Общество
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА

Міліцыянеры затрымалі крыж

Затрыманы дванаццаць удзельнікаў акцыі, прысвечай ушанаванню памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Большая частка з іх — людзі сталага веку, ветэраны працы, інтэлегенцыя.

Сёння, 24 снежня, ва ўрочышчы Благоўшчына, у Трасцянцы, планавалася ўсталяваць памятны крыж расстралянаму немцамі ў 1942 годзе ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму. Аднак гэтага зрабіць не ўдалося: па дарозе ў Трасцянец машына, якая везла крыж, была спынена супрацоўнікамі правахоўных органаў. Міліцыянеры затрымалі і аўтамабіль, у якім ехалі Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Макаеў, Уладзімір Раманоўскі і фотакарэспандэнт Юрый Дзядзінкін.

На месцы гібелі вядомага грамадскага і рэлігійнага дзеяча, ва ўрочышчы Балгоўшчына, сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. Пасля таго, як моладзь разгарнула бел-чырвона-белыя сцягі, да іх тут жа падыйшлі міліцыянты і, пачаўшы штурхаць людзей, спрабавалі справакаваць бойку. Аднак канфлікт удалося прадухіліць.

Пад пільнай увагай міліцыянераў святар Леанід Акаловіч прачытаў жалобную малітву над тым месцам, дзе быў расстраляны ксёндз Гадлеўскі. Як высветлілася, на ўшанаванні памяці мусіў быць і каталіцкі святар, аднак незадоўга да таго машына з ім была спыненая супрацоўнікамі праваахоўных органаў. У выніку ксёндз так і не змог прысутнічаць на жалобным малебне.

Пасля ўскладання вянкоў і кветак людзі адразу ж пачалі раз’язджацца. Аднак па дарозе ў Мінск былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. Восем чалавек, у тым ліку айцец Леанід Акаловіч, прафесар Мікола Савіцкі, літаратар Яўген Гучок і Ніна Валькевіч, бацькі якой загінулі ў Трасцянцы, былі дастаўленыя ў Завадскі РУУС. Пасля праверкі дакументаў іх адпусцілі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)