Общество

Мінінфарм унёс кнігу «Белорусский Донбасс» у сьпіс экстрэмісцкіх

Кніга цяпер афіцыйна забароненая на тэрыторыі Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.

Кніга «Беларускі Данбас»

Міністэрства інфармацыі афіцыйна ўнесла ў лік экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігу «Белорусский Донбасс». Яна зьявілася ў афіцыйным сьпісе, які публікуе ведамства. Кніга напісаная на расейскай мове, яе аўтары — журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш.

Выданьне, якое цяпер афіцыйна трапіла ў «экстрэмісцкі» сьпіс, прызналі такім яшчэ 29 студзеня. Зрабіла гэта Менская абласная экспэртная камісія, у заключэньні якой напісана, што ў кнізе «ўстаноўлена наяўнасьць прыкметаў праявы экстрэмізму».

Суд жа прызнаў «Белорусский Донбасс» экстрэмісцкім матэрыялам 26 сакавіка, а ўжо 7 красавіка карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча аштрафавалі на 580 рублёў па адміністрацыйнай справе аб «Распаўсюдзе або перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Васюковіча затрымалі 11 сьнежня па вяртаньні з Кіева з двума асобнікамі кнігі «Белорусский Донбасс». Пры гэтым сам журналіст патлумачыў, што набыў кнігі для сябе і сяброў, распаўсюду не плянавалася.

Кнігу ў 2020 годзе выдала ўкраінскае выдавецтва «Фоліо». Зьмест выданьня — журналісцкае расьсьледаваньне пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Ўкраіны, ролю беларусаў у ім і ўплыў канфлікту на Беларусь; ролю спэцслужбаў і самога Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзэнтацыя кнігі ў Беларусі прайшла 19 лютага ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, на ёй прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім.

Адна з аўтарак кнігі Кацярына Андрэева цяпер адбывае 2-гадовае турэмнае пакараньне за стрым з «плошчы Пераменаў». Яе прызналі вінаватай нібыта ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(7)