Людзі, калі гэтай нацыянальнай свядомасці глытануць, калі зразумеюць, што беларускасць важная, свая дзяржава важная і яны мусяць абараняць яе, ужо наўрад ці аддадуць сваё.
Мілінкевіч: «У нас столькі ахвяраў, столькі пакутаў, што мы проста не мусім скарыцца, забыць і скласці рукі»
Чаму беларусам лягчэй затаіцца, чым з’ехаць. І ці праўда, што незалежнасць выпадкова звалілася нам на галаву?
У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і што нас чакае наперадзе. Наш суразмоўца — экс-кандыдат у прэзідэнты 2006 года Аляксандр Мілінкевіч.
— Бадай, ні адна нацыя не зведала столькі перашкод на шляху свайго фармавання, як беларусы. І тым не менш мы ёсць. Хацелася б зразумець, які лёс чакае нашу нацыю ў будучым? Ці ёсць у нас гістарычны шанец захавацца?
— Я не належу да песімістаў. Я такі абгрунтаваны гістарычны аптыміст. У маёй сям’і многа было людзей, якія змагаліся за свабоду, за беларускасць, цярпелі, пераследаваліся.
Мае бацькі мелі беларускую свядомасць, хаця для іх гэта было дадатковай пагрозай. Да вайны яны працавалі ў Варшаве настаўнікамі (дарэчы, разам з вядомым педагогам і пісьменнікам Янушам Корчакам, які са сваімі вучнямі ў час вайны самаахвярна пайшоў у газавую камеру), а ў 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, бацькі вярнуліся ў Гродна, куды прыйшлі ўжо першыя Саветы, як у нас казалі.
У той час небеспечна было гаварыць і па-польску, і па-беларуску — у Гродне фактычна ўсю даваенную інтэлігенцыю: настаўнікаў, дактароў, інжэнераў, супрацоўнікаў чыгункі, пошты — павысылалі ў Сібір. Застаўся невялікі асяродак.
І ўсё роўна іх беларускі дух не быў зламаны. Мова была не проста сродкам зносін, гэта быў фундамент ідэнтычнасці, хоць публічна размаўляць на ёй баяліся. Пры гэтым мае бацькі выдатна ведалі рускую мову. Мама сустрэла рэвалюцыю ў Пецярбургу, бо мой дзядуля працаваў там на чыгунцы. А бацька хадзіў у рускую школу пад Іркуцкам — яны былі з ліку беларускіх бежанцаў. І, тым не менш, беларускасць у іх была жалезная.
Мой дзядуля ў 1920-х змагаўся за мову ў Таварыстве беларускай школы на Гродзеншчыне. Нават у турме сядзеў за гэта. І ягоны бацька і дзед былі рэпрэсаванымі паўстанцамі Каліноўскага. Дзякуючы перш за ўсё маім бацькам і продкам я маю гэты беларускі стрыжань.
Я не ведаю, ці была ў іх да канца вера, што гэта ўсё адродзіцца, але яны рабілі сваю справу. І, дарэчы, бацька мой дажыў-такі да беларусізацыі, якая пачалася на пачатку 1990-х. Я сам яе праводзіў, як быў віцэ-мэрам ў Гродна, і ў нас быў неверагодны поспех.
Дарэчы скажу тым, хто паспяшаецца абвінаваціць нас у нацыяналізме: мы тады спрыялі ў нашым горадзе адраджэнню і польскай школы, і літоўскай, яўрэйскай, татарскай, украінскай культур. І дзякуючы той працы да сёняшняга дня ў Гродна адбываецца Фестываль нацыянальных культур.
Вось некаторыя кажуць: беларусы не хацелі ўжо на пачатку незалежнасці гаварыць па-беларуску. Няпраўда. Так, многія не ведалі, навошта гэта, і было зразумела, што вывучыць мову гэта была вялікая праца. Але, калі з людзьмі размаўлялі, калі ўлады, той жа Шушкевіч выступаў па-беларуску, па тэлевізары перадачы ішлі па-беларуску, столькі выдатных выкладчыкаў ва ўніверсітэце на ёй ужо выкладалі, то і бацькі згаджаліся аддаваць сваіх дзяцей у беларускія класы, бо ў будучай Беларусі для іх гэта будзе важна.
За тры гады незалежнасці ў нас у Гродна амаль усе садкі і большасць школ, пачынаючы з першага класа, сталі беларускімі, нават усе дакладныя навукі да шостага семестра ў Гродзенскім універсітэце выкладаліся на мове. Матывацыя простая – будуем сваю дзяржаву. На будучыню скажу: вяртанне роднай мовы справа надзвычай дэлікатная, яна не мае права быць гвалтоўнай.
Гэта як трава праз асфальт. Усё роўна беларускасць жыве і будзе жыць. Беларускасць не толькі ў сэнсе мовы, а значна шырэй: свядомасць, культура, гісторыя.
Я назіраў, якая была цікавасць у людзей, калі пасля Перабудовы з’явіліся кніжкі, часопісы пра нашу гісторыю, як гэта ўсё чыталася, а тут яшчэ тэлевізар... Беларусы выпрастоўваліся, у іх крылы вырасталі, з’яўлялася разуменне, што мы не горшыя за іншых.
Таму я веру ў тое, што мы не знікнем, як нацыя. І што б гэтыя ўлады зараз не выраблялі, усё роўна наша беларускасць прарасце. Бо гэта дадае смак і сэнс жыцця, годнасць чалавеку. І ніколі мы рускімі не станем, тым больш рускімі першага гатунку «со знаком качества», мы можам быць толькі рускімі другога гатунку.
Канешне, баліць, гледзячы на тое, што адбываецца. І калі суседняя імперыя ізноў не хоча, каб мы мелі дзяржаву, не хоча, каб мы былі беларусамі, жадае знішчыць, то значыць нам трэба гэта бараніць. Таму я веру, што пры любых ўмовах адбудзецца адраджэнне, але, на жаль, не ведаю, якой цаной і калі.
— Як па-вашаму, што нам дапамагала выжываць на працягу стагоддзяў, якія рысы нацыянальнага характару дазволілі захавацца?
— Яшчэ калі толькі паўстала незалежная Беларусь, я шмат сустракаўся ў замежжы з беларускай дыяспарай. Быў і ў Канадзе, і ў Штатах, і ў Еўропе. І заўсёды здзіўляўся, чаму так мала беларусаў у эміграцыі? Чаму такая вялікая эміграцыя ў палякаў, у літоўцаў, а ў беларусаў не — усім жа было цяжка, у царскай Расіі, асабліва пасля паўстанняў, войнаў.
І многія, у каго пытаўся, самі прадстаўнікі дыяспары, казалі, што ў беларусаў нейкая фантастычная цяга да сваёй Бацькаўшчыны, карані ў іх вельмі глыбокія. Не таму, што беларусы лепшыя за іншых, ну проста вось такая наша рыса, мы вельмі прывязаны да свайго кавалачка зямлі, да прыроды, рэчкі, леса.
Беларусу адарвацца ад гэтага цяжэй, чым іншым. Яны такія трохі немабільныя, вельмі кансерватыўныя.
— Лягчэй затаіцца і перасядзець акупацыю, чым з’ехаць, так?
— Так. І тым, беларусам, што сёння вымушаны не па сваёй волі з’ехаць на рэлакацыю (я люблю больш слова «рэлакацыя», бо прадугледжваю, што будзе ізноў лакацыя), утрая мацней баліць, чым, можа, многім іншым, хто таксама ў розных постсавецкіх краінах пакутуе ад рэпрэсій і дыктатур.
Зразумела, жыццё адно, чалавек мусіць неяк рэалізавацца, дзяцей паставіць на ногі, але нам усё роўна цяжка адарвацца, і ў большасці сваёй беларусы да апошняга робяць усё магчымае, каб застацца дома. Не таму, што няўпэненыя і нясмелыя, маса прыкладаў ёсць, калі яны дасягалі і за мяжой многага. Беларусы дастаткова адукаваныя, адказныя і вельмі працавітыя людзі, і ў мінулыя часы былі. Але вось эміграцыя ў іх не вельмі атрымлівалася.
Хаця сёняшняе масавае выгнанне можа спрацаваць у будучым. Тыя, што вернуцца, будуць мець бясцэнны досвед жыцця ў цывілізаваным свеце. Вельмі важна вучыцца, гэта спрацуе.
Канешне, не ўсе вернуцца, бо дзеці пойдуць у школы, бацькі знойдуць годную працу. Але і тыя, што застануцца за мяжой, у большасці абавязкова будуць дапамагаць Радзіме, стануць мосцікамі ў час непазбежнай еўраінтэграцыі Беларусі.
Шмат жа што можна рабіць: важная і камунікацыя, і стажыроўкі, і дапамога ў адукацыі, бізнес, інвестыцыі… Я шчыра ў гэтым упэўнены.
— Вы цяпер жывяце ў Польшчы. Наколькі заўважная гэтая розніца паміж беларусамі і палякамі, і як яны нас увогуле ўспрымаюць?
— Я зараз раблю праект, які называецца «Вольны беларускі ўніверсітэт» – паслядыпломная еўрапейская анлайн-адукацыя, часта бываю ў акадэмічным асяроддзі. І рэктары самых розных добрых універсітэтаў мне кажуць пра беларускіх студэнтаў. Што гэта самыя працавітыя, самыя цікаўныя і адданыя вучобе маладыя людзі, з якімі амаль ніколі няма праблем.
Ты распавядзеш палякам пра нашу сітуацыю, бо часта не ўсе ведаюць, што адбываецца, а яны: «Так, рэпрэсіі ў вас, канешне, страшэнныя, але ёсць для вас добрая навіна ў тым, што беларусы маюць такую моладзь». Мне гэта і прафесар Лешэк Бальцаровіч, вядомы эканаміст, аўтар польскіх рэформаў, казаў, і ўсе, з кім увогуле сустракаўся (а мы працуем з вядомымі ўніверсітэтамі, дзе шмат замежнікаў).
І, ведаеце, гэта дадае надзеі і веры, што мы не проста так. Вось колькі гадоў нам казалі, што незалежнасць на беларусаў упала, мы, маўляў, за яе не змагаліся, крыві не пралілі, а таму не цэнім. Гэта няпраўда.
Тое, што адбылося ў 2020-м, з усімі трагедыямі, з турмой, з пакутамі, са здзекамі, з масавым ад’ездам за мяжу, паказвае, што не, цану мы плацім велізарную, больш і не трэба, каб зразумець, як многа мы гатовы аддаць, каб жыць у свабодзе і годнасці.
І пра беларусаў я чую не толькі ў акадэмічным асяроддзі. Вось нядаўна ў вялікім агенцтве страхаваў аўтамабіль і трапіў да намесніка дырэктара. І ён мне тое самае кажа. Расказвае, што ў яго страхуюцца вялікія фірмы, вось толькі што нават польская будаўнічая фірма, што ў Нямеччыне, як вы думаеце, каго шукае на працу? Правільна, беларусаў!
І гэтым трэба ганарыцца, мы павінны ведаць сабе цэну. Гэта не здабываецца рэкламай, шчалчком пальцаў, гэта нашай гісторыяй здабываецца.
Кажу не да таго, каб мы зазнаваліся, але трэба знаць, што мы годныя, дастойныя. Пакаленнямі выпрацоўваецца вось такое імя, і трэба гэта цаніць, не псаваць і карыстацца.
— Але ж таксама ёсць у нас і нейкія адмоўныя рысы, якія нам перашкаджаюць.
— Вось можна часам чуць, што беларусы нерашучыя, такія цямці-лямці, не могуць на сапраўдную рэвалюцыю пайсці... Але ж тое, што ў 2020 годзе з нашага боку не было радыкальных дзеянняў, гэта падсвядомая мудрасць беларусаў. Інакш тут ужо была б Расія. Яны б проста ўвялі войскі і засталіся, па ўсіх дамовах пра брацтва і ўзаемадапамогу, якія яны там з Лукашэнкам падпісалі.
Зноў-такі новыя людзі далучаліся да пратэстаў, бо яны былі мірныя. Калі б кроў пралілася, не выходзілі б мільёны. Менавіта мірныя масавыя маніфестацыі спрыялі таму, то мы сёння ўжо адчуваем сябе нацыяй. Гэта супер дасягненне!
Так, мы не дамагліся палітычнай перамогі, але зрабілі неверагодны вялікі крок да свабоды і самавызначэння, як беларуская супольнасць.
Калі казаць пра нашы недахопы, то я лічу, што гэта – сарамлівая наіўнасць. Беларусы вельмі даверлівыя. Ну вось, нават сярод дэмакратаў, сярод нашых цудоўных экспертаў гэта ёсць.
Вось Пуцін анансуе, што ягоная імперыя вяртаецца да межаў СССР, кажа, што ўкраінцаў і беларусаў увогуле няма, і дзяржаваў адпаведных не мусіць быць. Ва Украіне ўжо льецца вялікая кроў, у нашай краіне ідзе відавочная паўзучая маскоўская акупацыя і чарговая дэнацыяналізацыя. На кожных прэзідэнцкіх выбарах, пачынаючы з першых, Крэмль мае ў Беларусі свае стратэгіі і планы з мэтай падзяліць апазіцыю, пасварыць нашу дзяржаву з Захадам і напалохаць Лукашэнку, каб глыбей інтэграваўся. І нават беларускія дэмакраты час ад часу дапамагаюць гэтай маскоўскай стратэгіі, бо не ведаюць, ці не разумеюць, а бывала не раз, што і лічаць – без Крамля ў саюзніках шляху да дэмакратыі ну аніяк не будзе.
Але як толькі пра гэта нагадваеш, адразу чуеш – ну, не трэба, гэта ж канспіралогія...
Але гэта такая безадказнасць, якая можа вельмі дорага каштаваць. Таму, лічу, трэба быць уважлівым, каб выпадкова (ці невыпадкова) не спрацаваць рэалізацыі маскоўскіх планаў. Гэта не значыць, што трэба хварэць на шпіёнаманію, бачыць усюды крамлёўскі след — не, проста трэба разумець рэальную небяспеку. Таму што на кану экзістэнцыяльнае пытанне – быць ці не быць Беларусі.
Што да іншых недахопаў, то ўсё ж, лічу, такіх ужо вялікіх нацыянальных заганаў у нас няшмат. Мы даволі добразычлівыя, талерантныя, беларусы, дзякуй Богу, не хварэюць на ксенафобію.
Ім таксама не ўласцівая нянавісць. Вось у Расіі тэлевізар змог за дзесяць гадоў абудзіць нянавісць да суседа ў абсалютнай большасці расіян. Гэта страшная з’ява, бо лячыцца ад яе прыдзецца доўга і пасля Пуціна, дзесяцігоддзі.
На шчасце, у нас падобная рэжымная прапаганда супраць ворагаў унутраных і вонкавых не дасягае мэты. У беларусаў не паўстае калектыўнайгэта агрэсіі. Хутчэй спрацоўвае надзейны беларускі код, інстыктыўнае дыстанцыявання ад відавочнага зла.
Больш тыпова для нас – жыць па прынцыпе: “Разумны шукае сяброў, дурань стварае ворагаў”.
— Зразумела, што шмат якія падзеі сфарміравалі наш нацыянальны характар, зрабілі такімі, якімі мы ёсць. А што вы лічыце самай трагічнай падзеяй для нашай нацыі, наступствы якой мы адчуваем па сёння?
— Мы, відаць, нумар адзін сярод народаў нашага кантыненту, якія так вынішчаліся на працягу свайго існавання. Столькі насельніцтва ў войнах і рэпрэсіях не губляла, бадай, ні адна краіна Еўропы. Які час ні возьмеш. У сярэдзіне ХVII ст. дарыўся так званы “Патоп” — шведы і маскавіты на чале з Аляксеем Міхайлавічам Цішайшым, прайшліся агнём і мячом па Беларусі — краіна згубіла больш за палову насельніцтва. Наступная вайна на пачатку ХVIII ст. — ізноў шведскі кароль Карл XII з Пятром Першым, ужо сынам Цішайшага — трэцяя частка загінула. Потым вайна з Напалеонам — чвэрць насельніцтва.
Першая Сусветная – ізноў чацвёртая частка, Другая Сусветная — ня стала трэці беларусаў. Гэта ж суцэльная гістарычная трагедыя!
Таму мы ў Еўропе самая мала заселеная краіна...
А як падманулі беларусаў у Першую Сусветную, прымусіўшы ехаць ў Сібір? Маўляў, прыйдуць немцы, будуць гвалціць кабет, а мужчын пазабіваюць, таму трэба эвакуявацца. На самой справе, гэта ж было засяленне расійскай Сібіры, а сюды хацелі прыслаць іншы народ. Прымусовае перасяленне народаў з мэтай дэнацыяналізацыі было часткай нацыянальнай палітыкі крывавай імперыі.
А трагедыя яўрэяў у час Халакоста? Лёс гэтага найстаражытнейшага народа, які стагоддзямі жыў сярод нас, гэта таксама вельмі важная частка нашай гісторыі. Іх культура і традыцыі адыгралі вялікую ролю ў фармаванні беларускага менталітэту і характару. Знікненне і зыход яўрэяў — глыбокая траўма для свядомых беларусаў.
Потым узяць трагедыі трох паўстанняў за незалежнасць і “За Свабоду Вашу і Нашу”. Колькі людзей палягло і аказалася ў выгнанні на чужыне! Лепшыя сыны і дочкі Беларусі.
Час ад часу аднаўляецца дыскусія, ці варта было загінуць Каліноўскаму? Яму ж прапанавалі з’ехаць за мяжу калі паўстанне затухала. Ён годна адмовіўся. Дзеля геройства? Не, дзеля ўзмацнення духа Беларусаў, дзеля нашай будучыні. Як кіраўнік паўстання, ён разумеў сваю велізарнейшую адказнасць, місію, калі ты проста не маеш права зрабіць інакш.
І, глядзіце, як да сённяшняга дня нас яднае трагічная смерць нашага Героя і дух наш гартуе. Гэтыя сімвалы надзвычай важныя, асабліва ў часы выпрабаванняў. Не дзіўна, што ворагі беларускай дзяржаўнасці з такім асцярвяненнем сёння ізноў спрабуюць прыбраць нашага Кастуся з беларускага пантэона.
Беларусы многа цярпелі, куды не глянеш. І ў Расійскай імперыі, і за савецкім часам, і зараз ізноў з нас спрабуюць зрабіць рускіх.
І калі кажуць, што беларусы ўсё аддалі, усё прафукалі — мову, культуру, гісторыю, — не! Ні адзін народ на свеце дабравольна не адмаўляецца ад таго, што робіць яго нацыяй. Нават пры такім жорсткім прымусе людзі змагаліся.
Распалась Расійская імперыя – і мы адраджалі сваю ідэнтычнасць і ў Савецкай Беларусі і ў Рэчы Паспалітай. Распаўся Савецкі Саюз – і зноў магутная хваля адраджэння. Кожны раз у нас забіралі наша права быць беларусамі.
Таму зараз, тым больш пасля столькіх ахвяраў і пакутаў, мы проста не маем права скарыцца, забыцца на тое, хто мы ёсць, і скласці рукі.
Гэта велізарная адказнасць перад тымі, хто быў, і перад тымі, хто будзе. Новае маладое пакаленне 2020 года пабудуе беларускую Беларусь.
Читайте еще
Избранное