Міліцыянт забіў сябе пасля смерці бацькі: падрабязнасці трагедыі пад Рэчыцай

Бяда здарылася ў вёсцы Холмеч у Рэчыцкім раёне. Тут памёр немалады мужчына, а на наступны дзень знайшлі мёртвым яго сына-міліцыянта.

Івану Яфімчыку было 36 гадоў. Ён быў родам з вёскі Холмеч, але служыў у Рэчыцы, у службе аховы.

«Іван быў нармальны хлопец, універсітэт скончыў, — кажуць пра яго мясцовыя жыхары. — Працаваў спакойна, часам дзяжурыў у райвыканкаме на вахце. Каб моцна піў ці штосьці такое — ніхто не чуў».

Яфімчык нярэдка прыязджаў да бацькоў, калі меў выходныя, дапамагаў з гаспадаркай. Тым больш што апошнім часам яго бацька і маці нярэдка жылі паасобку — сястра Івана нарадзіла двайнятак, таму маці часта ездзіла да дачкі, каб дапамагчы з дзецьмі. Бацька Івана, Анатоль, застаўся сам у доме. Анатолю Яфімчыку было ўжо за 70 гадоў, ён меў сур’ёзныя праблемы са здароўем.

22 кастрычніка Анатоль Яфімчык памёр.

Тэлеграм-канал Нехта паведаміў, што нібыта Іван збіў спачатку свайго бацьку, пасля нейкага яшчэ суседа. Але ў вёсцы гэта катэгарычна абвяргаюць. Кажуць, што не было бойкі ані з бацькам, ані з суседам.

«Бацька памёр, бо даўно хварэў. Ён выпіваў вельмі моцна ў свой час. Плюс дыябет, ціск, праблемы з сэрцам… Ён са жніўня не выходзіў з хаты. Ужо ўсе чакалі, што памрэ… Але яго жонка даглядала і мужа, і ўнукаў. Нават калі заставалася ў дачкі, то знаходзіла час некалькі разоў на дзень зайсці да мужа», — кажуць суседзі.

Пасля на пахаванне бацькі прыехаў і Іван.

«Раніцай прыйшлі людзі на пахаванне і раптам крык: знайшлі Ваньку! Аказалася, што ён здзейсніў самагубства на лузе непадалёку. Чаму? А вось гэтага ніхто не ведае», — кажуць вяскоўцы.

Некаторыя з суседзяў кажуць, што смерць бацькі магла стаць апошняй кропляй.

«Ад Івана жонка сышла. Забрала дачку, пайшла замуж за іншага. Даўно ўжо гэта было, але ён вельмі моцна перажываў. Вельмі добры хлопец быў, вельмі. Можа, не вынес усяго гэтага, зараз моладзь такая…» — кажа іншая з суседак.

Анатоля Яфімчыка пахавалі 23 кастрычніка. На наступны дзень развіталіся і з яго сынам Іванам. Абодвух пахавалі на вясковых могілках у Холмечы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(3)