Общество
Антон Сурапін

Мінчан павіншавалі з Днём роднай мовы

У Міжнародны дзень роднай мовы ў цэнтры Мінска моладзь зладзіла акцыю ў падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы.

Больш за паўдзясятка чалавек 21 лютага ў раёне плошчы Якуба Коласа раздавалі мінакам ўлёткі і паштоўкі, на якіх былі віншаванні з Днём роднай мовы, а таксама газеты «Наша слова». На думку ўдзельнікаў, у іх атрымалася зрабіць гэта максімальна пазітыўна.

За паўгадзіны актывісты раздалі больш за сотню матэрыялаў.

«Мы не палітычная суполка сяброў, аб'ядналіся на падставе агульных інтарэсаў — гэта адраджэнне беларускай культуры, беларускай мовы, — распавёў “Салідарнасці” адзін з арганізатараў акцыі. — Мы дзейнічаем у гэтай галіне. Сённяшняй акцыяй, якую праводзім другі год запар, мы хацелі павіншаваць людзей з Міжнародным днём роднай мовы. Ды і ўвогуле данесці інфармацыю, што такое свята ўвогуле існуе».

Па словах удзельніка акцыі, сябры суполкі хацелі б, каб беларуская мова хутка адрадзілася, «але гэта не дасягаецца адным днём — трэба зрабіць шмат дробных крокаў, гэта даволі павольны рух, а не імгненны працэс. На працягу ўсяго года нашая суполка імкнецца рабіць нешта падобнае, калі ёсць адмысловыя нагоды і святы», — завяршае малады хлопец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)