Улад Швядовіч, фота Волі Афіцэравай, Наша Нiва

Міліцыянт, якога звольнілі і асудзілі за падтрымку Курапатаў: «На працу не бярусь з такой характарыстыкай»

У ліпені 2017 года прапаршчык міліцыі Міхаіл Грамыка паспеў і паўдзельнічаць у акцыі пратэсту каля рэстарана ў Курапатах, і страціць працу, і пасядзець на сутках. Падрабязнасці ён расказваў у вялікім інтэрв’ю.

А цяпер ужо былы міліцыянт Грамыка распавёў, чым жыве і зарабляе сёння, чаму не можа знайсці сталую працу і як ставіцца да выказванняў міністра Шуневіча.

— З моманту вашага звальнення з міліцыі прайшло паўгода. Раскажыце, дзе цяпер працуеце?

— Не займаюся нічым. Працу не знайшоў пакуль. Бо куды не пойдзеш, то патрэбная характарыстыка. А хто мне дасць такую характарыстыку, якую трэба… Мяне ж звольнілі па артыкуле, дакладна не памятаю фармулёўку, але сутнасць такая — атрымалася, што я не выконваў умовы кантракту. Бо быў абавязаны не падтрымліваць палітычныя партыі і рухі і не выказвацца ў іх падтрымку. Я, здаецца, і не выказваўся, але ж… Ну напісалі, калі звальнялі, я прачытаў, але, падумаў, што ўсё роўна. Ды і падпісаў.

Таму цяпер з працай цяжкавата. Але я спрабую сваё хобі развіваць, займаюся скуранымі вырабамі. Стаў рамеснікам, карацей. Трошкі грошай з гэтага маю. Але даход, канечне, нестабільны. Няма такога, як раней, калі ведаў, што 20-га штомесяц заробак будзе дакладна.

А цяпер можа трохі сёння з’явіцца, а пазней — яшчэ трохі. Бывае і 500 рублёў заробіш, а бывае і 200.

— Выходзіць менш, чым зараблялі ў міліцыі? (Грамыка казаў, што падчас працы на Акрэсціна атрымліваў 800-850 рублёў на месяц — Рэд.)

— Так, усё ж менш.

— Жонка не злуецца?

— Асноўная «праблема» — дык гэта жонка! (смяецца).

Кажа, ішоў бы працаваць!.. Адказваю, маўляў, грошы ж прыношу, што табе… А куды пайду? У ахову? Дык там усе былыя міліцыянты, у тым ліку і начальнікі. Пабачаць маю характарыстыку — і ўсё. Ды і што я там зараблю, тыя самыя 500 рублёў? Я і рамеснікам іх зарабляю. Але жонка кажа: дык было б там 500 і рамеснікам яшчэ 500…

— Не вымаўляла, што дарма вы раздавалі інтэрв’ю?

— Ну было трохі… Спачатку негатыўна ставілася, але пасля глянула, што ў каментах падтрымліваюць мяне, то памякчэла.

Казала, маўляў, навошта перад інтэрв’ю нічога мне не сказаў, не папярэдзіў… Але каб я жонку папярэдзіў, дык і не было інтэрв’ю ніякага (смяецца).

— У жонкі не было праз вас праблем на працы?

— Не, усё нармальна, ніякіх праблем.

— У дачкі ва ўніверсітэце?

— Таксама не. Усё неяк ціха абышлося. Задаволіліся тым, што тады мне зладзілі паказальнае выступленне, з судом, з адсідкай на сутках.

— Вы казалі, што бацька вас асудзіў.

— Не, так няправільна казаць. Бацька мой глядзіць расійскія каналы, «Расію-24». Наглядзіцца гэтых дурняў…

А наконт майго ўчынку, то калі даведаўся, то спачатку сказаў: «Хай да мяне пасля не прыязджае!» Але гэта ён так сказаў, не разабраўшыся. Пасля даведаўся падрабязнасці, пачытаў інтэрв’ю, тое, сёе… Нармальна. Бацька ёсць бацька ўсё ж, нечужы чалавек.

— Ці сустракаеце сёння былых калегаў з міліцыі?

— Кожны дзень амаль іх бачу. У мяне ж «міліцэйскі» дом.

— І як, кажуць штосьці?

— Не асабліва. Цяпер ужо ўсё папрыціхла.

Але і раней негатыву я не бачыў. Большасць нейтральна ставілася, проста нічога не казалі. Але і былі тыя, хто выказваў падтрымку.

— Больш не ездзілі ў Курапаты?

— У Курапаты не. Але хадзіў на шэсце на Дзяды.

— І як вам?

— Без звычкі цяжка столькі хадзіць! (смяецца)

Але правільная акцыя, трэба такое рабіць, трэба хадзіць. Гэта ж ужо традыцыя наша такая.

— Пасля ўсіх падзей стаўленне вашае да міліцыі не змянілася?

— Ды не, я ж казаў, што кожны паасобку міліцыянты выдатныя людзі. А калі дурань нейкі загад аддае, то і пачынаецца… Выканальнасць у нас, у беларусаў, жа высокая.

Калі на Дзяды быў на шэсці, купіў сябе маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, прымацаваў да курткі і ўзяў налепку з Пагоняй, наляпіў пад ім на куртку, туды, дзе сэрца. Ішоў, патрульныя стаялі: лейтэнант і прапаршчык, маладыя хлопцы. І лейтэнант падыйшоў да мяне, кажа, маўляў, сцяжок, схавайце, калі ласка. Ветліва гаварыў, нармальна.

Я кажу: хлопцы, дык а што ж гэта!?

А лейтэнант са мной гаварыў такім тонам, нібыта прабачэння прасіў, кажа, загадваюць, а я што зраблю?

Я спачатку хацеў паспрачацца, а пасля думаю — ай, чаго я буду… Паклаў сцяжок у кішэню. А налепка на куртцы засталася. І прапаршчык кажа — гэта таксама здыміце! Я яму адказаў — куды, гэта ж наш дзяржаўны герб! І герб Віцебска! І пайшоў сабе ад іх. (смяецца).

— За навінамі з былога ведамства сочыце? Нядаўна Шуневіч ізноў адзначыўся выказваннямі пра «дзіравых».

— Ай, гэтая савецкая спадчына… Ёсць такі выраз: «У Расіі під***ы, а ў Еўропе - геі» (смяецца).

Канечне, так казаць не варта было, ён жа міністр. Пры такой пасадзе трэба быць больш інтэлігентным… Бо што ж ты кажаш, што гэта за «паняцці» такія? Як з зоны выйшаў. Няправільна гэта.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:15)