Общество
Марына Загорская

Міцкевіч, які аб’ядноўвае

Адкрыццём фотавыставы “Сцежкамі Адама Міцкевіча” распачалося ў Беларусі святкаванне 210-угодкаў з дня нараджэння слыннага паэта-рамантыка ХІХ стагоддзя. Разам з беларускімі, польскімі і літоўскімі фотамайстрамі па беларускіх мясцінах, звязаных з імем Міцкевіча, некалькі дзён вандравала і карэспандэнт “Салідарнасці”.

Напрыканцы чэрвеня ў межах міжнароднага пленэру, падтрыманага Польскім інстытутам у Мінску і Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Фотамастацтва», фотамайстры пабывалі ў фальварку Завоссе, на возеры Свіцязь, у Валеўцы, Райцы, Варончы, Карчове, наведалі Туганавіцкі парк, Наваградак, Шчорсы і Карэлічы. Вынікам пленэра і стала выстава “Сцежкамі Адама Міцкевіча”, адкрыццё якой адбылося 18 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Экспазіцыя невыпадкова адкрываецца менавіта гэтым здымкам.

Карані старога дрэва ў закінутым парку ў пасёлку Першамайскі – сімвал яднання і цягі да жыцця, лічыць аўтар Сяргей Плыткевіч.

Віктар Сядых аздобіў свае работы бы старыя паштоўкі. Каб не прапусціць цікавосткі храма ў вёсцы Паланечка, гледачу давядзецца наблізіцца амаль ушчыльную.

Каб ахапіць вокам работы паляка Ежы Пёнтэка, выкананыя ў вялікім фармаце, трэба, наадварот, адыйсціся далей.

Фотапленэр ад пачатку быў эксперыментам з непрадказальным вынікам. Тэарэтычна пасля яго магла пабачыць свет і экспазіцыя пад назвай “Забытая Богам зямля Міцкевіча”.

-- Фатаграфія – мастацтва, якое здольнае на падставе адзінай фактуры адлюстроўваць адныя і тыя ж рэчы з супрацьлеглых пазіцый. Да таго ж, гэта выдатны сродак для прасоўвання ў масы тых ці іншых ідэй, -- адзначае Плыткевіч. -- Тое, што на выставе прадстаўлены добразычлівы позірк на Беларусь з боку трох краін мяне ўзрадавала.

Такой убачылі зямлю, па якой хадзіў Адам, беларускія фотамайстры Юры Васільеў, Валер Сібрыкаў і Валер Вядрэнка.

А гэта повязь часоў у выкананні літоўца Раймондаса Пуйшыса...

... і паляка Кшыштафа Макоўскага.

Амаль усе здымалі ў Навагрудскім музеі акуляры Адама Міцкевіча. Але ў Сігітаса Канцявічуса гэта атрымалася так, быццам, паэт хвіліну таму выйшаў з кабінета, паклаўшы іх на няскончаны рукапіс.

Хто сёння ходзіць сцежкамі Міцкевіча ў Беларусі? Удзельнікі пленэру аднадушныя ў выснове -- гэта людзі добразычлівыя. Наталля Ракіцкая і Рамуальдас Вайткус здымалі іх і так, і гэтак

А тым часам калегі назіралі за працэсам праз свае аб’ектывы.

Адным з вынікаў пленэру старшыня грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва» Сяргей Плыткевіч бачыць тое, што фотамайстры на справе прадэманстравалі: Адам Міцкевіч -- гэта асоба гістарычная, якая можа аб’яднаць беларусаў, літоўцаў і палякаў. Здымак, зроблены каля знакамітага Камня філарэтаў, -- яскравы доказ таму.

Выстава будзе праходзіць у Дзяржаўныма музем гісторыі беларускай літаратуры цягам месяца, а потым выправіцца ў вандроўку: Навагрудак, Гродна, Варшава, Вільнюс... Цалкам верагодна, што ў наступным годзе фотапленэр на гэтую ж тэму пройдзе ўжо ў Літве.

А 20 верасня святам на хутары Завоссе пад Баранавічамі ўрачыста распачнецца сацыяльна-культурны праект “Ёсць ў мяне зямля, край светлых мрояў…”, ініцыятарам якога напярэдадні 210-угодкаў Адама Міцкевіча выступіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)