Общество
Ігар Олін, ”Радыё Рацыя”

Міліцыя адмаўляецца ўзбуджаць справу за крадзеж маёмасці БНФ

Сталічная міліцыя адмаўляецца караць злодзеяў, што скралі трымальнік для сцягоў з будынку мінскага офісу партыі БНФ. Менавіта такі адказ Савецкі РУУС накіраваў на адрас намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча на ягоную заяву з нагоды крадзяжу.

Паводле пастановы, падпісанай начальнікам Савецкага РУУС падпалкоўнікам Бяссмертным, скрадзеная маёмасць ацэньваецца ў 100 000 беларускіх рублёў, і з-за таго, што гэтая сума не перавышае памеру 10 базавых велічыняў, крымінальная справа ўзбуджаная быць не можа.

Нагадаем, што трымальнік, які з 10 раніцы да 8 вечара штодня трымае бел-чырвона-белы і еўрапейскі сцягі, знік у ноч з 13 на 14 снежня мінулага году, акурат перад візітам ў Мінск Уладзімера Пуціна.

Як распавёў старшыня моладзевай фракцыі БНФ Алесь Каліта, "управа фронту знаходзіцца ў самым цэнтры гораду непасрэдна побач са сталічнай акадэміяй міліцыі і безумоўна наяўнасць тут незалежніцкіх сцягоў трохі бянтэжыць гарадское кіраўніцтва. Думаю трымальнік і быў сарваны з той прычыны, каб падчас свайго візіту Пуцін выпадкова гэтыя сцягі ў беларускай сталіцы і не пабачыў”.

Алесь Каліта кажа, што гэта ўжо не першы выпадак вандалізму каля управы фронту. Аднак, па ягоных словах, за гэтыя ўчынкі яшчэ ніводзін чалавек не быў пакараны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)