Политика
Анастасія Зелянкова

Мікола Статкевіч і Лявон Баршчэўскі названыя прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі

На агульным сходзе актыву Партыі БНФ, які прайшоў у суботу, 20 чэрвеня, у Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, кандыдатам ў прэзідэнты амаль аднагалосна быў абраны Лявон Баршчэўскі. Гадзінай пазней Кангрэс еўрапейскага выбару назваў яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду кандыдата ў прэзідэнты. Ім стаў старшыня цэнтральнага аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч.

Адзначым, што вылучэнне ў якасці партыйнага кандыдата Лявона Баршчэўскага мае пакуль рэкамендацыйны характар. Канчаткова гэтае пытанне павінен зацвердзіць з’езд, які запланаваны на верасень.

Як вядома, скліканне сходу адбывалася ў досыць супярэчлівых умовах і адзначылася шэрагам скандалаў. Частка актывістаў партыі, ў тым ліку і шасцера кандыдатаў, заклікалі партыйцаў праігнараваць гэтае мерапрыемства, абвінаваціўшы старшыню Лявона Баршчэўскага ў махінацыях з мэтай самавылучэння.

Магчыма, з гэтай прычыны запланаванае перад сходам пасяджэнне Сойма партыі не адбылося з-за адсутнасці кворуму.

Тым не менш сам сход, паводле пратаколу, сабраў 220 дэлегатаў. Сярод гасцей прысутнічалі палітыкі Аляксандр Казулін, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч.

– Зараз адбываецца сістэмны крызіс ва ўсіх галінах, – выступіў перад дэлегатамі спадар Казулін. – Мы павінны кансалідавацца. За вынікамі вашага сходу сочыць уся дэмакратычная супольнасць. Калі БНФ расколецца, то пра якую еднасць дэмсіл можна казаць?!

Адбыўся і непрыемны інцыдэнт. Нехта Міхась Панкоў у сваей прамове, акрамя іншага, назваў Віктара Івашкевіча “хітрым і подлым – такім як Мілінкевіч”. Прамоўцу праз сілу вывелі пад рукі з залы.

На абмеркаванне сходу было вынесена тры пытанні: сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі, геапалітычны выбар і магчымы ўдзел партыі ў прэзідэнцкай кампаніі. Па апошнім пункце амаль адзінагалосна (супраць – 1 чалавек, устрымаліся – 7) было прынята рашэнне вылучыць ў якасці кандыдата ў прэзідэнты ад партыі сенняшняга старшыню Лявона Баршчэўскага.

– Магу паабяцаць: мяне не пераманяць, не перакупяць і не напужаюць, – запэўніў Баршчэўскі.

Пасля заканчэння сходу БНФ у той жа залі пачаўся Кангрэс еўрапейскага выбару, ініцыяваны Мікалаем Статкевічам. Дэлегаты зацвердзілі стратэгію, прапанаваную Еўрапейскай кааліцыяй, дэкларацыю і шэраг рэзалюцый адносна пытанняў праблемы мовы і прадпрымальніцтва.

Таксама на кангрэсе былі агучаны прозвішчы прэтэндэнтаў на званне кандыдата ў прэзідэнты.

Аргкамітэт Беларускай сацыял- дэмакратычнай партыі (Народная грамада) вылучыў Мікалая Статкевіча, аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода” — Сяргея Скрабца, рух “Разам” ад працэдуры вылучэння кандыдата адмовіўся. Са свайго боку Сяргей Скрабец узяў самаадвод і заклікаў дэлегатаў падтрымаць Мікалая Статкевіча.

У выніку той быў абраны большасцю галасоў (супраць выказалася 10 чалавек, яшчэ 22 – устрымаліся).

— Лукашэнка ставіць за ўладу сваю жыцце, калі не будзе такой жа стаўкі з нашага боку, нічога не атрымаецца. Я пайду да канца. Беларусь будзе вольнай, — паабяцаў Мікалай Статкевіч.

Адзначым, што гэта яшчэ не канчатковы расклад кандыдатаў ад апазіцыі. Рух “За свабоду” і палітсавет Аб’яднаных дэмакратычных сіл таксама заявілі пра свае жаданне правесці адпаведныя кангрэсы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)