Общество

«Міліцыянеры ў шоку, баяцца, што праслухоўвалі кожнага». Былыя сілавікі пра тое, як адрэагавалі на злівы ў МУС

Працу ў раённых аддзелах унутраных спраў пераводзяць на паперу, камунікацыю онлайн — на ліставанне звычайнай поштай. Былыя сілавікі расказалі Нашай Ніве, як іх дзейныя калегі адрэагавалі на злівы хакераў і расследаванні, што праводзіліся апошнім часам.

«Караеў нават на званкі ад сваіх знаёмых не адказваў»

«Мы неаднаразова чулі ад людзей у сістэме МУС, што яны ўсе ў шоку ад узлому базы даных. Адзін супрацоўнік, напрыклад, прамым тэкстам піша нам: «Усе ў ах*е». Шараговыя міліцыянты ўвогуле не разумеюць, як такое магчыма», — расказвае «НН» прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў.

Па яго словах, дзейныя супрацоўнікі баяцца, што праслухоўвалі кожнага і што цяпер можа стаць публічнай іхняя крытыка начальства.

«Безумоўна, у прыватных размовах усе абмяркоўваюць сваё кіраўніцтва. Крытыкуюць яго. Таму людзі баяцца, што гэтыя размовы будуць скарыстаныя супраць іх», — кажа наш суразмоўца.

Пра рэакцыю герояў апошніх зліваў пакуль невядома. Але крыніцы кажуць, што былы міністр унутраных спраў Юрый Караеў, напрыклад, пасля зліваў з запісам ягонага выступу тры дні не адказваў на званкі па тэлефоне.

«Ён нават на званкі ад сваіх знаёмых не адказваў», — гаворыць былы сілавік.

«Паказальнай рэакцыі Міністэрства ўнутраных спраў на злівы, верагодна, не будзе»

«Паказальнай рэакцыі Міністэрства ўнутраных спраў на злівы, верагодна, не будзе. У міністэрстве, хутчэй за ўсё, працягнуць рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Да нас даходзіць інфармацыя, што ёсць загад нікога не звальняць і не караць, каб паказаць супрацоўнікам, што акцыя не мела сур’ёзных наступстваў.

Хаця, я думаю, за гэта трэба кагосьці пасадзіць у турму, бо гэтыя даныя былі захаваныя абы-як, што прывяло да іх уцечкі. За гэта павінны людзі быць пакараныя», — лічыць наш суразмоўца.

У той жа час, як стала вядома былым сілавікам, КДБ завёў крымінальную справу па факце ўзлому. Па іх інфармацыі, з Дэпартамента забеспячэння дааператыўнай дзейнасці забралі ўсё сервернае абсталяванне, каб шукаць дзіркі, адкуль уцякла інфармацыя. Кажуць, што абсталяванне забіралі супрацоўнікі ААЦ.

«Складваецца ўражанне, што ў міністэрстве дагэтуль не зразумелі, як маглі здарыцца ўцечкі. Прычыну я бачу ў павальным галавацяпстве і ў тэхнічнай некампетэнтнасці», — гаворыць прадстаўнік былых сілавікоў.

«Працу пераводзяць на паперу, звычайную пошту і CD-дыскі»

Былым сілавікам на сёння вядомыя некаторыя наступствы злітых размоў і баз даных.

Яны сцвярджаюць, што, па-першае, у РАУСах цяпер недасяжны анлайн-білінг — адсочванне месцазнаходжання чалавека.

«Раней для гэтага выкарыстоўваўся банк даных «Маяк». А вось пасля ўцечкі інфармацыі гэты банк даных забралі з тэрытарыяльных РАУСаў. Пункты доступу засталіся толькі ў абласных упраўленнях.

І цяпер супрацоўнікі раённых аддзелаў вымушаныя дасылаць пісьмовыя запыты па звычайнай пошце, каб атрымаць звесткі білінгу, — гаворыць суразмоўца «НН». — Паколькі запытаў шмат, а разглядаюцца яны па чарзе, гэта ўплывае на хуткасць рэагавання на злачынствы».

Па-другое, кажуць былыя сілавікі, з РАУСаў забралі пункты доступу да праслухоўвання тэлефонных размоў, што на афіцыйнай мове называецца «аператыўна-тэхнічнымі мерапрыемствамі № 2».

«Раней проста з РАУСа супрацоўнік мог праслухоўваць, што гавораць ці гаварылі фігуранты па крымінальных справах, — тлумачыць наш суразмоўца. — Цяпер трэба спачатку пісаць запыт у Дэпартамент забеспячэння дааператыўнай дзейнасці ў Мінску ці ў ягоныя абласныя падраздзяленні.

Там патрэбныя запісы размоў запішуць на CD-дыск і вышлюць у раённы аддзел. Усё гэта ўскладняе працу і паказвае той хаос, які адбываецца ў сістэме МУС. Можа, яны думалі, што праз гэтыя кропкі ў РАУСах былі злівы? Незразумела».

«Пасля зліваў і расследаванняў дзейныя сілавікі сталі часцей звяртацца да нас»

«Пасля зліваў і расследаванняў дзейныя сілавікі сталі часцей звяртацца да нас і дасылаць унутраную інфармацыю. Часам гэта расповеды пра тое, што адбываецца ў РАУСах. А часам мы атрымліваем і службовыя дакументы. Скачок не рэзкі, але інфармацыі стала злівацца больш. І кантактаў у нас стала болей», — распавядае прадстаўнік аб’яднання экс-сілавікоў.

Яны лічаць, што дзякуючы публікацыі тэлефонных размоў да міліцыянтаў прыходзіць разуменне: міністэрства не можа абараніць сваіх супрацоўнікаў. Бо аказваецца, што цяпер можна абсалютна ўсё даведацца пра любога супрацоўніка.

«Гэта ўплывае на іх. Незадаволенасць службай, безумоўна, стала большай. Асабліва сярод шараговых супрацоўнікаў, якія не бачылі катаванняў і верылі словам ідэолагаў», — гавораць у аб’яднанні.

Былыя сілавікі дадаюць, што ў МУС працягваецца тэндэнцыя на звальненні. Яна пачалася, па іх словах, са жніўня 2020 года.

***

Нагадаем, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі да гэтага часу афіцыйна не пракаментавала злівы з аўдыёзапісамі размоў, на якіх чуюцца галасы, падобныя да галасоў дзейных супрацоўнікаў. Таксама афіцыйна не было ніякіх каментароў пра злівы хакераў з аўтаматычнай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт» і гэтак далей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(53)