Міністэрства юстыцыі ўзялося за пасведчанні Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ)

Мінюст хоча, каб ГА «БАЖ» патлумачыла, «якія прававыя падставы для дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае IFJ», і на якой падставе БАЖ выдае пасведчанні гэтай арганізацыі.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце ад 1 красавіка за подпісам начальніка Упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый міністэрства А. Кірычэнкі.

Зварот звязаны з нядаўнім затрыманнем у Гомелі сябра арганізацыі Алега Ражкова, у якога праваахоўныя органы забралі «для праверкі на сапраўднасць» пасведчанні БАЖ і МФЖ. 30 сакавіка пасведчанні журналісту вярнулі, але міжнароднай прэс-картай, як бачым, зацікавіўся Мінюст.

«Упершыню пытанне пра пасведчанне МФЖ паўстала ў часе слуханняў у Вярхоўным судзе з нагоды папярэджання БАЖ у 2010 годзе, — узгадвае намеснік старшыні ГА „БАЖ“ Андрэй Аляксандраў. — Прадстаўнік Мінюсту заявіў, што гэта прэс-карты не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Тады ж, нагадаем, і БАЖаўскія пасведчанні з надпісам „Прэса“ былі прызнаныя незаконнымі… Чарговая хваля праверак журналісцкіх пасведчанняў — гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на тое, каб не даць незалежным СМІ выконваць сваю працу і абмяжоўваць права грамадзян на свабодны распаўсюд і атрыманне інфармацыі».

«Я б хацеў нагадаць, што Венецыянская камісія, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца і Беларусь, падрыхтавала афіцыйнае заключэнне з нагоды папярэджання БАЖ, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Камісія палічыла, што настойлівая заклапочанасць Мінюсту сяброўскімі пасведчаннямі парушае адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ). Як бачым, Мінюст проста не зважае на заключэнне гэтага органа…»

З 1997 года ГА «БАЖ» з’яўляецца асацыяваным сябрам МФЖ — найбуйнейшай сусветнай арганізацыі журналістаў, якая аб’ядноўвае каля 600 тысяч сябраў з больш як 100 краін свету. Паводле Статуту МФЖ, мясцовыя саюзы (якім у Беларусі з’яўляецца ГА «БАЖ») маюць права выдаваць сябрам сваіх арганізацый журналісцкія пасведчанні міжнароднага ўзору.

Міжнародныя прэс-карты выдаюцца МФЖ ўжо на працягу 60-і гадоў і прызнаюцца ў 123-х краінах свету. «Прэс-карта МФЖ — найстарэйшая ў свеце, з найбольш трывалай рэпутацыяй, …сталае пацвярджэнне таго, што яе ўладальнік — практыкуючы журналіст,» — гаворыцца на сайце міжнароднай арганізацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)