Политика
Ігар Карней, Радыё Свабода

Міколка Лукашэнка — газэтны антыгерой

Разьезды Аляксандра Лукашэнкі на пару з сынам Мікалаем спарадзілі цэлую сэрыю зьедлівых публікацый у прэсе і сюжэтаў на тэлебачаньні. Асабліва актыўнічаюць расейскія СМІ, імпэту якім дадалі нядаўнія візыты абодвух Лукашэнкаў адразу ў Маскву, а потым у Сочы. Таксама ў прыцэле журналістаў іншы візыт Лукашэнкі — у Армэнію. Падобна, упершыню ў палітычнай практыцы адзін прэзыдэнт прыйшоў на перамовы да іншага разам зь дзіцём.

На мінулым тыдні скандальны “Московский комсомолец” выдаў цэлы сэрыял, прысьвечаны асабістаму жыцьцю Аляксандра Лукашэнкі. Загалоўкі адпаведныя: “Лукашэнка робіць піяр на сыну”, “Бацька забраў у сына мамку”:“Лукашэнка цягаецца за спадніцамі і трымае пры сабе сына”.

“Лукашэнка не перастае зьдзіўляць сусьветную грамадзкасьць парушэньнем усіх пісаных і няпісаных правілаў дыпляматычнага этыкету, — піша аўтар газэтнага матэрыялу. — Калі прэзыдэнт Беларусі наведваў з афіцыйным візытам Ерэван, па трапе прэзыдэнцкага самалёта Бацька спускаўся разам са сваім пазашлюбным сынам і „спадкаемцам“, 5-гадовым Колем”.

У іншым артыкуле — гісторыя кар’ернага ўзьлёту і балючага падзеньня Ірыны Абельскай, Міколкавай маці, у якой, па інфармацыі журналістаў, Лукашэнка канчаткова забраў сына. Расказваецца пра новую фаварытку прэзыдэнта — сьпявачку Ірыну Дарафееву, якая зьмяніла “на троне” Абельскую.

29 сакавіка ў выніковай перадачы “Неделя” на расейскім тэлеканале “Ren TV” быў паказаны сюжэт пра Лукашэнку і ягонага сына. Падтэкст той жа — адкуль узяўся хлопчык і на якой падставе Лукашэнка ўзваліў на сябе ролю адзінокага бацькі?

Тэму Міколкі ўзьнялі папулярныя шоўмэны гумарыстычнага праекту “Прожекторперисхилтон”. Іван Ургант, Сяргей Сьветлакоў і Аляксандар Цэкала непрыкрыта кпілі з Лукашэнкаў, што выклікала цэнзуру — кавалак пра Аляксандра Рыгоравіча і Мікалая Аляксандравіча на ОНТ быў выразаны. Без купюраў імправізацыю на тэму бацькі і сына ўбачылі гледачы Першага расейскага каналу:

Ургант: “Аляксандар Лукашэнка наведаў Армэнію разам са сваім, калі не памыляюся, 5-гадовым сынам”.

Сьветлакоў: “Карацей, крызіс — эканоміць на няньцы”.

Цэкала: “Вусаты нянь…”

Сьветлакоў: “Пяцігадовы Коля стаў удзельнікам прэзыдэнцкіх перамоваў…”

Ургант: “Дзіўнае прозьвішча ў Колі — Пяцігадовы…”

Сьветлакоў : “Кожны год прозьвішча зьмяняецца… Дык вось: прэзыдэнт Беларусі наведваў з афіцыйным візытам Ерэван. Па трапе прэзыдэнцкага самалёту бацька (вось як цудоўна — нарэшце ёсьць Сын і ёсьць Бацька) спускаўся разам са сваім пазашлюбным сынам…”

Ургант: “Во зьдзівіліся афіцыйныя дзеці, якія сустракалі яго ў Ерэване: тата, а хто гэта?”

Сьветлакоў: “А той адказвае: не хачу расказваць пра тую пасяўную… Проста пазнаёмцеся: Коля, ён будзе жыць з намі”.

Ургант: “Што яшчэ дзіўна: падчас вучэньняў, якія праходзілі ў Беларусі, генэралы дакладалі не Аляксандру Лукашэнку, а маленькаму Колю. Цяпер я разумею, што 5-гадовы сын Лукашэнкі ўжо валодае пэўным уплывам. І гэта тлумачыць, чаму міністрам фінансаў Беларусі стаў Кар-Карыч”.

Кар-Карыч — адзін з пэрсанажаў расейскага мультфільму “Сьмяшарыкі”. А вось Міколка сапраўды робіцца мішэньню для кпінаў. За ігнараваньне дыпляматычнага пратаколу ўпершыню ў прыцэл тэлекамэраў малодшы сын прэзыдэнта трапіў летась, калі зьявіўся на саміце кіраўнікоў краін СНД у Бішкеку. Была паездка на Алімпіяду ў Пэкін; рукой Міколкі Лукашэнка галасаваў на парлямэнцкіх выбарах, езьдзіў па чарнобыльскіх рэгіёнах, разам Лукашэнкі выбіралі прыгажуняў.

Самым ураджайным выдаўся сакавік — аздараўленчыя паездкі на курорты Сэрбіі, Армэніі, Краснадарскага краю. Аднак апатэозам усё ж застаюцца мінулагоднія вайсковыя вучэньні, калі апрануты ў строй колеру “хакі” Міколка прымаў рапарты ад генэралаў.

“Московскій комсомолец” сьцьвярджае, што згуляць на сыну Лукашэнку параіў брытанскі піяршчык Тымаці Бэл, які за немалыя грошы ўзяўся стварыць станоўчы імідж Беларусі ў сьвеце. Нібыта Бэл давёў Лукашэнку, што сямейны чалавек выклікае ў грамадзянаў больш даверу. І калі няма жонкі, то вакантнае месца можа заняць сын. Аднак, піша выданьне, Лукашэнка, відавочна, прыняў словы занадта блізка да сэрца і пачаў цягаць Міколку ўсюды, даводзячы сытуацыю да абсурду.

А вось тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі лічыць, што ўзьлёт Міколкі — чыстая самадзейнасьць самога Лукашэнкі. Піяршчыка Бэла ў ролі рэжысэра-пастаноўшчыка спадар Мазынскі ўявіць ня можа:

-- Калі вы прэзэнтуеце спадару Бэлу такую знаходку, то я лічу, што ад яго гэта зьдзек, а не прапанова. Бо ён жа сам, прабачце, эўрапеец. І такое ўсур’ёз параіць ня можа, ён можа такім чынам толькі падставіць. Я ня ведаю нават, у якой цывілізацыі гэта ўхваляецца. З сабой сына можна ўзяць у госьці, у іншую вёску, да дзядзькі, да цёткі. І то, каб нейкім чынам дзяцей дапускалі да сур’ёзных размоваў, да дарослых — то я такога не прыгадаю ў нашай вёсцы, каб бацька пры сабе трымаў дзіця.

-- То бок хутчэй за ўсё гэта ягонае разуменьне этычных нормаў і ягоная самадзейнасьць?

-- Я думаю, што так. Бо гэта нешта не падобна да чыёйсьці рэжысуры. Бачыце, нават для расейцаў гэта дзіва, для людзей больш усходняга пляну, і то гэта выклікае такую іронію. Калі не сказаць больш. Увогуле гэта невытлумачальна, гэта нейкае ноў-хаў. Адзінае, што, можа, прызвычаімся. Бо чалавек мае здольнасьць да ўсяго прызвычайвацца.

Кіраўнік Беларусі — пэрсанаж, да чыйго вобразу часта зьвяртаецца расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч. Ён кажа, што кагосьці саромецца ці перад кімсьці камплексаваць Лукашэнка не зьбіраецца. Ягонай уладзе ў Беларусі мала што пагражае, таму правілы ён не выконвае, а дыктуе:

“Зразумела, што Лукашэнка жывым ад улады ня сыдзе, яму ўжо дзявацца няма куды. Усё ж расейская ўлада, Пуцін (Мядзьведзеў — гэта толькі прыкрыцьцё) паспрабаваў хоць бы сваю прагу да кіраваньня задэкарыраваць. Пуцін усё ж больш сыстэмны чалавек, там усё ўпіраецца ў сыстэму. І Пуцін у Расеі — функцыя, а ня сутнасьць. А ў выпадку з Лукашэнкам гэта асабістая ўлада, пэрсанальная ўлада. І так гэта ўсё застанецца”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)