаконныя» мэдпрэпараты «Ксанакс», «Фэназэпам», «КорвалТаб», «Дыязэпэкс», «Грыпэкс» ды іншыя, якія маюць у сабе псыхатропныя рэчывы альпразопам, фэназэпам, фэнабарбітал, дыязэпам, псэўдаэфэдрын.

У большасьці выпадкаў грамадзяне набывалі гэтыя лекі ў аптэках краін Эўразьвязу для асабістага карыстаньня, а пасьля ўвозілі на тэрыторыю Беларусі.

За незаконны перавоз падобных рэчываў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага зьвязу або дзяржаўную мяжу Беларусі прадугледжана адказнасьць паводле арт. 28-1 Крымінальнага кодэксу.

Поўны сьпіс забароненых прэпаратаў пералічаны ў пастанове Міністэрства аховы здароўя ад 11 лютага 2015 году № 19 «Аб вызначэньні рэспубліканскага пераліку наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсараў», якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(17)