Истоки

Багдана Паўлоўская

Мілінкевіч: Масква губляе імперыю, Украіна да яе ўжо ніколі не вернецца, таму Беларусь сёння — апошні шанец для «русского мира»

Як не спрацаваць на сцэнар Крамля і ці вінаватыя беларусы ў тым, што некалі абралі Лукашэнку?

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» спрабуе знайсці адказы на пытанні, куды ідзе наша краіна і што чакае беларусаў наперадзе. Наш суразмоўца — экс-кандыдат у прэзідэнты 2006 года Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч

Чаму беларусам лягчэй затаіцца, чым з’ехаць і ці выпадкова ў 1990-я звалілася на нас незалежнасць, — чытайце ў першай частцы нашага інтэрв’ю.

— Вы выхоўваліся ў сям’і з моцнымі беларускімі традыцыямі і свядомасцю. Але ж так было не ва ўсіх. Наколькі ў савецкія часы беларусы адчувалі сваю ідэнтычнасць? І калі ўвогуле прыйшло разуменне, што мы адрозныя, а не адзіны савецкі народ?

— Так, мне пашчасціла, мне было лягчэй, і гэта тым больш робіць мяне талерантным адносна тых, хто нешта не разумее. З гэтымі людзьмі трэба працаваць, пераконваць.

Пры мне, калі я яшчэ вучыўся ў старэйшых класах, закрылі апошнюю беларускую школу №9 у Гродне. Я добра памятаю, як мае аднакласнікі грэбліва — неразумныя былі — казалі: «Ну ўрэшце гэтую вясковасць з горада прыбяруць і ўсе будуць размаўляць на «нармальнай» мове».

І я бачыў, якой трагедыяй гэта было для майго бацькі і мамы, як яны, настаўнікі, перажывалі, што па-беларуску гавораць усё менш, што сапраўднай нашай гісторыі няма ў падручніках, а толькі тая, што пішацца ў Маскве.

Так, не было больш русіфікаванай і дэнацыялізаванай рэспублікі ў Савецкім Саюзе, чым Беларусь. І часта можна чуць папрокі, што мы самі гэта ўсё здалі. Але ніводны народ, маленькі ці вялікі, ніколі добраахвотна не аддае свае мову, культуру, традыцыі — заўсёды прымус, заўсёды турма, ссылка, знішчэнне.

А ў беларусаў гэта было горш за ўсіх. Расія, асабліва пасля паўстанняў супраць імперыі, вынішчала тут калёным жалезам усё, у тым ліку свядомасць. З нас рабілі рускіх. І ў савецкі час гэта працягвалася.

Татальная русіфікацыя адбывалася стагоддзямі. Глядзіце, пасля Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў беларускую уніяцкую царкву ліквідавалі — усё, няма ў царкве беларускай мовы. Ідзе беларус у касцёл, а яму кажуць: тут па-польску і ты паляк. Ідзе ў праваслаўную царкву — ты рускі, таму што тут па-руску. І месца для беларусаў не заставалася.

І тым не менш сто гадоў таму, як толькі маскоўская імперыя захісталася ў выніку рэвалюцый, паўстаў шырокі беларускі нацыянальны рух, у гарадах і вёсках узнікла Таварыства беларускай школы, дзеячам якой быў мой дзядуля, таксама Аляксандр Мілінкевіч. І яны змагаліся за беларускую мову, бо хацелі свайго, хацелі, каб па-людску. За годнасць сваю змагаліся, бо мы не горшыя за палякаў, літоўцаў ці рускіх.

У сучаснай нашай гісторыі моцная хваля нацыянальнага адраджэння сфармавалася ў выніку гарбачоўскай «адлігі». І я, як сёння, памятаю, з якім натхненнем ужо сам на пачатку 1990-х хадзіў па школах і агітаваў бацькоў за беларускія школы.

Казаў простыя словы: дайце магчымасць дзецям стаць на сваёй зямлі сапраўднымі беларусамі, па-руску яны не забудуцца: ёсць кіно, ёсць вуліца, — а тут будуць ведаць дадатковую мову, гэта ж свая, родная, і ў будучай Беларусі гэта стане перавагай. І спрацавала.

А потым уявіце, як людзям было цяжка, калі зноў, пры Лукашэнку, іх дзяцей пачалі вяртаць у рускасць. У мяне самога сын Вітаўт да сёмага класа вучыўся па-беларуску і пасля проста не разумеў фізіку па-руску. Таксама была персанальная трагедыя канкрэтнага чалавека.

— А вы лічыце, што мова абавязковы атрыбут захавання нацыі?

— У нашай частцы Еўропы абавязковы, тым больш калі сусед у цябе – агрэсіўная імперыя. І Пуцін ужо аб’явіў, што няма ні ўкраінцаў, ні беларусаў.

Без роднай мовы мы знікнем як нацыя. Бо яна – душа народа, яго культурны код.

Але з мовай не варта спяшацца, калі глеба не падрыхтаваная. Не павінна быць прымусу, бо прымус толькі нашкодзіць. Вельмі важна, што ў нас заўсёды, нават у горшыя часы, дзейнічалі прабеларускія грамадскія арганізацыі, але толькі ўлада можа па-сапраўднаму адрадзіць мову, прычым зрабіць гэта так, каб беларусы, нават калі да канца не разумеюць, навошта яно трэба, не сталі ворагамі беларушчыны.

Гэтае пытанне вельмі далікатнае, таму павінна быць доўгатэрміновая стратэгічная нацыянальная палітыка.

А можна ж так знішчыць мову, што яна ўжо не адродзіцца. Мне ірландцы, калі я быў у Дубліне на Саміце, гаварылі: змагайцеся ўсімі сіламі за сваю мову, бо мы так даўно страцілі ірландскую, брытанцы з нас зрабілі псеўдаанглічан, і мы ўжо наўрад ці адродзім сваё, а вы яшчэ можаце.

І фіны казалі тое самае. Яны ж па-шведску ў гарадах усе размаўлялі, а потым ужо па вёсках збіралі свае слоўнікі, і ўсё ж адрадзілі фінскую. І ад чэхаў, якія моцна германізаваліся ў свой час, давялося чуць такія папярэджанні. Для мяне таксама гэта вельмі важкі аргумент, бо людзі тое перажылі.

Не толькі мова важная, увогуле беларускасць — традыцыі, культура — тое, што складае душу народа. Тое, што ўжо знішчалася колькі раз, і кожны раз ізноў паўставала.

—  А наколькі савецкі час адбіўся на беларусах і ці змаглі мы нарэшце пазбавіцца ад гэтай савецкай ментальнасці?

—  Я думаю, што, калі мы адказваем на гэтае пытанне, мы павінны спытацца: а чаму Лукашэнка ў нас? А таму што мы былі вельмі савецкімі ў 1994 годзе. Вось у суседніх Літве і Украіне першымі прэзідэнтамі пасля распаду СССР сталі 1-я сакратары мясцовых ЦК кампартый, але яны былі нацыянал-камуністы, таму і незалежнасць пабудавалі, і ў Еўропу краіны свае павялі. Чаму ж мы не змаглі?

І адказ менавіта ў тым, што ў абсалютнай большасці беларусаў на той момант не было ідэнтычнасці і гістарычнай самасвядомасці, нас іх пазбавілі. Не было яе ні ў народа, ні ў наменклатуры, якая знаходзілася пры ўладзе. Я бачыў, як многія беларусы нават спалохаліся з’яўлення сваёй дзяржавы.

У мяне часта пытаюцца: скажыце, а чаму вы, дэмакраты, калі былі пры ўладзе на пачатку 1990-х, не паспелі зрабіць хаця б самыя простыя эканамічныя і другія рэформы? Але ж дэмакратаў па сутнасці ў выканаўчай ўладзе ў нас і не было. У нас на ўвесь Гродзенскі гарвыканкам дэмакратаў было толькі два: я і старшыня гарвыканкама Сямён Домаш.

А ў аблвыканкаме ўвогуле нікога. І ў Радзе міністраў на чале з Кебічам таксама. Так, была важная дэмакратычная апазіцыя ў парламенце, але ж яна не вырашала, бо ўсе эканамічныя рэформы робіць урад.

А вось у літоўцаў, у суседняй краіне, Альгірдас Бразаускас, першы сакратар ЦК кампартыі Літвы, робіцца першым прэзідэнтам — і краіна ідзе ў Еўропу. Чаму? Таму што аб’ядналіся вакол ідэі незалежнасці Літвы і дэмакраты, і камуністы — усе былі пралітоўскія, праеўрапейскія. І ўся Літва вырашыла, што ідзе да Еўропы — туды, адкуль яна і паходзіць.

А наша свядомасць была вытраўленая. Таму так важна сёння і нацыянальная адукацыя, і нацыянальная асвета.

Ці змаглі мы нарэшце пазбавіцца ад гэтай савецкай ментальнасці? У значнай ступені так. І пацверджанне таму — 2020 год, калі беларусы выйшлі адстойваць еўрапейскія каштоўнасці — сваё права жыць годна і самім выбіраць сваю будучыню.

Прыйшло новае пакаленне, якое бачыла свет, не сядзіць у тэлевізары, а карыстаецца Інтэрнэтам. Якое не хоча ў казармы і глядзіць у будучыню, а не ў таталітарнае мінулае.

— Вельмі падобна, што ў 1994 годзе Лукашэнка якраз і быў тым прэзідэнтам, якога заслугоўваў народ. Але ж сёння, выглядае, беларусы значна перараслі гэтую ўладу, вось толькі, падаецца, позна. Калі мы ўпусцілі свой шанец пазбавіцца ад дыктатара?

— Саветызацыя — гэта хвароба. У чалавека забіраюць частку душы і адэкватнага мыслення. Беларусаў нельга папракаць, што яны абралі Лукашэнку. Ён сапраўды быў такі ж, як і большасць  народа. Народ абірае лідара, які яму зразумелы, які адчувае, чым ён жыве.

А Лукашэнка — таленавіты папуліст, ён прыйшоў і сказаў, што будзе, як у Савецкім Саюзе, толькі яшчэ лепш, што мы і бізнес будзем развіваць, і рэформы зробім, і іншае. І людзі паверылі. Яны гэтага хацелі. Да таго ж посткамуністычная беларуская ўлада была ў поўнай разгубленасці і не рабіла рынкавых рэформ нават такіх кепскіх і бандыцкіх, як у Расіі.

А для рэалізацыі нацыянальнай ідэі на той час, канешне, беларусам не хапала ані ведаў, ані мовы, ані гісторыі — яна міма іх прайшла, бо ўсе вучылі расійскую. Ім думалася: як гэта мы без «матушки России» выжывем? Таму і абралі Лукашэнку, тое было натуральна.

Ну як мог у той час нарадзіцца рэфарматарскі народ, калі гэты народ на працягу стагоддзяў вынішчалі, вочы яму заплюшчвалі і рот закрывалі?

Нам не пашчасціла яшчэ і ў тым, што ў наменклатуры не было свядомых беларусаў, я ўжо не кажу пра людзей з еўрапейскім мысленнем, як гэта было не толькі ў Эстоніі, Літве і Латвіі, але нават ва Украіне і Грузіі.

— Ну, сёння ў наменклатуры людзі, якія ўвогуле не здатныя да ўласнага мыслення, не тое, што да самасвядомасці. Яны па гэтай прыкмеце і адбіраюцца? 

— Зараз у мінскай ўладзе яшчэ засталася частка прафесіянальных менеджараў, але адбылася негатыўная селекцыя, проста чыстка на абсалютную лаяльнасць, і шанец на тое, што можа паўстаць нейкая група, якая за незалежнасць і дэмакратыю, увогуле адсутнічае. Гэты шанец яшчэ быў пры Макеі.

Так, Макей расчараваў у 2020-м — ці яму было страшна, што могуць забіць, ці па іншых прычынах, не ведаю — але тое, што ён быў пранезалежнецкі і патрыятычны, я не сумняваюся. У мяне было з ім нямала сустрэч, доўгіх дыскусій і я ведаю, што менавіта ён быў лідарам той часткі ўладнай эліты, якая цэніць суверэнітэт і выступае за супрацоўніцтва з Еўропай, з цывілізацыяй.

— А калі мы праспалі той момант, калі можна было яшчэ скавырнуць гэтую ўладу?

— Я думаю, практычна не маглі.

— За ўсе 30 гадоў?

— Такі неабходны для постсавецкай краіны раскол унутры наменклатуры так ні разу і не адбыўся. У нас быў адзін раз шанец пазбавіцца ад дыктатуры — у 1996 годзе, калі апошні сапраўды абраны парламент сабраў неабходную колькасць подпісаў для імпічменту аўтарытарнаму прэзідэнту.

Але з Масквы наляцела цэлая дэлегацыя вялікіх маскоўскіх палітыкаў-імперцаў і абаранілі свайго пратэжэ Лукашэнку, які быў і застаўся сталіністам.

— Атрымліваецца, што гэта не народ праспаў, а людзі, якія стаялі ва ўладзе? Дарэчы, адзін з маіх суразмоўцаў, эканаміст Яраслаў Раманчук адзначаў, што наша праблема не ў людзях, а ў лідарах.  

Цытую: «Если бы в 2020-м году лидеры были другие — не было бы Лукашенко. Да что говорить: если бы в 1996-м лидеры были другие — не было бы Лукашенко, а был бы импичмент. А первая Площадь в 2006 году? Вот эти палатки ведь тоже появились вопреки тому, что говорили кандидаты в президенты. Поэтому у нас люди во многом прогрессивнее, мудрее, чем лидеры».

Гэта ў тым ліку і вам папрок як кандыдату ў прэзідэнты 2006 года.

— Мой зямляк Яраслаў Раманчук памыляецца. Намёты тады паўсталі паводле супольнага сцэнара, які наш штаб рыхтаваў разам з моладзёвымі ініцыятывамі. А ў першы дзень пратэстаў мы не далі рады разбіць намётавы гарадок, бо рыхтавалі яго ў парку Горкага, паколькі былі ўпэўнены, што нам не дадуць арганізаваць яго на Цэнтральнай плошчы.

Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы падчас выбараў 2006 года. Фота: Reuters

І справа не ў кепскіх ці добрых лідарах, а ў тым, што ў нас на прэзідэнцкіх выбарах найчасцей рэалізоўваліся некалькі сцэнароў — беларускі, крамлёўскі і ўладны.

На ўсіх, акрамя 2015 года, дзе сцэнар быў адзін.

Я гаварыў ужо пра гэта: у маскоўскіх паліттэхнолагаў быў кожны раз стандартны набор мэтаў у беларускіх прэзідэнцкіх кампаніях — дэмапазіцыю падзяліць, з Захадам РБ пасварыць, а Лукашэнку напалохаць, каб хутчэй інтэграваўся з Расіяй.

У 2006 мы рэалізоўвалі план аб’яднанай апазіцыі, а Аляксандр Казулін — сваіх маскоўскіх партнёраў (прашу не спешацца з ярлыкамі кшталту — «гэта канспіралогія», бо былы рэктар БДУ сам пра гэта з гонарам гаварыў).

У нас з ім стала адбываліся тады жорсткія дыскусіі. Ён патрабаваў, каб сысці з Плошчы і не пратэставаць, а мы сказалі: не, застаемся. Без узгаднення з нашым штабам ён недарэчна павёў пратэстоўцаў у дзень выбараў на ўскладанне кветак да помніка Перамогі, а праз тыдзень на Дзень Волі на штурм Акрэсціна.

Пасля падзей 2006 года мяне некаторыя папракалі, што я не павёў пратэстоўцаў гуляць па горадзе, бо столькі людзей сабралася — больш за 30 тысяч чалавек, і гэта не лічачы тысячаў актывістаў, якіх сілавікі спынілі на выездах з рэгіёнаў.

А я выдатна ведаў, што калі б пайшлі тады браць штурмам штосьці, была б страляніна. Мы мелі інфармацыю з сілавых структур, што на даху Палаца культуры сядзяць снайперы. А што ў той час магло стрымаць Лукашэнку ад радыкальных дзеянняў? Нічога. Адносіны ж з дэмакратычным светам былі аніякія.

Міліцыя не пускае Алксандра Мілінкевича на Кастрычніцкую плошчу правесці мітынг пасля разгрому намётавага гарадка 25 марта 2006 года. Фота: Reuters

І тады, і ў 2020 годзе гэта было вялікае шчасце, што мы не пайшлі на радыкальныя меры.

У 2010-м кожны з васьмі дэмакратычных кандыдатаў меў свой план на Плошчу, ніхто не падрыхтаваў дружыны для нейтралізацыі правакацый, схадзілі з адной плошчы на другую, «невядомыя» людзі пачалі біць шкло Дома Урада — і што атрымалі? Рэалізацыя маскоўскага сцэнару, у якім свядома ці не свядома паўдзельнічалі самыя розныя кандыдаты ў прэзідэнты.

Тады ўсе прайгралі. Беларусы аказаліся ізаляванымі ад Еўропы, апазіцыя прайграла і масава села ў турму, Лукашэнка прайграў, бо яшчэ мацней упаў у братэрскія абдымкі Крамля, Захад прайграў, бо не меў больш інструментаў уплыву на сітуацыю ў нашай краіне, таму што ўсе дыялогі былі ўжо немагчымыя. Масква менавіта гэтага і дамагалася.

Я не кажу, што нельга выкарыстоўваць збройныя ці радыкальныя метады ў змаганні з дыктатурай, бываюць моманты, калі варта і неабходна. Але заўсёды трэба памятаць, што ў нас пад бокам крыважэрная імперская Масква, гатовая ўмомант увесці войскі, калі пабачыць, што Беларусь абірае дарогу дэмакратыі і свабоды. Мы змагаемся не толькі за свабоду, але і за незалежнасць.

— Добра, у 2020 годзе не было сілавога пратэсту, але ж вынік той самы: Беларусь ізаляваная, Лукашэнку, акрамя Расіі, больш няма куды падзецца, дыялогу з Еўропай цалкам скасаваны…

— Я лічу, гэта проста вялікае шчасце, што ў 2020 годзе людзі, мільёны людзей, інтуітыўна абралі мірны сцэнар. І лідаркі, якія ўвогуле мала ведалі, што такое рэвалюцыйная барацьба, змаганне з дыктатурай, павялі сябе найлепшым чынам.

Зараз мы ганарымся, што выйшлі мільёны беларусаў. Калі б пралілася кроў у выніку штурму, ці выходзіла б так многа людзей?

Мы не выйгралі палітычна ў 2020 годзе, Лукашэнка захаваў уладу. Але і не прайгралі. Наша галоўная перамога ў тым, што тады да канца сфармавалася беларуская нацыя. Беларусы адчулі сябе народам — годным, прыгожым, салідарным, еўрапейскім, які можа за сябе пастаяць.

Польская гісторыя тут для нас можа быць прыкладам. Чаму польскія дэмакраты на чале з Лехам Валенсам, маючы за плячыма дзесяцімільённую «Салідарнасць», калі наступіў момант, селі за круглы стол з тымі, у каго рукі былі ў крыві. Яны што, так палюбілі раптам камуністаў, якія іх пераследавалі, саджалі ў турмы і нават забівалі?

Не, гэта была адказнасць. Яны ведалі, што Масква можа ўвесці танкі — танкі ўжо былі гатовыя і стаялі ў Берасці і Гародні. Але ж Ярузельскі сказаў Крамлю, што мы самі разбярэмся і сеў за круглы стол. І, канешне, наменклатура хутка прайграла, але не пралілася кроў і Масква не ўвяла войскі.

І мы кожны раз, калі выбіраем, як дзейнічаць, не маем права не гаварыць пра сцэнарыі і небяспеку Масквы. Трэба пры ацэнках заўсёды думаць, што ёй выгадна, а што не. Сёння Крэмль – гэта крывавая арда ХХІ века. Масква губляе імперыю, Украіна да яе ўжо ніколі не вернецца, таму Беларусь сёння — апошні шанец для «русского мира». Пакуль што ідзе такая паўзучая акупацыя, якой дапамагае Лукашэнка.

Але нельга працаваць на сцэнар Масквы. Вось гэтыя радыкальныя дзеянні — гэта не пытанне смеласці, самаахвярнасці, гэта пытанне, ці разумеем мы, што робім. Ці толькі проста хочам на амбразуру, як Матросаў, ці нам важна захаваць нашу краіну. Нельга дапусціць, каб пад абломкамі дыктатуры загінула Беларусь.

І я не выключаю, што, можа, яе сынам яшчэ прыйдзецца загінуць у барацьбе за радзіму — хоць і не дай Божа. Але трэба дзесяць разоў падумаць, ці спрацуе гэта, ці той сцэнар будзе наш, альбо чужы?

Ці ёсць у Беларусі шанцы застацца незалежнай краінай і калі для нас адчыніцца новае акно магчымасцяў — чытайце ў наступнай частцы інтэрв’ю, якое неўзабаве з’явіцца на нашым сайце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(11)