Мiлiцыянеры паабяцалi быць “добразычлівымі, ветлівымі і ўважлівымі” з журналiстамi

Прадстаўнікам СМІ ў сувязі з выкананнем імі прафесійных абавязкаў не забараняецца знаходзіцца ў месцах правядзення як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных акцый, – заяўляецца ў лісце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, які атрымаў 9 красавіка БАЖ у адказ на сваё пісьмовае патрабаванне выконваць закон аб СМІ.

«Падчас аховы парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў дзеянні міліцыянтаў не звернутыя на ўшчамленне альбо парушэнне правоў журналістаў, а накіраваны на забеспячэнне бяспекі, папярэджанне і спыненне правапарушэнняў», – сцвярджаецца ў адказе за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі – начальніка ўпраўлення аховы правапарадку А. Барсукова.

Як паведамляе міліцэйскі начальнік, ўзмоцнена патрабаванне да супрацоўнікаў міліцыі быць “добразычлівымі, ветлівымі і ўважлівымі”. А “ў выпадку ўзнікнення канфліктных сітуацый паміж журналістамі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, заўсёды існуе магчымасць урэгуляваць спрэчныя пытанні з адказнай асобай органаў унутраных спраў”.

Нагадаем, напярэдадні запланаванай на 25 сакавіка масавай дэманстрацыі – Дня Волі, БАЖ накіраваў лісты міністру ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміру Навумаву і начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Анатолю Куляшову, дзе, спасылаючыся на беларускае заканадаўства аб СМІ, патрабаваў не перашкаджаць журналістам працаваць у ходзе падобных акцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)