Общество
Сямён Печанко, ”Наша нiва”

Міністэрства інфармацыі не знайшло цэнзуры ў кнізе пра Селешчука

Міністэрства інфармацыі сваеасаблiва адрэагавала на зварот Беларускага ПЭН-цэнтра наконт зьнiкненьня выявы мастака Алеся Марачкiна з фота, што было зьмешчана ў кнiзе «Мiкола Селяшчук. Гучаньне музыкi нябёсаў».

У адказе за подпісам намесьніка міністра інфармацыі Ігара Лапцёнка нагадваецца, што згодна з арт. 4 закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» пад цэнзурай масавай інфармацыі разумеецца патрабаваньне ад рэдакцыі з боку дзяржаўных устаноў, грамадзкіх аб’яднаньняў, іх службовых асобаў папярэдне ўзгадняць матэрыялы, а таксама патрабаваньне зьняць з друку той ці іншы матэрыял.

Паводле атрыманай ад выдавецтва «Мастацкая літаратура» інфармацыі, ніякіх патрабаваньняў да рэдакцыі з боку каго-небудзь не прад’яўлялася, гаворыцца ў адказе. Больш за тое, мастацкае афармленьне да кнігі рабіў мастак Андрэй Савіч, зь якім ёсьць дамова № 488 ад 11.09.2007 г. Адпаведна ёй, аўтар абавязваецца стварыць і перадаць выдавецтву для выданьня і перавыданьня свой твор: мастацкае афармленьне і вёрстку кнігі «Мiкола Селяшчук. Гучаньне музыкi нябёсаў». Пункт 10 дамовы прадугледжвае адказнасьць аўтара за тое, што ўзычанае ім мастацкае афармленьне (арыгінал-макет) не парушае нічыіх аўтарскіх правоў.

У дадзеным выпадку цэнзура адсутнічае, аднак можна весьці размову пра факты парушэньня іншых нормаў права, у прыватнасьці, аўтарскіх правоў. У такім выпадку аўтар, калі лічыць, што яго правы парушаны, можа зьвярнуцца з адпаведнай заявай у суд, рэзюмуе намесьнік міністра.

Старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Савіч паведаміў «НН», што ягоны сын Андрэй Савіч нічога камэнтаваць з нагоды атрыманага ПЭН-цэнтрам адказу зь Міністэрства інфармацыі ня будзе. «Чалавек зрабіў добрую справу, але цяпер усе гавораць толькі пра той здымак», — адказаў сп. Уладзімер.

Мастак Алесь Марачкін, які дзіўным чынам зьнік з групавога здымка ў кнізе, прысьвечанай Міколу Селешчуку, у сваю чаргу адзначыў:

— У адказе міністэрства ні слова пра тое, што мяне зьняважылі, майго прозьвішча там увогуле няма. Затое ёсьць Андрэй Савіч. У мяне складаецца ўражаньне, што пэўныя асобы спрабуюць ускласьці на яго ўсю адказнасьць. А наколькі я ведаю — ніякай віны на ім няма, ён працаваў з гатовым матэрыялам.

Фатограф Уладзімер Шуба, аўтар таго самага здымку, у суд пакуль не зьбіраецца:

— Я пакуль як сьлед не разабраўся ў сытуацыі, мне трэба сустрэцца з выдаўцом, дый кнігі нават у руках не трымаў.

На яго думку, пытаньне захаваньня аўтарскіх правоў у Беларусі стаіць вельмі востра. У сп. Шубы ёсьць пытаньні да выдаўцоў шэрагу кніг, што выкарысталі яго здымкі без пазначэньня аўтарства:

— На кнізе, прысьвечанай Міхасю Пташуку, яго фотапартрэт майго аўтарства зьмешчаны на вокладцы, але гэта ніяк не пазначана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)