Скандалы
Ягор Марціновіч, фота Сяргея Гудзіліна, «Наша Нiва»

Мінчука, які завяшчаў сваю кватэру дзяржаве, забілі

Жыхары нешчаслівай кватэры ў Мінску перажылі дзве катастрофы, а апошні гаспадар быў забіты.

Мінчук Дзмітрый Ракаўчук пакінуў сваю кватэру ў спадчыну Рэспубліцы Беларусь.

Пра гэта беларусы даведаліся з учорашняга паведамлення прэс-службы кіраўніка дзяржавы. "Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў праект пастановы Савета міністраў „Аб прыняцці ў рэспубліканскую ўласнасць спадчыннай маёмасці“. Спадчына ўключае ў сябе кватэру на вуліцы Брэсцкай у Мінску, якую грамадзянін Беларусі Дзмітрый Ракаўчук завяшчаў Рэспубліцы Беларусь", — гаворыцца ў ім.

Што гэта за таямнічая кватэра, лёс якой вырашаецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, хто такі Дзмітрый Ракаўчук і чаму ён вырашыў пакінуць яе дзяржаве?

"Наша Ніва" пастаралася разабрацца ў дзіўнай сітуацыі.

Вокны былой кватэры Ракаўчука на другім паверсе

Кватэра, якую атрымала дзяржава, знаходзіцца па адрасе Брэсцкая, 76. Дом быў пабудаваны ў 1972 годзе — звычайная пяціпавярховая панэлька. З вокнаў бачнае возера і гарналыжны курорт "Сонечная даліна". Пра тое, што лёсам кватэры ў іх доме займаюцца на самым высокім узроўні, суседзі чуюць упершыню. Але пасля пачынаюць узгадваць усю таямнічую гісторыю гэтай нешчаслівай кватэры — № 66. Зрэшты, мы не выключаем, што немаладыя суседзі маглі прыўкрасіць падзеі — нешта за 40 гадоў і забылася.

Такім чынам, кватэру ў новапабудаваным доме атрымала сям’я — муж, жонка і двое дзяцей. Няшчасці ў кватэры № 66 пачаліся з іх.

Жонка ў тым самым 1972 годзе была паранена падчас выбуху ў футаралавым цэху Мінскага радыёзавода на вуліцы Соф’і Кавалеўскай.

Сістэма вентыляцыі не давала рады дробнаму пылу, які ўзнікаў падчас шліфоўкі футараў для тэлевізараў. Пажарныя папярэджвалі праекціроўшчыкаў пра магчымыя наступствы. Было дастаткова адной іскры, каб увесь цэх выбухнуў. Гэта і адбылося 10 сакавіка 1972 года. Тады, па розных падліках, загінула 120–140 чалавек.

Дзверы апячатаныя з дапамогай штампаў "для пакетаў"

Муж стаў сведкам іншай жахлівай катастрофы.

Ён быў тым самым машыністам электрычкі "Аляхновічы-Мінск", якую праз няправільныя паказанні святлафора на станцыі Крыжоўка 2 мая 1977 года пратараніў пасажырскі цягнік "Гродна-Ворша".

На месцы загінула 19 чалавек, яшчэ больш за 80 чалавек былі параненыя.

У пачатку 1990-ых, пасля смерці жонкі, былы машыніст пачаў жыць з іншай жанчынай. А кватэру на Брэсцкай вырашыў прадаць. Пакупнікамі ў выніку стала сям’я расейцаў Ракаўчукоў, якая раней жыла ў Мазыры.

Дзмітрый быў вайскоўцам у адстаўцы, ягоная жонка Святлана — выкладчыцай фізкультуры. З імі жыў і яе сын ад першага шлюбу Аляксандр.

Культурная сям’я, кажуць жыльцы пад’езду. Праўда, з суседзямі знізу і зверху у кватэры было некалькі канфліктаў — у 66-й часам было шумна.

Так ці інакш, у сваёй новай кватэры яны пражылі трохі больш за 10 гадоў, пакуль Святлана, хворая на гіпертанію, не памерла. "Інсульт", — растлумачыў суседзям Дзмітрый. Яе цела крэміравалі, пасля чаго сын Аляксандр паехаў хаваць яе на радзіму, у Расію.

Акуратныя металічныя дзверы. Нібыта гаспадар адышоў па пару хвілін

Неўзабаве пасля яго вяртання, 23 верасня 2012 года суседзі ўбачылі кватэру апячатанай. Здзіўленым жыльцам міліцыянты паведамілі, што 63-гадовы Дзмітрый Ракаўчук быў забіты.

Паводле інфармацыі міліцыі, мужчыну забіў ягоны 22-гадовы пасынак. Падчас нейкай спрэчкі пачалася бойка. Маладзейшы паспеў нанесці айчыму смяротны ўдар па галаве.

Аляксандр быў арыштаваны і з таго часу знаходзіцца ў следчым ізалятары.

У канцы студзеня мусіць адбыцца суд над ім — папярэдняе паседжанне было перанесенае праз хваробу суддзі. Суседзі перакананыя, што прычынай канфлікту стала кватэрнае пытанне. Дзмітрый расказваў ім, што Аляксандр неаднаразова патрабаваў прадаць кватэру і аддаць яму ягоную долю. Паразумецца яны так і не здолелі...

Пра тое, што ў Дзмітрыя існавала завяшчанне, і пра ягоны змест, стала вядома з паведамлення прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. Аказваецца, Ракаўчук дадаткова ўказаў, што хоча перадаць сваю кватэру ва ўласнасць дзяржавы.

У яго была дачка ад першага шлюбу, але адносіны яны не падтрымлівалі. Суседка Дзмітрыя ўзгадвае, што ён казаў ёй пра складзенае завяшчанне і пра ягоны змест, аднак яна вырашыла, што той жартуе. Ракаўчук-старэйшы ж паклапаціўся, каб кватэра не дасталася пасынку.

Так ці інакш, неўзабаве на Брэсцкай, 76–66 з’явяцца новыя жыльцы. Паводле распараджэння Аляксандра Лукашэнкі, кватэру атрымае сям’я інвалідаў ці шматдзетная сям’я.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)