Мікалай Статкевіч з няволі: «Пачынаецца тое, што на пачатку верасня 2020 года я назваў «адкладзенай перамогай»

Палітзняволены — пра рэферэндум, каранавірус і вучэнні.

Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца за кратамі больш за 20 месяцаў, у лістах да жонкі Марыны Адамовіч дзеліцца сваімі разважаннямі з нагоды актуальных тэм.

Пра канстытуцыйныя змены і незваротны працэс

Статкевіч заўважыў станоўчае ў прапанаваных зменах у Канстытуцыю: вяртанне да абмежавання ў два прэзідэнцкіх тэрміны; вяртанне да прыярытэту закона над дэкрэтам; формула для прыняцця зменаў у Канстытуцыі (болей за палову прыйшло, з іх болей за палову падтрымала змены).

«Такім чынам, усё станоўчае ў гэтым «рэферэндуме» — вяртанне да некалькіх нормаў Канстытуцыі 1994 года, — зрабіў вывад палітык. — Прасцей і лепей было б проста вярнуць тую Канстытуцыю цалкам, а потым унесці некаторыя змены парламентам. Неўзабаве так і станецца. Тым болей што новы механізм зменаў у Канстытуцыю рэферэндумам цяпер дазволіць зрабіць гэта больш проста.

Што тычыцца «трэцяй вышэйшай» палаты парламента (ВНС — С.), то не зусім згодны, што гэта для працаўладкавання адной персоны. На мой погляд, гэта — больш спроба засцерагчыся ад адказнасці за зробленае.

А калі падсумоўваць, то ўся цяперашняя кампанія — гэта пачатак сыходу. Як казаў некалі Гарбачоў — «працэс пайшоў». Так, ён суправаджаецца помстай грамадству, захаваннем надзей і нейкіх магчымасцяў не зыходзіць. Але гэты працэс ужо незваротны. Пачынаецца тое, што на пачатку верасня 2020 года ў лісце табе я назваў «адкладзенай перамогай».

Пра краіну, з якой уцякаюць урачы

«Пачуў афіцыйную лічбу заражэння каранавірусам: за дзень — болей за 7 тысяч. А што ў рэальнасці? І ўсё гэта на тле такога некамплекту ўрачоў, — піша Статкевіч. — Калі ў прэстыжным Мінску іх 800 не хапае, то можна толькі ўяўляць, што робіцца ў рэгіёнах, у райбальніцах. Толькі і застаецца, што заклікаць не панікаваць. Ды прыходзіць на «рэферэндум».

Гора краіне, з якой уцякае адукаваны клас. І ніякія судовыя рашэнні аб спагнанні грошай за навучанне не спыняць гэтыя ўцёкі. Толькі ўмацуюць людзей у рашэнні не вяртацца».

Пра газ і нафту і даходы Масквы

«Да канца дзесяцігоддзя «зялёная энергетыка» ў Еўропе стане пераважаць. Даходы Масквы ад газа і нафты зменшацца разам з яе міжнароднымі магчымасцямі. Вось таму і спрабуюць прыхапіць болей, пакуль яшчэ яны ёсць. Нам трэба ў гэта лезці?» — задаецца пытаннем палітык.

Пра расійскія войскі і страхі ўлады

«Спадзяюся, што расійскія войскі пабразгаюць зброяй, напалохаюць Захад і Украіну ды з'едуць дахаты.

Але гэта вельмі небяспечна — запрашаць на сваю тэрыторыю чужыя войскі ў колькасці, параўнальнай з колькасцю ўласнага войска, — падкрэслівае былы ваенны. — Па-сутнасці, зрабіць так — гэта зрабіцца закладнікам чужой волі. Што захочуць — зробяць, нават пытацца не будуць. Могуць вайну развязаць з нашай тэрыторыі і нас у яе ўцягнуць. Могуць на зваротным шляху заехаць у Мінск і паскорыць «працэс утварэння Саюзнай дзяржавы». Памятаем, як атручаныя расійскімі войскамі Сеймы Рэчы Паспалітай ухвалялі падзелы сваёй дзяржавы. А тут і акружаць не трэба — гэтым звышпаслухмяным «дэпутатам» толькі скажы. За ўсё прагаласуюць. І аб'явяць інкарпарацыю ў склад РФ патрыятычным актам па захаванні незалежнасці ад Захаду ўнутры Расіі.

Але ўсё гэта — страхі «калабарантаў». А ва ўлады — свая іерархія страхаў. Літаральна зараз вырашылі ўзброіць пажарнікаў ды навучыць іх разганяць «масавыя беспарадкі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(44)